«Вучымся жыць з маскай». Пагутарылі з галоўным санітарным урачом раёна аб эпідэміялагічным становішчы

Главное Медыцына

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Статыстыка заражэння каранавіруснай інфекцыяй штодзённа расце ва ўсім свеце. Не выключэнне і Беларусь, дзе, згодна з апошнімі данымі, колькасць інфіцыраваных за суткі набліжаецца да тысячы чалавек.

Хто знаходзіцца ў зоне рызыкі і чаму яе ўзровень кожны з нас ацэньвае самастойна, расказвае галоўны ўрач ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Аляксей Бондараў.

– У асенні перыяд маштабы захваральнасці на COVID-19, як і на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі, што маюць аднолькавы механізм распаўсюджвання, прадказальныя. Цяпер пад’ём больш пакаты, без усплёску. Прафілактычныя і супрацьэпідэмічныя меры даюць эфект, ды і мы ўдасканальваем практыку работы з новай інфекцыяй, – заўважае Аляксей Бондараў.

– Аляксей Віктаравіч, у чым асаблівасці гэтай працы? Як удаецца пры росце інфіцыраваных захаваць працаздольнасць калектываў прадпрыемстваў і арганізацый?

– Гэта шматкампанентная работа. Важны момант – правядзенне дэзынфекцыі ў месцах масавага знаходжання людзей. На прадпрыемствах – уборка памяшканняў з прымяненнем сродкаў дэзынфекцыі, максімальна магчымы перавод работнікаў на аддалены рэжым работы і раздрабненне іх на так званыя працоўныя ячэйкі, тэрмаметрыя і г. д. Ключавая супрацьэпідэмічная мера – выкарыстанне масак. Пры іх нашэнні кола тых, хто можа заразіцца, звужаецца да мінімуму. Гэтыя і іншыя мерапрыемствы прапісаны ў спецыяльных планах, якія рэалізуюцца на прадпрыемствах раёна.

– Якая сітуацыя ва ўстановах адукацыі?

– Сітуацыя ў школах не выклікае трывогі. Лічу, гэта вынік планамернай работы, якую мы вядзём са жніўня. Ключавыя фактары эпідэміялагічнай бяспекі – выкарыстанне масак, дэзынфекцыя, уваходныя фільтры, што дапамагае разрываць ланцужкі перадачы інфекцыі.

– У адносінах да масак гучыць нямала супярэчлівай інфармацыі.

– На гэтую тэму можна спрачацца, але любая маска (нават у адзін слой тканіны) затрымлівае аэразольныя часціцы COVID-19 і істотна зніжае рызыку заражэння. Вялікая роля належыць правільнаму выкарыстанню маскі. Гэтыя навыкі неабходна адпрацоўваць у сябе да аўтаматызму.

Прынцыповым момантам з’яўляецца тое, што заражэнне выклікае не адна выпадковая часціца віруса, а яго пэўная інфіцыруючая доза, здольная разбурыць у арганізме натуральныя ахоўныя бар’еры і выклікаць захворванне.

Разам з выкарыстаннем маскі магчыма і выкарыстанне пальчатак, антысептыкаў. Усё гэта ёсць у наяўнасці ў гандлёвай сетцы. Нельга забываць пра элементарныя меры, як, да прыкладу, мыццё рук з мылам, што з’яўляецца эфектыўным сродкам у зніжэнні інфіцыруючай дозы віруса. Рэкамендую праводзіць уборку ў дамашніх умовах з прымяненнем прэпаратаў для дэзынфекцыі– яны без паху, валодаюць мыйным эфектам, эканамічныя.

– Усё зразумела, але чаму многія, ведучы сацыяльна актыўны лад жыцця, не выконваюць рэкамендацыі па выкарыстанні маскі? Недаацэньваюць рызыку?

– Мяркую, што ёсць псіхалагічны, таксама фізічны дыскамфорт, таму што маска абцяжарвае дыханне. Але неабходна ацэньваць узровень рызыкі заражэння і вучыцца жыць з маскай, пакуль няма вакцыны, выпрацаваць у сябе адпаведныя звычкі. Іншых варыянтаў няма.

Таму падбірайце зручную для сябе маску, выкарыстоўвайце яе, асабліва ў людных месцах, каб самім быць у  бяспецы і гарантаваць бяспеку тым, хто вас акружае. Не магу не адрасаваць яшчэ адзін пасыл: «Пашкадуйце медыкаў!» На іх кладзецца неймаверная нагрузка, і, паверце, прасцей карыстацца маскай, чым працаваць у супрацьчумным касцюме і рэспіратары.

– COVID-19 параўноўваюць з грыпам, але хуткасць іх распаўсюджвання – непараўнальная.

– У тым і праблема, што COVID-19 нясе высокую эпідэміялагічную небяспеку. Інкубацыйны перыяд у новай інфекцыі больш працяглы, чым у грыпу, і сімптомы не такія відавочныя, у выніку чаго інфіцыраваны ходзіць на працу ці вучобу, а не знаходзіцца на пасцельным рэжыме, як пры грыпе, і працягвае заражаць іншых.

– Што можна параіць, каб не захварэць?

– Паўнацэннае харчаванне, рухальная актыўнасць, максімальнае знаходжанне на свежым паветры і добры настрой – правераныя фактары ўмацавання імунітэту і здаровага ладу жыцця.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *