Якую кнiгу Коласа браў у космас Пётр Клiмук, куды на равэрку ехаў Янка Маўр i пешшу iшоў Янка Купала

Важное Год малой родины

Радзімазнаўства. Адрасы пісьменства. Сумесны праект газеты «Звязда» i Мiнскага аблвыканкама.

Трылогiя Года малой радзiмы i сёлетняя пандэмiя зрабiлi так, што нарэшце (!) беларусы сталi цiкавiцца Беларуссю. Адкрылi для сябе гэту «Зямлю Нязнаемую», выбраўшыся з сям’ёй цi з сябрамi, на аўто цi на роварах у блiзкiя i не вельмi вандроўкi ў межах роднай краiны. Здзiвiлiся, уразiлiся, захапiлiся, знайшлi нагоду ганарыцца — прыгажосцю i разнастайнасцю прыроды, сцiплай велiччу архiтэктуры, смакам прыгатаваных па спрадвечных рэцэптах страў, гасцiннасцю i прыязнасцю гаспадароў малых i вялiкiх сядзiб… Здаволiлiся, уздыхнулi з палёгкай, паставiлi сабе «плюсiк» у бiяграфiю: маўляў, i я ўжо тут не чужы, шмат дзе быў, шмат пра што ведаю, i па прадмеце «радзiмазнаўства» калi не «дзясятку», дык «сямёрку» ўжо зарабiў дакладна…

Але тая вялiкая вандроўка, да якой з сённяшняга дня прапануе падключыцца вам «Звязда», наўрад цi была нанесена на вашай карце падарожжаў па Беларусi. А значыць — зноў будзе шмат новага, цiкавага, дагэтуль невядомага (калi шчыра, самi ў прадчуваннi). Мы вырашылi праехаць па лiтаратурных адрасах цэнтральнага рэгiёна нашай Радзiмы — мясцiнах, звязаных з iмёнамi нашых славутых пiсьменнiкаў i асветнiкаў, — не толькi з iх бiяграфiяй, але i з творамi.

Мы завiтаем у кожны з раёнаў Мiншчыны i не сумняваемся, што ў кожным знойдзем нямала такiх адрасоў. Чарговы Дзень беларускага пiсьменства будзе праводзiцца ў вераснi наступнага года ў Капылi, там мяркуем у канцы лета i скончыць наша падарожжа. З чаго пачынаць — таксама вырашыць было нескладана. Менавiта Мiншчына — калыска нашых самых славутых песняроў — Коласа i Купалы. А якраз сёння — дзень нараджэння Канстанцiна Мiхайлавiча Мiцкевiча. Таму i першая публiкацыя наша адтуль — з Коласавай радзiмы, са Стаўбцоўскага раёна. Хоць, як дазналiся, i каранi Купалы таксама тут, на прынёманскай зямлi. А колькi яшчэ вядомых лiтаратурных iмёнаў з ёй звязана…

Значыць, у добры шлях!


«Дзе льецца Нёман срэбраводны…»

Акінчыцы.

Акінчыцы.

Якую кнiгу Коласа браў у космас Пётр Клiмук, куды на равэрку ехаў Янка Маўр i пешшу iшоў Янка Купала, i як Павел Шпiлеўскi паблытаў Стары i Новы Свержань.

Аднойчы нехта не паленаваўся i падлiчыў: на Стаўбцоўшчыне нарадзiлася больш пiсьменнiкаў, чым у якiм-кольвек iншым рэгiёне Беларусi. Статыстыкi, якая б гэта бясспрэчна даводзiла, знайсцi, на жаль, не ўдалося, але мясцовыя перакананыя, што факт дакладны. Праехаўшы па наваколлi, даведаўшыся падрабязнасцi, пачынаеш разумець, што, напэўна, так яно i ёсць. Вось, напрыклад, якая яшчэ вясковая школа ў краiне можа пахвалiцца, што да лiтаратуры прычынiлiся больш за трыццаць яе выпускнiкоў? А недалёка ад Стоўбцаў такая школа ёсць. I будавалi яе па замове Якуба Коласа, i носiць яна яго iмя, прычым здаўна, калi пiсьменнiк яшчэ быў жывы… Карацей, здаецца, калi Пiмен Панчанка пiсаў: «Ёсць яшчэ адзiн куточак запаветны, // Дзе растуць, нiбы грыбы, здаўна паэты», ён, канешне, меў на ўвазе ўсю Беларусь, а ўяўляў канкрэтна вось гэты прынёманскi край.

Акінчыцы.

Акінчыцы.

«Новая зямля» як турыстычны буклет

Канешне, першымi пунктамi прызначэння ў лiтаратурнай вандроўцы па Стаўбцоўскай зямлi будуць Коласаўскiя мясцiны. Тут паэта нарадзiўся, вырас, пераязджаў з бацькамi па наваколлi з адной леснiчоўкi ў другую. Усё наваколле апiсана ў «Новай зямлi», тут вам раскажуць, што Парэчча ў паэме — гэта Альбуць, i дэкламуючы: «Цякла тут з лесу невялiчка травой заросшая крынiчка», пакажуць амаль перасохлую ручаiнку перад уваходам на леснiкову сядзiбу з каментарыем: «Тая самая крынiчка!»

Васіліне Міцкевіч лёсіла быць праўнучкай двух класікаў – Якуба Коласа і Янкі Маўра.

Васіліне Міцкевіч лёсіла быць праўнучкай двух класікаў – Якуба Коласа і Янкі Маўра.

У Акiнчыцах, там, дзе нарадзiўся паэт, яшчэ некалькi гадоў назад можна было застаць дзядзьку Юрку, Юрыя Мiхайлавiча Мiцкевiча, якi стаў бадай што такой жа славутасцю гэтых мясцiн, як i яго блiзкi сваяк (Колас даводзiўся старэйшым братам яго дзеду Юзiку). Нiхто так, як ён, не чытаў на памяць «Новую зямлю», нiхто так, з такiм iскрыстым гумарам не цытаваў верш пра «доктара Бобрыка». Дзе б дзядзька Юрка нi пачынаў распавядаць пра Коласа — каля яго заўсёды збiралiся зацiкаўленыя слухачы. А ён з цёплымi iскрынкамi ў вачах, не ленаваўся зноў (каторы ўжо раз!) расказваць i пра сваю першую сустрэчу са сталiчным родзiчам (чатырохгадовы, прачытаў Коласу верш пра пярэсценькага катка, за што атрымаў ад паэта дзвесце рублёў — цэлае багацце для пасляваеннага часу). I пра тое, як Колас прыязджаў на радзiму апошнi раз за некалькi месяцаў да смерцi. Паэту тады вельмi балелi рукi, i хтось параiў, што вылечыць iх можна, прыкладаючы граззю з родных мясцiн. Ён прыехаў на машыне, на разлезлай дарозе аўто забуксавала, i цягнуць славутага земляка сабралася ўсё наваколле, i атрымалася так, што ў свой апошнi прыезд пабачыў Колас на радзiме амаль усiх блiзкiх i знаёмых людзей… З хваляваннем паказваў дзядзька Юрка малады дубок каля сядзiбы ў Акiнчыцах — яго выгадавалi з жолуда дуба Тараса Шаўчэнкi, але ж нехта пастаянна ламаў дрэўца, якое з усiх сваiх кволых сiл трымалася за жыццё…

Разец дзядзькі Антося і выразаная ім з вішні лыжка.

Разец дзядзькі Антося і выразаная ім з вішні лыжка.

Няма ўжо на зямлi Юрыя Мiхайлавiча, але ў музейнай сядзiбе i сёння гаспадараць сваякi Паэта, таксама Мiцкевiчы — мы якраз заспелi на ёй i жонку дзядзькi Юркi Соф’ю Пятроўну, i праўнучку Якуба Коласа i Янкi Маўра Васiлiну. Пераканаўшыся, што самы каштоўны (бо аўтэнтычны) экспанат акiнчыцкай хаты — разец дзядзькi Антося — таго самага працавiтага дзядзькi з «Новай зямлi», на месцы, мы выйшлi на вулiцу, каб Васiлiну з Соф’яй Пятроўнай сфатаграфаваць. Спынiлiся ля прыгожага ладнага дуба, якi ад зямлi расце ў два ствалы. Аказалася — той самы, што быў калiсьцi кволым паламаным дубчыкам. Найлепшы сiмвал для гэтых мясцiн, для ўсёй Беларусi, для памяцi, для коласавых вечных слоў: «Пытае бура старца-дуба: // — Чаму цябе я не зламлю? // I кажа дуб: — Я ўрос ў зямлю. // З зямлёю жыць у згодзе люба…» (гэта ўжо, калi хто забыўся, з iншай паэмы, з «Рыбаковай хаты»).

На ся­дзi­бе ў Акiн­чы­цах ця­пер так­са­ма гас­па­да­раць Мiц­ке­вi­чы — жон­ка дзядзь­кi Юр­кi Соф'я Пят­роў­на i праў­нуч­ка Ко­ла­са Ва­сi­лi­на.

На ся­дзi­бе ў Акiн­чы­цах ця­пер так­са­ма гас­па­да­раць Мiц­ке­вi­чы — жон­ка дзядзь­кi Юр­кi Соф’я Пят­роў­на i праў­нуч­ка Ко­ла­са Ва­сi­лi­на.


У Альбуці, якая ў «Новай зямлі» — Парэчча — на кожным кроку Коласавы радкі.

У Альбуці, якая ў «Новай зямлі» — Парэчча — на кожным кроку Коласавы радкі.

Альбуць, яшчэ адно жытло сям’i леснiка, зусiм недалёка ад Акiнчыц — як па лесе, дык кiламетры два, мясцовыя музейшчыкi мараць адкрыць тут сцяжынку, па якой можна будзе прыемным шпацырам або на ровары трапiць з адной сядзiбы ў другую. Тут, акрамя ўжо згаданай крынiчкi, абавязкова пакажуць «той самы дуб» — дрэва, пад якiм малы Кастусь Мiцкевiч склаў свой першы верш «Вясна», за што атрымаў ад бацькi цэлы рубель. На ўсе сумненнi, цi той самы гэты дуб, вам упэўнена адкажуць: «Канешне!» I ў гэта верыш, бо дубы ў Альбуцi ўвогуле знатныя — таўшчэзныя, паспрабуеш зазiрнуць на верхавiну, стоячы каля камля — галава кругам iдзе. У «той самы» трапiла маланка, падпалiла ствол ля зямлi, але ж ён трымаецца (падобная з Акiнчыцамi гiсторыя выглядае ўжо не супадзеннем, а i праўда жыццесцвярджальным сiмвалам). У музеi спадзяюцца, што мясцовыя дрэвы возьмуць пад сваю апеку i догляд эколагi — яны ж як-нiяк жывыя сведкi як мiнiмум эпохi…

Той са­мы дуб, пад якiм Кас­тусь Мiц­ке­вiч склаў свой пер­шы верш.

Той са­мы дуб, пад якiм Кас­тусь Мiц­ке­вiч склаў свой пер­шы верш.

Альбуць.

Альбуць.

Па Альбуцi можна сапраўды хадзiць з «Новай зямлёй» у руках i пазнаваць дэталi ў вершаваных радках, толькi што ў Коласа сядзiба называецца Парэчча. Але можна даведацца i пра тое, аб чым у паэме не напiсана. Напрыклад, пра пажар у Альбуцi-Парэччы радкi ёсць, а вось чаму загарэлася тая леснiкова хата — Колас не пiша. А прычына ў папярэднiку Мiхала на пасадзе леснiка. З’язджаючы, ён пакiнуў занядбаную сядзiбу i не пачышчаны комiн — у iм пасля i загарэлася сажа. Так з-за нечай нядбайнасцi i давялося жыць у зямлянцы, страцiўшы ўвесь набытак — «згарэлi кросны, рад багоў // i грошай сорак сем рублёў…»

Векавыя дрэвы ў Альбуці чакаюць увагі эколагаў.

Векавыя дрэвы ў Альбуці чакаюць увагі эколагаў.


Смольня — яшчэ адзiн прыпынак на Коласавай радзiме. Гэта сядзiба звязаная i з iменем Янкi Купалы — менавiта тут у 1912 годзе адбылася першая сустрэча двух класiкаў. Купала павiнен быў прыехаць на рамiзнiку са Стоўбцаў, але чамусьцi скiраваўся пешшу па беразе Нёмана (паводле адной з версiй, патрацiўся на пачастунак, не хапiла грошай). Дарога, мяркуючы па ўсiм, Iвана Дамiнiкавiча не ўразiла: была блытаная i «большай часцю праходзiла лесам з рознымi адгалiненнямi дарог i дарожак управа i ўлева», як успамiнаў ён пасля. Да таго ж новыя чаравiкi намулялi ногi…

Смольня, месца першай сустрэчы Коласа і Купалы.

Смольня, месца першай сустрэчы Коласа і Купалы.

Аб чым класiкi гаварылi пры першым знаёмстве (i колькi выпiлi), гiсторыя замоўчвае. Затое захаваўся стол, за якiм яны сядзелi. Кажуць, студэнты, якiя тут часта бываюць, аднойчы нават цэлую работу пiсалi — меркавалi, што на стале стаяла i пра што за бяседай гаварылася. А мiнскiя турысты, здараецца, пытаюць, цi той гэта ганак, на якiм Купала нiбыта павалiўся, — iм гэту байку распавядаюць сталiчныя экскурсаводы. Чуткi i плёткi — сцвярджаюць мясцовыя. Нiякiх доказаў таму няма.

Ка­жуць, гэ­та той са­мы стол, за якiм Ко­лас i Ку­па­ла ад­зна­ча­лi пер­шую су­стрэ­чу.

Ка­жуць, гэ­та той са­мы стол, за якiм Ко­лас i Ку­па­ла ад­зна­ча­лi пер­шую су­стрэ­чу.

Сярод турыстаў здараюцца i скептыкi, якiя не вераць, што ў лiтаратурнай частцы музея захоўваецца кiшэннае выданне «Новай зямлi», якое пабывала ў космасе разам з Пятром Клiмуком. Маўляў, у той час вага касманаўта была пралiчана да мiлiграма i нiхто не дазволiў бы ўзяць з сабой кнiжку. Але ж вось вiсiць пад шклом яго, касманаўта нашага, уласнай рукой у кастрычнiку 1975-га напiсанае: «У космас узяў кнiжачку яго паэзii. Там, у прасторах сусвету, асаблiвым сэнсам напаўнялiся яго бессмяротныя словы: «Мой родны кут, як ты мне мiлы, забыць цябе не маю сiлы»… I тая самая кнiжачка на стэндзе, маленькая, з далонь…

Пётр Клi­мук улас­на­руч­на за­свед­чыў, што браў то­мiк Ко­ла­са ў кос­мас i па­да­рыў яго му­зею ў Смоль­нi.

Пётр Клi­мук улас­на­руч­на за­свед­чыў, што браў то­мiк Ко­ла­са ў кос­мас i па­да­рыў яго му­зею ў Смоль­нi.

Яшчэ адна цiкавая гiсторыя, пачутая ў Смольнi, — пра другi нелегальны настаўнiцкi з’езд, якi праходзiў у 1906 годзе ў Прыстаньцы, непадалёк ад Мiкалаеўшчыны (пасля якога Коласа спачатку звольнiлi з пасады, а пасля пасадзiлi ў астрог, дзе ён i пачаў пiсаць «Новую зямлю»). Дык вось, кажуць, што з’езд, сам таго не хочучы, выдаў палiцыi Янка Маўр (тады яшчэ Iван Фёдараў). Ён рашыў пафарсiць i прыехаў на з’езд на равэрку — па тым часе гэты транспарт для вясковага наваколля быў, як сёння «тэсла», — чым прыцягнуў увагу ўсiх, у тым лiку i палiцыянта…

Ад лесніковай каморы ў Цёмных Лядах застаўся толькі малюнак ды назва чыгуначнага прыпынку.

Ад лесніковай каморы ў Цёмных Лядах застаўся толькі малюнак ды назва чыгуначнага прыпынку.

На другiм паверсе лiтмузея ў Смольнi месцiцца жывапiсная, з натуры, выява хаты ў Цёмных Лядах — там Колас настаўнiчаў, калi ўжо быў пазбаўлены гэтага права, за што яго брат Уладзя, што служыў там леснiком, меў вельмi вялiкiя непрыемнасцi. Сядзiбы сёння няма: чыгуначнай службе ў 60-я гады патрэбна была там зямля. Засталася толькi назва дачнага прыпынку, на якiм спыняюцца далёка не ўсе электрычкi. А так — быў бы яшчэ адзiн прывабны пункт для зацiкаўленых турыстаў.

Храмы для Шпiлеўскага i Сыракомлi

Дарэчы, пра турыстаў. Неабыякавыя падарожнiкi ездзiлi па гэтай зямлi яшчэ задоўга да Коласавага нараджэння i ўжо тады знаходзiлi тут нямала цiкавага. Вось, напрыклад, Павел Шпiлеўскi, наш славуты этнограф i публiцыст, якi ў 1851 годзе праехаўся ад Варшавы да Iгумена (сённяшняга Чэрвеня) i напiсаў нарыс «Падарожжа па Палессi i беларускiм краi», якi лiчыцца адным з першых дакументальных этнаграфiчных даследаванняў. Дык вось, у ваколiцах Стоўбцаў з шаноўным падарожнiкам выйшла неспадзяванка — такi ўважлiвы заўсёды ў дэталях, тут ён пераблытаў усё, што можна было пераблытаць. Быў у Новым Свержанi, а напiсаў, што ў Старым, паставiў два Свержанi на розных берагах Нёмана, хоць насамрэч абедзве вёскi стаяць на адным баку ракi. Дакладней, Новы — на самiм Нёмане, а побач са Старым працякае невялiкая Залужанка…

Хра­мы ў Но­вым Свер­жа­нi, па­доб­ныя па­мiж са­бой, бы род­ныя бра­ты, не на­шмат змя­нi­лi­ся з ча­соў па­да­рож­жа Шпi­леў­ска­га.

Хра­мы ў Но­вым Свер­жа­нi, па­доб­ныя па­мiж са­бой, бы род­ныя бра­ты, не на­шмат змя­нi­лi­ся з ча­соў па­да­рож­жа Шпi­леў­ска­га.

Але галоўнае ў нашай вандроўцы тое, што ў Новым Свержанi i сёння можна пабачыць храмы, якiя сто семдзесят гадоў таму найбольш уразiлi Паўла Шпiлеўскага. (Уразiлi нават мацней, чым местачковыя яўрэi, якiя спабавалi прадаць яму паркаль i дзёгаць). «Пасярод мястэчка, на даволi значным узвышшы, амаль побач, стаяць два храмы. Адзiн — праваслаўны, а другi — рымска-каталiцкi касцёл-фара. Фара вядзе свой пачатак ад 1588 года; падчас уладання мястэчкам Радзiвiла Чорнага яна была ператворана ў кальвiнiсцкi храм. Што датычыцца праваслаўнай царквы, то, як сведчыць надпiс „1511“ на цвiнтарным помнiку, якi амаль урос у зямлю, пачатак iснавання яе належыць аднесцi да XVI стагоддзя, калi не раней…»

Храмы, простыя як манахi-аскеты, былi пабудаваныя па праекце таго самага iтальянца Бернардонi, якi прычынiўся да нясвiжскiх уладанняў Радзiвiлаў. Успенская царква i Петрапаўлаўскi касцёл стаяць зусiм побач адно ад аднаго, як браты-пагодкi. Яно так i ёсць — царква маладзейшая за касцёл толькi на два гады, з 1590-га. З 1511-м Шпiлеўскi даў маху. Хоць, магчыма, на гэтым месцы стаяла iншая царква.

Царк­ва ў Га­вяз­не ўраж­ва­ла не толь­кi Ула­дзi­сла­ва Сы­ра­ком­лю. «Мяс­тэч­ка пад кры­жам» — так зва­лi Га­вяз­ну ў на­ва­кол­лi.

Царк­ва ў Га­вяз­не ўраж­ва­ла не толь­кi Ула­дзi­сла­ва Сы­ра­ком­лю. «Мяс­тэч­ка пад кры­жам» — так зва­лi Га­вяз­ну ў на­ва­кол­лi.

На хоры царквы ў Вішняўцы падымаешся па крутой вінтавой лесвіцы, якая захавалася з XVIII стагоддзя.

На хоры царквы ў Вішняўцы падымаешся па крутой вінтавой лесвіцы, якая захавалася з XVIII стагоддзя.

Яшчэ адзiн руплiвец прыгожага пiсьменства ХIХ стагоддзя Людвiк Кандратовiч (ён жа Уладзiслаў Сыракомля), працуючы ў канцылярыi Радзiвiлаў, таксама шмат ездзiў па гэтых мясцiнах i пiсаў пра iх. «Сярод ураджайных раўнiнных палёў ляжыць мястэчка Гавязна з прыгожай мураванай царквой», — чытаем у ягоным даследаваннi «Нёман ад вытокаў да вусця». Гавязны ў наваколлi Стоўбцаў ужо няма — у 1964 годзе яна стала Вiшняўцом. Перайменавалi як немiлагучную, хоць мясцовыя бабулi сцвярджаюць, што тая, старая назва была ад слова «гавець» — вельмi набожныя тут заўсёды былi людзi. У Сыракомлi пра гэта не сказана нiчога, але, калi даведваешся, што царква 1742 года пабудовы, якая сёння выглядае проста як цацка, была адрамантавана за кошт прыхаджан, якiя збiралi грошы некалькi гадоў, пачынаеш у тое верыць. Прадцечанская царква — шыкоўнае беларускае барока — i сёння радуе вока i душу. Унутры захавалася з XVIII стагоддзя пакручастая вузенькая вiтая лесвiца на хоры, на якiх апынаешся вочы ў вочы з намаляваным над алтаром Хрыстом. Выява Збаўцы новая, але Сыракомлю, якi шмат увагi звяртаў на аздобу храмаў, яна б напэўна спадабалася.

Таленты i прыхiльнiкi

Калi ўжо пiсаць мясцiны Стаўбцоўшчыны, звязаныя з лiтаратурай i лiтаратарамi, нельга не згадаць установы адукацыi, прынамсi дзве школы. Тая, што ў вёсцы Мiкалаеўшчына — а вёска, як ведаем з урокаў, мае да Якуба Коласа самае непасрэднае дачыненне, уражвае ўжо з першага погляду сваёй архiтэктурай. Не школа — палац, пабудаваны ў стылi сталiнскага ампiру — двухпавярховы, з калонамi. У 1946 годзе яе пабудавалi ў Мiкалаеўшчыне клопатамi самога Коласа. Гэта была першая двухпавярховая вясковая школа ў краiне. Калiсьцi ў яе хадзiла амаль чатырыста вучняў, цяпер — пяцьдзясят. Але «каласкi» нават у такiм невялiкiм складзе з гонарам нясуць iмя славутага земляка. У школе дзейнiчае цiкавы музей, у якiм, вядома ж, i экспазiцыя, прысвечаная пiсьменнiку, i кнiгi з аўтографамi нашых лiтаратараў. У 1966 годзе, да стагоддзя школы як установы адукацыi, тут ладзiлася вялiкая iмпрэза. Свае кнiгi з дарчымi надпiсамi тут пакiнулi Янка Брыль, Пiмен Панчанка, iншыя славутыя пiсьменнiкi, што наведалi тады Коласаву школу. Не меншую ўвагу прыцягвае яшчэ адзiн стэнд з кнiгамi. Гэта — творы выпускнiкоў Мiкалаеўшчыскай школы. Яўген Хвалей, Мiкола Маляўка, Алесь Камароўскi, Нiяна Загарэўская… Iмёны ў сучаснай беларускай лiтаратуры вядомыя. А ўвогуле, трыццаць тры выпускнiкi, з гонарам расказваюць у школе, маюць дачыненне да прыгожага пiсьменства. Гэткая канцэнтрацыя талентаў у адным месцы магчыма, стане калiсьцi прадметам асаблiвага вывучэння.

Шко­ла ў Мi­ка­ла­еў­шчы­не больш па­доб­ная на па­лац. Яна, па­бу­да­ва­ная па за­мо­ве Ко­ла­са, но­сiць iмя пiсь­мен­нi­ка з 1947 го­да.

Шко­ла ў Мi­ка­ла­еў­шчы­не больш па­доб­ная на па­лац. Яна, па­бу­да­ва­ная па за­мо­ве Ко­ла­са, но­сiць iмя пiсь­мен­нi­ка з 1947 го­да.

У музеі Мікалаеўшчынскай школы багата аўтографаў. Напрыклад, бацькаву кнігу ў 1966 годзе падарыў сын Коласа Даніла Міцкевіч.

У музеі Мікалаеўшчынскай школы багата аўтографаў. Напрыклад, бацькаву кнігу ў 1966 годзе падарыў сын Коласа Даніла Міцкевіч.

А ў Дзераўнянскай школе, што амаль на мяжы з Валожынскiм раёнам, дзейнiчае адмысловы музей «Стаўбцоўшчына лiтаратурная». Экспазiцыя зроблена дэталёва i цiкава — тут вам i карта раёна з пазначанымi паселiшчамi, якiя звязаныя з лiтаратурай, i гiсторыi ўраджэнцаў гэтых мясцiн, якiя маюць да пiсьменнiкаў i пiсьменнiцтва дачыненне. Вось тут мы i высветлiлi, што на Стаўбцоўшчыне каранi не толькi Якуба Коласа, але i Янкi Купалы. Аказваецца, мацi паэта Бянiгна Iванаўна нарадзiлася тут, у фальварку Няшота пад Рубяжэвiчамi, а бацька Дамiнiк Ануфрыевiч арандаваў зямлю каля Цеснавой.

Сярод выпускнiкоў школы — вядомыя пiсьменнiкi Казiмiр Камейша i Генрых Далiдовiч. Яўген Карпуць, якi жыве ў Стоўбцах, даволi часты госць у Дзераўной. Iх творы вучнi актыўна выкарыстоўваюць пры правядзеннi экскурсiй па музеi — напрыклад, ставяць тэатральную пастаноўку паводле апавядання Далiдовiча «Зiна». Музей, як i ўся школа, жыве актыўным жыццём — нават экскурсii тут праводзяць не толькi на беларускай мове, але i на англiйскай. У школе займаецца цяпер каля двухсот вучняў, i ўсе яны разам з настаўнiкамi далучаныя да творчай, пошукавай, даследчыцкай працы. «Стварэнне iнтэрактыўнай карты мiкратапонiмаў», «Лексiчны слоўнiк вёскi Дзераўная», «Сiстэма пераносных значэнняў у творах Яўгена Карпуця»… Гэта работы не студэнтаў фiлфака, а вучняў звычайнай вясковай школы. Ёсць чаму здзiвiцца, праўда?

Музей «Стаўбцоўшчына літаратурная» у Дзераўнянскай школе.

Музей «Стаўбцоўшчына літаратурная» у Дзераўнянскай школе.

Асвечаную карціну з выявай Яна Паўла ІІ падарыў Дзераўнянскай школе яе выпускнік — біскуп Антоні Дзям’янка.

Асвечаную карціну з выявай Яна Паўла ІІ падарыў Дзераўнянскай школе яе выпускнік — біскуп Антоні Дзям’янка.

Старажытны касцёл у Дзераўной — цэнтр мясцовага духоўнага жыцця.

Старажытны касцёл у Дзераўной — цэнтр мясцовага духоўнага жыцця.

Пiсьменнiк Фелiкс Эдмундавiч

Зусiм недалёка ад Дзераўной, калi ехаць на Iвянец, ёсць яшчэ адно цiкавае месца, куды варта завiтаць. Дзяржынава — радзiма Фелiкса Эдмундавiча. Так-так, таго самага, Дзяржынскага. На адноўленай родавай сядзiбе зараз месцiцца надзвычай цiкавы музей. Тут можна ўбачыць, як жыла сям’я «жалезнага Фелiкса» — заможная шляхецкая сям’я, даведацца, што ягоны брат Станiслаў быў забiты ў 1917 годзе, а яшэ адзiн брат, Казiмiр — апошнi гаспадар сядзiбы, разам з жонкай быў расстраляны фашыстамi за сувязь з партызанамi. У тым жа 43-м падчас карнай аперацыi фашыстаў згарэў i драўляны дом з мезанiнам…

Адноўлены дом на родавай сядзібе Дзяржынскіх падобны на той, які стаяў тут да 1943 года.

Адноўлены дом на родавай сядзібе Дзяржынскіх падобны на той, які стаяў тут да 1943 года.

Сярод экспанатаў музея — зусiм невядомая скульптура работы Заiра Азгура — Дзяржынскi з беспрытульным дзiцем на руках. Дзiўна, праўда? Мы проста мала ведаем. Дзяржынскi — менавiта той чалавек, якi ўзяў на сябе клопат па ўладкаваннi дзяцей, што, кажучы сучаснай мовай, засталiся без апекi бацькоў у калатнечы Першай сусветнай, Грамадзянскай войнаў, рэвалюцыi. Яшчэ — а гэта ўжо дакладна да тэмы нашай рубрыкi — у музеi ёсць стэнд з кнiгамi, якiя напiсаў Фелiкс Эдмундавiч. «Дзённiк зняволенага. Пiсьмы». На рускай, англiйскай, французскай, iспанскай мове. «Як нам змагацца», «Аб гаспадарчым будаўнiцтве», «Прамысловасць СССР, яе дасягненнi i задачы»… Нездарма кажуць, што i гэты ўраджэнец Стаўбцоўскага краю быў назвычай адукаваны i рознабаковы чалавек.

Фе­лiкс Дзяр­жын­скi, аказ­ва­ец­ца, на­пi­саў ня­ма­ла кнiг.

Фе­лiкс Дзяр­жын­скi, аказ­ва­ец­ца, на­пi­саў ня­ма­ла кнiг.

Некаторыя думаюць, што птушка на гербе Дзяржынскіх — качар. На самай справе — малады арол.

Некаторыя думаюць, што птушка на гербе Дзяржынскіх — качар. На самай справе — малады арол.

Заір Азгур увасобіў «Жалезнага Фелікса» з дзіцем на руках. Аказваецца, меў на тое падставы.

Заір Азгур увасобіў «Жалезнага Фелікса» з дзіцем на руках. Аказваецца, меў на тое падставы.


«Назад не прыйдзе хваля тая, што з быстрай рэчкай уплывае…» А вось тут з класiкам можна паспрачацца, калi мець на ўвазе, што ў мясцiны, дзе быў, але з якiмi цябе асабiста нiчога i не звязвае, i вяртацца няма чаго. Ёсць мясцiны, якiм уласцiвы дзiвосны магнетызм. Стаўбцоўшчына, несумненна, — адна з такiх. Сюды варта прыехаць яшчэ i яшчэ — паслухаць незвычайна мяккую правiльную мову, пастаяць каля чатырохсотгадовых простых храмаў, пагладзiць рукой кару старога дуба, пад якiм Паэт напiсаў першы верш, успомнiць, адчуць i зразумець, як гэта можа быць увосень: «I ты маўчыш, маўчаць i далi.// Нiбы ў адной агульнай хвалi,// Ў адной асветленай часiне// Жыццё злучыла свае плынi…»

Алена ЛЯЎКОВIЧ

Фота Ганны ЗАНКАВIЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *