Ласток: памяць пра песняра і яго час

Главное Год малой родины

Усе Коласавы мясціны на Стаўбцоўшчыне захавалі сваю непаўторную аўру, але ў былым фальварку Ласток яна ні з чым не параўнальная: тут пабудовы аўтэнтычныя, якія памятаюць Якуба Коласа (на той час – маленькага хлопчыка) і яго вялікую сям’ю, і яны самі па сабе з’яўляюцца помнікам драўлянага дойлідства канца ХІХ стагоддзя.

На цяперашні момант Ласток закрыты на рэканструкцыю. У кіраўніцтва музея ёсць шмат задум, увасабленне якіх паспрыяе турыстычнай прывабнасці гэтай мемарыяльнай сядзібы.

– У першую чаргу робяцца захады для захавання яе аўтэнтычнасці, – звяртае ўвагу старшы навуковы супрацоўнік філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа «Мікалаеўшчына» Соф’я Міцкевіч. – Раней у Ластку была экспазіцыя па паэме Якуба Коласа «Сымон-музыка». Цяпер у загадчыка навукова-асветніцкага аддзела музея Антона Астаповіча ўзнікла ідэя адкрыць выстаўку «Дзве стыхіі», прысвечаную лясным промыслам і воднаму транспарту ў Беларусі.

– Соф’я Пятроўна, пачнем з галоўнага: у Ласток можна трапіць толькі па лясной дарозе?

– Так, і гэта калі няма вялікіх дажджоў. Дарога ненадзейная, з глыбокімі каляінамі ад колаў лесавознай тэхнікі. Сюды патрэбны грунтоўны пад’езд. Сядзіба ў Ластку абкошана, знаходзіцца на сігналізацыі. Адзін з мясцовых індывідуальных прадпрымальнікаў паставіў тут вуллі, так што тут ёсць жыццё…

У Ластку амаль дваццаць гадоў жыла і працавала наглядчыцай Л. М. Краснік, жанчына з няпростым лёсам. Пасля яна пераехала ў горад, і больш жадаючых пасяліцца тут не знайшлося. Былі багатыя замежнікі, выхадцы з гэтых мясцін, якія хацелі б узяць Ласток у арэнду…

Хата, якой 135 гадоў

– Месцы сапраўды маляўнічыя, але глухія. Пасярод лесу стаіць хата, гумно, якія маюць гістарычную каштоўнасць. Давайце ўявім атмасферу, якая была тут больш за 100 гадоў таму.

– Ласток быў трэцім месцам службы на лесніковай пасадзе ў князёў Радзівілаў бацькі Якуба Коласа. Сюды пераехала сям’я першага лістапада 1885 года, калі будучаму паэту было ўсяго тры гады. Жылі тут да красавіка 1890 года.

І хата, і гумно захаваліся да нашых дзён у першапачатковым выглядзе з невялікімі рэстаўрацыйнымі зменамі, у той час як пабудовы ў Акінчыцах, Смольні і Альбуці былі адноўлены (паводле архіўных дакументаў).

У Ластку ў той час была гантарня, возера, у якім разводзілі розную рыбу. Даход прыносіла і паляванне. У Паласні (гэта не так далёка адсюль) быў наладжаны выраб сукна. У Новым Свержані перапрацоўвалі лес, працавала фарфорня. У Рудні Пільнянскай і Рудні Налібацкай здабывалі жалезную руду. У Мікалаеўшчыне працавала гута, на якой рабілі першае ў Еўропе каляровае шкло. Пазней гэты промысел быў перанесены князямі ў Налібакі. Замежныя турысты, якія прыязджаюць да нас, расказваюць, што ў Луўры ёсць шкляны посуд, які Радзівілы падаравалі Людовіку ХV.

– Што пісаў Якуб Колас у сваёй аўтабіяграфіі пра гады, праведзеныя ў Ластку?

– Колас пісаў, што пяць гадоў яго дзяцінства прайшлі ў Сухошчыне. Чаму ён так называе Ласток? Бо першы арандатар фальварка Юзік Сухаверх хварэў на сухоты. Ён жыў у старой хаце, а для Міцкевічаў была пабудавана за княжаскія грошы новенькая. Для іх гэта было арэнднае жыллё. Хата мела характэрную для радзівілаўскіх пабудоў планіроўку: скразны калідор, па абодва бакі якога размяшчаліся па два жылыя пакоі. Дарэчы, у гэтай хаце да прыезду бацькоў Якуба Коласа жыў Пятрусь, бацькаў брат.

Гумно на мемарыяльнай сядзібе таксама захавалася з ХІХ стагоддзя

Бацькі Коласа, як і іншыя яго продкі, арандавалі ў Ластку не толькі хату, але і зямельныя надзелы. Два мяхі вырашчанай бульбы аддавалі князю, адзін – сабе.

Ласток цудоўна апісаў Колас у паэме «Новая зямля», а таксама ў аповесці ў вершах «Грушы-сапяжанкі», якую ствараў падчас турэмнага зняволення за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе. Такая груша расла і ў Альбуці. На жаль, гэтых дрэў ужо няма.

– Да Ластка бацька Якуба Коласа служыў у Акінчыцах, Мікалаеўшчыне. Пасля быў пераведзены ў Альбуць. Чаму князь перакідваў леснікоў з месца на месца?

– Каб не было карупцыі. Ператасоўка леснікоў адбывалася вясной, з 1 красавіка. Таму і багацеў князь, лічыўся некаранаваным каралём Еўропы. У Нясвіжскай ардынацыі дазвалялася толькі скупляць нешта, але не раздаваць. Усё нажытае перадавалася ў спадчыну аднаму старэйшаму сыну. Праз некаторы час княжаскі род пачаў слабець, выміраць, таму што, каб не дзяліць ні з кім іншым багацці, шлюбам браліся кузены. У дзённіках Радзівілаў ёсць на гэты конт цікавыя гісторыі.

А ведаеце, адкуль пайшла назва Альбуць? Доктар Альба, француз, быў запрошаны лячыць княжаскіх дзяцей, якія нараджаліся кволымі, паміралі (у крыпце Фарнага касцёла ў Нясвіжы знаходзяцца 13 дзіцячых трунаў). І неўзабаве Альба ўстанавіў прычыну і даў параду, як аднавіць род: «Ты да служанкі добрым будзь…»

На працягу некалькіх зімаў Альба выязджаў разам з Радзівіламі на паляванне на мядзведзя, і для начоўкі быў зроблены вялікі будан-трохсценка. Была забрукавана так званая буданская лінія, якая ідзе ніжэй турбазы аж да павароту на Альбуць. Калі я нядаўна была ў грыбах, то знайшла там камень з выбітай падковай. Цяпер у нашым музеі гэта самы цікавы экспанат.

– Хто сёння асноўны наведвальнік музейных сядзібаў?

– Пераважна школьнікі і дзеці разам з бацькамі. Мы імкнемся, каб музейныя экспазіцыі былі цікавымі і сучаснымі, набліжалі асобу Якуба Коласа і выклікалі пачуццё гонару за культурную і духоўную спадчыну нашага народа.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *