Зацікавіла судовая медыцына

Главное Медыцына

Сямейная пара, Антон Тарасенка і Кацярына Сладкова, з’яўляюцца дыпламаванымі спецыялістамі ў прафілактычнай медыцыне, але адразу пасля медуніверсітэта выбралі судовую медыцыну.

На працягу года займаліся ў ДУА «Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь». Накіраванне атрымалі ў Стаўбцоўскі міжраённы аддзел, і ў жніўні бягучага года прыступілі да працы. Першыя два месяцы былі ў якасці экспертаў-стажораў. Нядаўна Антон і Кацярына здалі кваліфікацыйны экзамен, з чым іх можна павіншаваць.

– Настрой добры. Работа цікавая тым, што ніводная экспертыза не паўтараецца і патрабуе пошуку рашэнняў. У гэтым нам дапамагаюць вопытныя калегі – начальнік аддзела Яўгеній Трэйсцер і начальнік сектара Дзіяна Герман. Падтрымку адчуваем і ад сярэдняга медперсаналу, – гавораць маладыя спецыялісты.

Антон і Кацярына – мінчане, таму, калі ехалі ў Стоўбцы, ім прыйшлося ўладкоўваць свой побыт. Не адразу знайшлі добраўпарадкаваную кватэру недалёка ад месца працы. «Дзяржаўным медыцынскім судовым экспертам плануюць выдзяляць арэнднае жыллё, таму ў перспектыве спадзяёмся на арэндную кватэру, – заўважае Антон, – а ўвогуле хочацца вырасці ў прафесіяналаў і з часам займець уласнае жыллё».

«Вечныя студэнты» – жартуюць пра сябе Антон і Кацярына, перыяд вучобы якіх не спыняецца апошнія восем гадоў. Дарэчы, гэта вымусіла іх перажыць за апошні час не адзін пераезд. Аднак, не зважаючы на побытавую неўладкаванасць, маладыя людзі не губляюць аптымізму. Яны ацэньваюць усё з пункту гледжання рэальнасці, вылучаюцца вясёлым характарам, камунікабельнасцю.

Падчас вучобы ў медуніверсітэце Антон і Кацярына выступалі ў агітбрыгадзе, танцавалі ў харэаграфічным калектыве. «Кацярына ўдзельнічала ва ўніверсітэцкіх флэшмобах, ездзіла на спаборніцтвы па баскетболе і валейболе», – дадае Антон пра жонку. Яны былі аднагрупнікамі, пасля чацвёртага курса пажаніліся.

Выбар судовай медыцыны яны зрабілі асэнсавана. Высветлілі, што гэта цікавы напрамак, дзе адкрылі для сябе шмат новага. Абмеркаванні рабочых пытанняў працягваюцца і дома. Асаблівасць у тым, што дзяжурствы экспертаў выпадаюць таксама на святочныя і выхадныя дні. «Адно аднаго падтрымліваем і можам пракансультаваць па любым пытанні. Прывыклі разам вучыцца, таму і працаваць нам разам лёгка», – прызнаюцца мае суразмоўнікі.

Тое, што яны маюць адукацыю ў галіне прафілактычнай медыцыны, ім істотна дапамагае, асабліва ў перыяд COVID-19. «Дзякуючы пройдзенаму курсу інфекцыйных захворванняў умеем адрозніць пнеўманію вірусную ад бактэрыяльнай. А яшчэ добра знаёмыя з нарматыўнай дакументацыяй, што таксама важна ў судовай медыцыне. Адказнасць на нас ускладзена вялікая – за кожнае дзеянне, слова», – разважае Антон.

Каб зняць напружанне пасля працоўнага дня, Антон і Кацярына наведваюць у Стоўбцах басейн, катаюцца на веласіпедах. У іх па-ранейшаму шырокае кола зносін. У Мінск ездзяць да бацькоў. Сярод радні, дарэчы, ніхто не быў медыкам ці, тым больш, судовым экспертам.

На даным этапе свайго жыцця маладыя людзі ў вольны час аддаюць перавагу настольным інтэлектуальным гульням. Не забываюць і пра валейбол. Асабліва прыемна ім бавіць час з мячом на Браслаўскіх азёрах, куды летам ездзяць з сяброўскай кампаніяй на адпачынак.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *