Алеся Дубіцкая, майстар Мінскай вобласці: «Лічу сябе шчаслівым чалавекам»

Главное Сельская гаспадарка

Аператар машыннага даення ТАА «СЖК «Налібакі» Алеся Дубіцкая прызнана сёлета лаўрэатам конкурсу прафесійнага майстэрства «Майстар Мінскай вобласці – 2020», які прайшоў пад эгідай Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Прыемная навіна. Дыплом, прэмію і стужку пераможцы са шчырымі словамі ўдзячнасці за майстэрства і плённую працу ўручыў Алесі Мікалаеўне намеснік старшыні Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Дзмітрый Бачкоў. Узнагарода заслужаная, здабытая штодзённай напружанай і добрасумленнай работай. Варта адзначыць, што такога высокага звання ўдастоены 32 чалавекі розных прафесій. Гэта людзі розных узростаў і лёсу, але ўсіх іх аб’ядноўваюць такія якасці, як любоў да работы, высокае пачуццё доўгу і адказнасці, уменне і майстэрства. 

Алеся Дубіцкая не мясцовая, родам з Мінскага раёна. Сям’я пераехала на Стаўбцоўшчыну, калі Алесі было трынаццаць гадоў. Жылі спачатку ў Ніўным, а затым купілі дом у Целяхах. Пасля заканчэння школы дзяўчыне прыйшлося пайсці на працу. У матэрыяльным плане было нялёгка, бо маці адна гадавала траіх дзяцей і трэба было дапамагаць ёй паднімаць на ногі малодшых, таму вучыцца далей ніяк не атрымлівалася. У гаспадарцы прапанавалі пайсці на ферму дзённай дзяжурнай. Згадзілася, бо не мела ніякай спецыяльнасці. Матуля завіхалася тут жа аператарам машыннага даення і пачала вучыць Алесю даіць кароў.

– Спачатку я нават баялася да каровы падыходзіць, – расказвае Алеся Мікалаеўна, – а потым прывыкла. Дапамагала маці і паступова авалодвала прафесіяй.

У жыцці дзяўчыны ў гэты перыяд адбылася важная  падзея: яна выйшла замуж за мясцовага хлопца. Неўзабаве свякроў, якая таксама шчыравала на ферме, пайшла на пенсію і перадала Алесі сваю групу.

З таго часу Алеся Дубіцкая пачала самастойна працаваць. Дваццаць другі год шчыруе яна на МТФ «Целяхі». За гэты час назапасіла багаты вопыт. Дзякуючы старанню, уменню і адказнасці за даручаную справу яна з году ў год дабіваецца высокіх вытворчых паказчыкаў. Па надоях малака ад каровы ўваходзіць у топ-15 аператараў машыннага даення раёна. Неаднаразова выходзіла пераможцай раённага спаборніцтва. У 2013 годзе фотаздымак перадавога аператара машыннага даення быў змешчаны на раённую Дошку гонару. У сямейным архіве  Алеся Дубіцкая мае стос рознага ўзроўню ўзнагарод. Прымала ўдзел у абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Пра Алесю Мікалаеўну і яе работу неаднаразова змяшчаліся артыкулы ў раённай, абласной і рэспубліканскай прэсе.

Кіраўніцтва таварыства цэніць і паважае працаўніцу. Заўсёды вылучае і адзначае як адну з лепшых у калектыве жывёлаводаў. Ставіць у прыклад. Прыслухоўваецца да яе прапаноў. І Алеся Мікалаеўна ніколі не падвяла. Калі бывае патрэба выйсці на работу ў свой выхадны дзень, то ніколі не адмовіць калегам – заменіць. Жанчыну паважаюць за шчырасць і спагадлівы характар.

Калектыў жывёлаводаў на ферме падабраўся дружны. Усе старанна выконваюць сваю работу і таксама маюць высокія паказчыкі. Вытворчае падраздзяленне ўтрымлівае другое месца ў раёне па надоях малака ад каровы.

– Нялёгкая ў нас работа, але ўмовы працы на ферме створаны неблагія і заработная плата задавальняе, – гаворыць Алеся Дубіцкая. – Ды і той, хто хоча зарабіць, абавязкова заробіць. Каровы высокаўдойныя, ёсць кармы і розныя мінеральна-вітамінныя дабаўкі. Спецыялісты ветэрынарнай і заатэхнічнай службы вопытныя. Нам застаецца толькі сумленна выконваць даручаную работу.

Разам з жонкай працуе і муж. Валерый Фердынандавіч адзінаццаты год завіхаецца слесарам, а да гэтага працаваў даяром. Быў перадавіком.

Жывуць душа ў душу. На работу едуць разам, з работы – таксама. Калі на веласіпедах, а калі і на аўтамашыне. Любяць хадзіць у лес па грыбы  і ягады.

Дарэчы, як і ўсе жыхары вёскі. Як можна жыць каля пушчы і не карыстацца яе дарамі. Людзі яны працавітыя. Некалькі гадоў назад зрабілі рамонт у хаце, абклалі дом цэглай. Падтрымліваюць адмысловы парадак на падвор’і. Трымаюць Дубіцкія і дамашнюю гаспадарку. Яны лічаць, што ў вёсцы патрэбна ўсё сваё мець. Зразумела, нялёгка гэта даецца, але сядзець без работы не могуць. А яшчэ Валерый Фердынандавіч – выдатны гаспадар. Усё дома і вакол зроблена яго рукамі. А Алеся Мікалаеўна садзіць кветкі. Растуць каля хаты і прыгожыя ружы.

– Ніколі не пашкадавала, што выйшла за яго замуж. Калі б вярнуць гады назад, то паўтарыла б усё наноў, – сказала Алеся Мікалаеўна. – У нас з Валерыем двое дзяцей, якіх мы з маленства прывучалі да работы. Але яны не пайшлі па нашых слядах, выбралі сваю дарогу ў жыцці. Дачка працуе прадаўцом  у Мінску і завочна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, на эканамічным факультэце. Сын набывае прафесію  аўтамабільнага электрыка ў Беларускім політэхнічным каледжы.

У вольны час, якога застаецца не так і многа, Алеся Мікалаеўна любіць гатаваць. І прымаць у доме гасцей, якіх здзіўляе новымі смачнымі стравамі.

Алеся Дубіцкая знайшла сваё прызванне, дабілася павагі сярод калег і трапіла ў лік заслужаных прафесіяналаў сталічнага рэгіёна.

Напрыканцы размовы жанчына сказала: «І пакуль мне ўдаецца атрымліваць задавальненне ад жыцця ўвогуле і ад работы ў прыватнасці, я магу лічыць сябе па-сапраўднаму шчаслівым чалавекам».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *