Дзесяць байцоў вернуты з невядомасці. Устаноўлена і імя аднаго з іх

Вялікай Перамозе прысвячаецца Соцыум

У чэрвені бягучага года 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам праводзіліся палявыя пошукавыя работы на тэрыторыі Заямнаўскага сельсавета, а менавіта ўздоўж грунтавой дарогі Атцэда – Коласава, паблізу земляных насыпаў.

У ходзе іх былі адшуканы астанкі 10 ваеннаслужачых рабоча-сялянскай Чырвонай арміі, а таксама астанкі дзіцяці – ахвяры вайны. У дадатак да гэтага знойдзены рэшткі стралковай зброі і ваеннай амуніцыі, асабістыя рэчы салдат… Пашчасціла адшукаць два салдацкія медальёны. Унутры аднаго з іх захаваўся друкарскі бланк устаноўленага ўзору.

У выніку даследавання тэксту ўкладыша сталі вядомыя звесткі пра старшага сяржанта Савічава Уладзіміра Пятровіча (нарадзіўся ў 1919 годзе ў вёсцы Страхоўка Куркінскага раёна Тульскай вобласці, у 1939 годзе быў прызваны Істрынскім райваенкаматам Маскоўскай вобласці), які загінуў у чэрвені 1941 года і лічыўся зніклым без вестак.

Астанкі знойдзеных дзесяці ваеннаслужачых Чырвонай арміі, а таксама дзіцяці – ахвяры вайны – былі перапахаваны ў Наваколасаве з усімі воінскімі ўшанаваннямі.

Іх прыняла на вечны спачын брацкая магіла побач з велічным абеліскам. Збоку ад абеліска пахаваны астанкі загінулага дзіцяці, на яго магілцы ўстаноўлены крыж з надпісам «Ахвяра вайны».

На мітынг у гэтым святым месцы сабраліся з кветкамі і гірляндамі вучні Коласаўскай сярэдняй школы, ваеннаслужачыя воінскай часці 25819, жыхары пасёлка Наваколасава. Урачыстасць суправаджалася Дзяржаўным Гімнам Рэспублікі Беларусь і ваеннымі маршамі ў выкананні духавога аркестра, стрэламі са зброі ў гонар тых, хто абараняў подступы да Беларусі. Хрысціянскі абрад асвячэння магіл правёў благачынны Стаўбцоўскага благачыння протаіерэй Аляксандр Марцінчык.

Была аб’яўлена мінута маўчання ў памяць пра тых, хто аддаў свае жыцці за наша мірнае будучае.

Пра значнасць падзеі гаварылі намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая, камандзір воінскай часці 25819 Аляксандр Голеў, старшыня Наваколасаўскага сельвыканкама Дзмітрый Каршункоў.

– 79 гадоў прайшло з дня пачатку вайны, але да гэтай пары не знаходзяць спакою сэрцы тых, хто шукае сведчанні пра лёсы сваіх дзядоў і прадзедаў, якія абаранялі Айчыну і прапалі без вестак, – зазначыла Жанна Лысая. – У нашай рэспубліцы на дзяржаўным узроўні працягваецца карпатлівая работа па пошуку няўлічаных воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр вайны, увекавечванні іх памяці.

Варта сказаць, што ў Наваколасаве гэта не першае перапахаванне астанкаў. Раней былі перапахаваны 11 савецкіх салдат, якія загінулі паблізу станцыі Коласава ў канцы чэрвеня 1941 года.

Пра іх подзвіг вядома наступнае. Згодна з данымі Заходняга фронта, 29 чэрвеня 1941 года 20-му механізаванаму корпусу было загадана фарміраваць маршрут адходу за раку Беразіну і за раку Свіслач. У раёне вёскі Мязінаўка група праціўніка, аснашчаная васьмю танкамі, шасцю пушкамі і адной адзінкай зброі супрацьтанкавай абароны, перахапіла дарогу Стоўбцы – Негарэлае. Выведвальны дазор 29-га механізаванага корпуса, які дзейнічаў у напрамку Стоўбцаў, імгненна атакаваў праціўніка…

Як адзначыў Дзмітрый Каршункоў, перапахаванні астанкаў воінаў праходзілі ў Наваколасаве ў 1978, 2012, 2016 гадах. Тут, у былым ваенным гарадку, у гонар іх узведзены помнік з надмагіллем і бетонным абеліскам.

Наш доўг – помніць подзвіг дзядоў заўсёды і выхоўваць на ім падрастаючае пакаленне. На адвазе і стойкасці, якія прадэманстравалі нашы продкі, моладзь павінна гартаваць характар, выхоўваць у сабе лепшыя мужчынскія якасці, вучыцца любові да Радзімы.

І, зразумела, не зважаючы на ўсе складанасці, пошукавыя работы працягваюцца. Кажуць, што вайна не заканчваецца, пакуль не пахаваны з воінскімі ўшанаваннямі яе апошні салдат…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *