Паберагчы сябе

Кантроль, бяспека Нумары

З РАЗУМНАЙ ХУТКАСЦЮ

“Выбірай бяспечную хуткасць” – такой была тэма правядзення адзінага дня бяспекі дарожнага руху.

З пачатку года на аўтадарогах Стаўбцоўскага раёна зарэгістравана 9 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 11 чалавек атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці. 5 ДТЗ учынены па прычыне перавышэння хуткасці руху. За 6 месяцаў бягучага года па ўказанай прычыне ў Мінскай вобласці адбылося 76 ДТЗ, у якіх 15 чалавек загінулі і 94 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.

Так, 22 чэрвеня г. г. каля 19 гадзін вадзіцель, які кіраваў аўтамашынай “ВАЗ-2111”, на 65-м кіламетры дарогі Пяршай – Івянец – Нясвіж, паблізу вёскі Тулёнка, няправільна выбраў бяспечную хуткасць руху. У выніку на закругленні дарогі не справіўся з кіраваннем, дапусціў занос аўтамабіля, які перавярнуўся. Двум пасажырам нанесены цялесныя пашкоджанні.

Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць кантроль выканання патрабаванняў Правілаў дарожнага руху адносна хуткасці. З гэтай мэтай выкарыстоўваюцца прыборы “Арэна” і “Візір”.

Дзяржаўтаінспекцыя папярэджвае: да парушальнікаў-ліхачоў будуць прымяняцца самыя строгія меры адміністрацыйнага спагнання. Згодна з арт. 18.13 КО АП Рэспублікі Беларусь за перавышэнне хуткасці ад 10 да 20 км/гадз. штраф складзе адну базавую велічыню, ад 20 да 30 км/гадз. – ад адной да трох базавых велічынь, 30 і больш км – ад трох да дзесяці базавых велічынь. За паўторнае на працягу года парушэнне данага характару прымяняецца максімальнае адміністрацыйнае ўздзеянне – штраф ад пяці да пятнаццаці базавых велічынь або пазбаўленне вадзіцельскіх правоў да аднаго года.

ДАІ Стаўбцоўскага РАУС

 

ВАЖНЕЙШЫЯ ЎМОВЫ ХАРЧАВАННЯ

Харчаванне чалавека павінна быць не толькі паўнацэнным і збалансаваным па наборы жыццёва неабходных рэчываў – бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, мікраэлементаў і вітамінаў, рэгулярным, разнастайным, але і, зразумела, бяспечным.

ДУ “Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” ажыццяўляе пастаянны кантроль за работай усіх аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання. За першае паўгоддзе 2014 года правераны 144 аб’екты, санітарна-тэхнічны стан якіх у цэлым палепшыўся. Аднак пакідае жадаць лепшага адказнасць службовых асоб і выканаўцаў.

Мае месца рэалізацыя харчовых прадуктаў з тэрмінам годнасці, які мінуў. Гэтае парушэнне выяўлена на 9 правераных аб’ектах. Агульная вага забракаваных прадуктаў склала 85 кілаграмаў. На шасці гандлёвых аб’ектах рэалізоўвалі прадукцыю без дакументаў, што пацвярджалі б яе якасць і бяспеку, ці з адсутнасцю маркіровачных ярлыкоў, у т. л. і на мясныя вырабы. Агульная вага забракаванай прадукцыі склала 65,7 кілаграма.

Нездавальняючае ўтрыманне памяшканняў, абсталявання выяўлена на шасці аб’ектах, прылеглай тэрыторыі – на дзевяці. У чатырох работнікаў зафіксавана нясвоечасовае праходжанне медыцынскага агляду ці гігіенічнага навучання.

З устанаўленнем гарачага надвор’я павышаецца рызыка захворванняў на вострыя кішэчныя інфекцыі, у сувязі з чым кантроль за прадпрыемствамі гандлю і грамадскага харчавання будзе ўзмоцнены. У выпадку выяўлення фактаў парушэння заканадаўства, асабліва пры рэалізацыі прадуктаў з тэрмінам годнасці, які сышоў, парушэннем тэмпературнага рэжыму, умоў захоўвання будуць прымацца самыя жорсткія меры, прадастаўленыя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Нагадваем, што за рэалізацыю ці прапанову для рэалізацыі тавараў з тэрмінам годнасці, які сышоў, прадугледжана накладанне штрафу на індывідуальнага прадпрымальніка ці юрыдычную асобу ў памеры ад 30 да 500 базавых велічынь.

Паважаныя пакупнікі! З мэтай папярэджання харчовых атручэнняў, вострых кішэчных інфекцый не набывайце і не ўжывайце прадукты з тэрмінам годнасці, які сышоў. Пры пакупцы звяртайце ўвагу на якасць прадуктаў, інфармацыю на ўпакоўцы і ўмовы захоўвання, асабліва тэмпературны рэжым.

Кацярына ДАМАНЕЎСКАЯ, урач-гігіеніст

 

АДПАЧЫНАК ЛЯ ВАДЫ

У разгар лета вядомае імкненне большасці насельніцтва правесці час адпачынку ля вадаёмаў. Але такі адпачынак  падаруе радасць зносін з прыродай  і добрае самаадчуванне толькі таму, хто выконвае пэўныя правілы купання ў адкрытых вадаёмах. Нагадаю асноўныя з іх. Нельга купацца ў незнаёмых, не абсталяваных дзеля гэтага месцах. Не заплывайце за межы пляжа. Заходзіць у ваду можна толькі праз паўтары-дзве гадзіны пасля прыёму ежы. Не перагравайцеся на сонцы перад купаннем. Не давайце вадзе трапляць у рот, не глытайце яе. Перад ядой мыйце гародніну і садавіну. Не кідайце ў ваду шклянкі, шкло і іншыя  прадметы, якія стануць небяспечнымі для тых, хто купаецца. Не пакідайце дзяцей без нагляду і ўвагі!

Прытрымлівайцеся гігіены. Рэкамендуецца выкарыстоўваць для піцця ваду ў бутэльках. Важна прытрымлівацца нормы спажывання вады, у спякоту піце 2-2,5 літра ў дзень. Гэта будзе садзейнічаць падтрыманню водна-салявога балансу ў арганізме і палепшыць стан скуры. Загараць можна толькі ў адведзеныя гадзіны (раніцаю да 11 гадзін, у другой палове дня – пасля 16 гадзін). Гэта выратуе вас ад павышанай сонечнай радыяцыі і знізіць верагоднасць атрымання апёкаў. Выконваючы гэтыя простыя рэкамендацыі, можна захаваць сваё здароўе і здароўе сваіх дзяцей.

Раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі кожны тыдзень ажыццяўляецца маніторынг зацверджаных зон адпачынку. Адабрана 104 пробы вады для санітарна-хімічнага даследавання і 112 проб – для мікрабіялагічнага. Усе яны адпавядаюць гігіенічным нарматывам. Прыпыненне або забарону купання РЦГіЭ не выносіў.

Наталля РЫК, урач-гігіеніст ДУ “Стаўбцоўскі РЦГіЭ”



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *