Наша мэта: жыць і працаваць для чалавека

Важное Соцыум

2020 год для ДУ «Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў» стаў багатым на перамогі. Ва усіх конкурсах, у якіх брала ўдзел установа, яна выйшла пераможцам: у абласным аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні, азеляненні і санітарным утрыманні тэрыторыі, абласным конкурсе «Свет міласэрнасці», у рэспубліканскім конкурсе на лепшую работу па абслугоўванні і забеспячэнні здаровых і бяспечных умоў пражывання грамадзян. Узнагароджаны дыпломам удзельніка фестывалю мастацкай самадзейнасці «Помніць сэрца, не забудзе ніколі», прысвечанага святкаванню 75-й гадавіны Вялікай Перамогі, а матацыклісты Н. О. G. СНД у гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі падарылі дому-інтэрнату сертыфікат на набыццё трэнажорнага комплексу для падтрымання здароўя вэтэранаў, пажылых грамадзян і інвалідаў. Дырэктар «Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў» Валянціна Атрушкевіч узнагароджана ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у работу па сацыяльнай абароне грамадзян ва ўмовах неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі.

Як бачым, дзейнасць установы накіравана на арганізацыю жыццядзейнасці грамадзян. Аказваючы гэтыя паслугі на якасным узроўні, дом-інтэрнат займае лідзіруючыя пазіцыі ў Мінскай вобласці. Укараняюцца інавацыйныя формы і метады сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі грамадзян пажылога ўзросту.

– Валянціна Міхайлаўна, раскажыце, калі ласка, аб дзейнасці сацыяльнай установы.

– Наша ўстанова дзейнічае з 1979 года. Сёння ў доме-інтэрнаце пражываюць 236 чалавек, з іх 3 – былыя вязні, 95 ветэранаў працы. Сярэдні ўзрост пражываючых складае 77 гадоў, працягласць жыцця – 85 гадоў. Абслугоўваннем грамадзян займаюцца 110 супрацоўнікаў.

У працэсе дзейнасці ўстановы арганізавана восем профільных лячэбна-працоўных майстэрняў, сем клубных аб’яднанняў па інтарэсах. Функцыянуе выставачная зала «Брэндавая прадукцыя года», працуе комплексна-прыёмны пункт «Лоскуток» па аказанні дызайнерскіх і швейных паслуг, мадэліраванні і канструяванні. Абсталяваны салоны для аказання цырульніцкіх і сацыяльна-бытавых паслуг. Ва ўстанове ёсць медыцынскае аддзяленне з сучасным абсталяваннем. Працуюць кабінеты масажа, фізія- і фітатэрапіі, рэлаксацыі, лячэбнай фізкультуры, трэнажорная зала. Працуе рэсурсны цэнтр «Сацыяльна-псіхалагічная рэабілітацыя».

– Напэўна, вы цесна супрацоўнічаеце з грамадскімі арганізацыямі і сумесна рэалізуеце праекты па сацыяльным абслугоўванні?

– Так, пры падтрымцы ГА «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа» рэалізуецца сацыяльна-дабрачынны праект «Імгненне надзеі», сумесна з дабрачынным рухам храма іконы Божай Маці «Усецарыца» ў рамках праекта «Дарога міласэрнасці ў дапамогу аб’ектам сацабслугоўвання Беларусі» арганізуецца дзейнасць па інтэграцыі асоб з інваліднасцю ў сацыяльна-культурнае асяроддзе. Арганізавана работа па інавацыйным праекце «Крыніца жыцця» з метадычным суправаджэннем ДУА «Рэспубліканскі інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў».

– Валянціна Міхайлаўна, у інтэрнаце пражываюць людзі пажылога ўзросту. Многія з іх веруючыя. Ці праводзяцца ва ўстанове мерапрыемствы духоўнай тэматыкі?

– Прадукцыйна рэалізуюцца мерапрыемствы адукацыйна-асветніцкай праграмы «Духоўнае адраджэнне». Узаемадзейнічаем з Беларускай праваслаўнай царквой прыхода храма Св. Мікалая Цудатворцы ў в. Мікалаеўшчына, праводзім духоўныя святы, набажэнствы, малебны. Функцыянуе «Нядзельная школа сацыяльнага служэння», якую наведваюць 18 чалавек. Сфарміравана «Школа актыўнага даўгалецця», музычная студыя «Арыенцір» і хор ветэранаў. Мы арганізуем наведванне храмаў, паломніцкія туры і экскурсіі па святых месцах Беларусі, праводзім лекцыі, фестывалі. Прымаем удзел у рэспубліканскім конкурсе «Свет міласэрнасці».

Для былых вязняў, ветэранаў вайны і працы адкрыты валанцёрскі цэнтр «Добрае сэрца». Для тых, хто аказаўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, дзейнічае «Салон міласэрнасці». Для ўсіх жадаючых працуе студыя мастацтва і музычнай творчасці «Залаты россып рук». Створаны ўсе ўмовы для таго, каб маглі з карысцю і задавальненнем праводзіць свой вольны час.

– Тэрыторыя дома-інтэрната добраўпарадкавана, усюды чысціня, парадак. Хто дапамагае азеляняць, наводзіць парадак, ствараць прыгажосць вакол карпусоў?

– Усім калектывам удзяляем увагу эстэтычнаму афармленню і добраўпарадкаванню тэрыторыі, на якой размешчаны архітэктурныя формы, кампазіцыі. Добраўпарадкавана алея памяці аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны. Устаноўлены знак, на якім адлюстраваны год утварэння ўстановы. Абсталяваны гістарычны комплекс да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Па выніках агляду-конкурсу сярод дамоў-інтэрнатаў для састарэлых і інвалідаў на лепшую работу па добраўпарадкаванні тэрыторыі наша ўстанова прызнана пераможцай.

– Паважаная Валянціна Міхайлаўна, Вы і Ваш калектыў робіце ўсё магчымае для таго, каб жыльцы дома-інтэрната сапраўды адчувалі сябе як дома. Які ўсё ж такі прынцып вашай работы?

– Скажу коратка: асноўны прынцып работы нашага калектыву – зрабіць камфортным жыццё кожнага, хто аказаўся ў няпростай сітуацыі.

Адзін з нашых жыльцоў сказаў, што рады, задаволены сваім пражываннем у Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце, і ён спакойны за сваю старасць. У гэтых словах заключаецца ацэнка нашай работы.

Плённая праца калектыву ДУ «Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў» была адзначана Прэзідэнтам краіны А. Р. Лукашэнка падчас наведвання сацыяльнай установы.

Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *