З факелам Міру

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

У панядзелак, 4 жніўня, у Стоўбцы прыбыў факел Міру, які прынеслі спартсмены – прадстаўнікі 12-ці еўрапейскіх дзяржаў. Традыцыйная міжнародная акцыя стартавала 21 лютага ў сталіцы Партугаліі Лісабоне. Лёгкаатлетычная эстафета «Бег Дружбы-2014» накіравалася па дарогах 47 краін Еўропы. Група спартсменаў з сімвалічным факелам адольвае кіламетры таксама па маршруце, які звязвае Азію і Акіянію. У кожнай краіне да асноўных камандаў далучаюцца і мясцовыя бегуны, і юныя фізкультурнікі, якія перадаюць факел з рук у рукі, а разам з ім – свае мары аб лепшым у свеце. Гэта бег энтузіястаў у любое надвор’е на дзясяткі і сотні кіламетраў. Гэта цёплыя сустрэчы з жыхарамі вялікіх і малых гарадоў планеты.

Беларуская каманда бегуноў суправаджае міжнародную каманду па ўсёй нашай рэспубліцы ад граніцы з Літвой. Пасланцоў міру  шчыра віталі і стаўбчане. Цёплай была сустрэча на мяжы раёна. Гасцей сустрэлі традыцыйным караваем, беларускімі песнямі  артысты раённага  Цэнтра культуры і гурт «Дольніца» Горкаўскага СДК. Затым зноў бегавы маршрут і сустрэча на стадыёне «Юнацтва».

«Мір на Зямлі залежыць ад нас з вамі, ад кожнага жыхара планеты. Значэнне Бегу Дружбы ў тым, што, перадаючы факел з рук у рукі, мы перадаём цяпло ад сэрца да сэрца. Падчас прабегу з факелам адольваюцца адрозненні, што раздзяляюць культуры, і іншыя бар’еры, якія дзеляць нацыі». Такі лейтматыў  прамовы да стаўбчан кіраўніка групы лёгкаатлетаў Міхаіла Раднянкова. Міхаіл родам са Смаленска, з ім у камандзе бегуноў былі таксама яшчэ расіяне, прадстаўнікі ўкраінскіх гарадоў Днепрапятроўска і Вінніцы, Мінска, Магілёва, Віцебска.

Выдатна выканалі госці Гімн Бегу Дружбы спачатку на англійскай, а затым на рускай мове. Цудоўная мелодыя, пранікнёныя словы: «Бег во имя мира на земле. Дружба и единство – радость в мировой семье».

З прывітальным словам да ўдзельнікаў міжнароднай акцыі звярнулася намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Жыбуль. Яна перадала ім ад жыхароў Стаўбцоўшчыны кнігу «Памяць» і сувеніры. Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іван Вільнявец прыгадаў, што дзесяць гадоў назад, у 2004 годзе, падчас перадачы факельнай эстафеты яе ўдзельнікі засведчылі аб аб’яўленні Стоўбцаў Горадам Міру. Было ўручана адпаведнае пасведчанне і прынята Дэкларацыя, дзе Стаўбцоўскім райвыканкамам сумесна з Камітэтам міру Шры Чынмоя і Беларускім Фондам Міру пацвярджалася, што Стоўбцы ў ліку населеных пунктаў планеты, якія маюць статус  Горада Міру.

Такі вось прыемны факт гісторыі. А ўдзельнікі Бегу Дружбы, зрабіўшы круг  гонару па нашым стадыёне, з сімвалічным факелам і сцягам накіраваліся на Нясвіж і далей па дарогах  Еўропы. Фінішуе Бег Дружбы-2014 у кастрычніку ў Сербіі.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *