«Чэшская казка» са смакам італьянскай піцы

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

Кожны чалавек будуе планы на лета. І ўдзельнікі ўзорнага харэаграфічнага ансамбля «Лявоначкі» таксама. Штогод калектыў са сваім кіраўніком імкнецца цікава і з карысцю закончыць чарговы навучальны год, з’ездзіць куды-небудзь на людзей паглядзець і сябе паказаць. Гэтае лета не выключэнне. З 11 па 20 ліпеня ансамбль браў удзел у Міжнародным фестывалі-конкурсе «Чэшская казка».

Конкурс уваходзіць у склад  міжнародных летніх конкурсаў на адкрытых пляцоўках. Сам конкурс праходзіў у горадзе Чэшскія Будзеёвіцы і быў закрытым. Гэта значыць, што конкурсныя нумары глядзела толькі журы, у склад якога ўваходзілі харэографы – выкладчыкі розных Пражскіх  харэаграфічных устаноў. Ніхто не бачыў, якія нумары танцавалі іншыя калектывы, і ў гэтым была нейкая інтрыга. Вынікі конкурсу адразу ніхто не абвяшчаў. Арганізатары фестывалю так прадумалі яго праграму, што за цікавымі экскурсіямі нам не было калі задумвацца пра тое, якое месца мы зоймем.

У канцы першага дня для дзяцей была арганізавана дыскатэка, на якой кожны калектыў прадстаўляў сваю краіну і свой ансамбль. Дарэчы, у гэтым фестывалі бралі ўдзел творчыя калектывы з Чэхіі, Расіі, Італіі, Славакіі. «Лявоначкі» – адзіны беларускі калектыў, які быў на гэтым фестывалі. Канешне, арганізатары былі вельмі  ўсхваляваны тым, што  ўкраінскія калектывы не змаглі прыехаць на фестываль.

Мы ўдзельнічалі ў намінацыі «Народна-сцэнічны танец. Стылізацыя»  ў дзвюх  узроставых групах: 8-12 гадоў і 12-15 гадоў. Нашы малодшыя ўдзельнікі на конкурсе прадстаўлялі два нумары: «Местачковыя скокі» і «На Каляду». А старэйшыя дзеці – «Вясковыя прыгоды» (салісты Ян Вяршына і Аляксандр Гарох) і » Восем дзяўчат – адзін я!» (саліст Ян Вяршына). Зразумела, на закрытым конкурсе цяжка было даведацца, ці спадабаліся нашы нумары журы. А вось на фестывальных канцэртах  было зразумела, што нашы танцы, нашы касцюмы і нашых дзяцей  успрымала ўдзячная чэшская публіка вельмі цёпла. Дзесьці ў глыбіні душы мы спадзяваліся на перамогу. Як было напісана на сайце фестывалю: «С задорными танцами «Лявоначек» танцевали зрители от мала до велика!» Так яно і было на самой справе!

Фестывальныя канцэрты праходзілі на плошчы Чэшскіх Будзеёвіц, на плошчы – помніку  ХVI стагоддзя горада Тшэбань, а таксама ў гістарычным цэнтры італьянскага горада Рыміні. Падвядзення вынікаў фестывалю мы чакалі з нецярпеннем. У старажытным Тшэбані праходзіў канцэрт,  пасля яго павінны былі абвясціць вынікі. Але ж так бывае ў жыцці, калі чагосьці вельмі доўга чакаеш, знойдуцца розныя абставіны, якія адцягнуць доўгачаканае. Так было і з намі. Перад двума апошнімі нумарамі, адзін з якіх танцавалі «Лявоначкі», пайшоў моцны дождж. Арганізатары аб’явілі, што канцэрт працягнецца пасля дажджу, і мы ў касцюмах, хаваючыся пад старажытнымі аркамі дамоў, чакалі, як цяпер ужо ведаем, свайго зорнага часу.

Пасля дажджу на небе была вясёлка –  добры знак! Сцэну хутка прыбралі ад дажджавой вады, і канцэрт працягваўся. Калі пачалі абвяшчаць вынікі, усе, канешне, хваляваліся,  трымалі «кулачкі» на ўдачу. І вось яно, доўгачаканае – лаўрэаты першай  ступені ва ўзроставай групе 12-15 гадоў  – узорны харэаграфічны ансамбль «Лявоначкі». Колькі радасці было ў дзяцей, бацькоў і кіраўнікоў ансамбля! Але ж яшчэ не абвешчаны вынік у малодшай узроставай групе. Вельмі хваляваліся малыя, для многіх з іх гэта была першая  сур’ёзная спроба сцэны. І вось вынік –  лаўрэаты другой ступені! Дзеці таксама былі шчаслівыя!

Падчас фестывалю было арганізавана шмат экскурсій па стражытных чэшскіх гарадах  Тшэбань, Чэшскі Крумлаў, Град Розенберг з яго цудоўным замкам. І вядома –  Прага.

Асаблівае захапленне выклікала ў дзяцей Італія. Гасцінна і велічна нас сустрэла Венецыя. Плошча Святога Марка, Палац Дожэй, насценны гадзіннік, ціхія вулачкі з мосцікамі, гандолы і гандальеры і смак сапраўднай італьянскай піцы! Гэты яскравы горад застанецца ў памяці дзяцей і ў сувенірах, якія яны набылі ў Венецыі. У гэтым горадзе ручныя галубы, яны бяруць ежу з рук турыстаў. Нашы дзеці таксама кармілі іх і на памяць зрабілі фотаздымкі. На наступны дзень нас чакаў парк атракцыёнаў у Рыміні. Цэлы дзень дзеці каталіся на розных атракцыёнах, амерыканскіх горках і шчаслівыя ўвечары купаліся ў Адрыятычным моры.

Яшчэ адзін дзень у Рыміні. Арганізатары дазволілі цэлы дзень быць на пляжы, а канцэрт быў только ў 20.00. Мора было такім цёплым і ласкавым, што немагчыма было з яго выйсці. Дзеці накупаліся, адпачылі і так станцавалі апошні канцэрт, што гледачы крычалі «Брава!»  Ноччу мы вярталіся ў Чэшскія Будзеёвіцы. Свабодны дзень, кожны захацеў прайсціся па магазінах і купіць для сваіх блізкіх падарункі. Усе ўдзельнікі ансамбля на доўгую памяць захаваюць успаміны аб гэтай вандроўцы.

Гэты навучальны год для ансамбля вельмі ўдалы. У маі мы бралі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе «Лідскае Львяня». Прывезлі пяць дыпломаў. З іх адзін дыплом атрымала кіраўнік ансамбля Людміла Несцярук – за высокае педагагагічнае майстэрства і развіццё нацыянальных традыцый музычнага мастацтва Беларусі. Дыплом першай ступені атрымаў Ян Вяршына – лепшы саліст фестывалю, дыплом першай ступені  ў  намінацыі «Эстрадны танец» – малодшая група і дыплом другой  ступені за нумар «Дзеці Хатыні» ў намінацыі «Эстрадны танец» – старэйшая група. Вось які багаты ўраджай  сабраў ансамбль на гэтым фестывалі!

У рэпертуары ансамбля ёсць нумары – «Дзеці Хатыні» і «Сіняя хусцінка»,  прысвечаныя памяці аб вайне. Менавіта з імі  ансамбль прымаў удзел у абласным свяце ў горадзе Маладзечна. На фестывалі танца «Бусляняткі» мы атрымалі гран-пры, а саліст Ян Вяршына – прыз «Птушка танца», лепшай балетмайстарскай работай прызнана пастаноўка «Восем дзяўчат – адзін я».

І яшчэ адзін факт творчай біяграфіі калектыву. У гэтым годзе мы прымалі ўдзел у святочным канцэрце, прысвечаным 70-годдзю вызвалення Беларусі і Дню Незалежнасці, які праходзіў у Палацы Рэспублікі Мінска. Гонар перапаўняе сэрца за нашых маленькіх, але ўдаленькіх стаўбчан. І хоць горад наш невялікі, але можна смела сказаць, што пра яго даведваюцца людзі дзякуючы і ўзорнаму харэаграфічнаму ансамблю «Лявоначкі». Асобная падзяка бацькам, якія падтрымліваюць фінансава і маральна сваіх дзяцей. А таксама кіраўніку ансамбля –  Людміле Пятроўне Несцярук, за творчы падыход,  любоў да прафесіі і  імкненне зрабіць усё для таго, каб нашы «Лявоначкі» былі на вышыні і заўсёды радавалі гледача сваімі нумарамі.                            

 Ала ЯРМАК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *