На прасторах Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

ПРАЦОЎНЫ СЕМЕСТР: ШЧЫРАВАННЕ СТУДАТРАДАЎ

У дзіцячым аздараўленчым лагеры «Нёман» сёлета, як і летась, працуюць студэнцкія атрады, якія створаны па ініцыятыве РК ГА БРСМ.  

У трэцюю працоўную змену ў лагер «высадзіўся» атрад «Ніка», які налічваў дзевяць чалавек. Камандзір атрада, настаўніца замежнай мовы гімназіі № 1 Наталля Бандаровіч і камісар Алена Бохан разам з выхавацелямі – членамі БРСМ, працавалі ў лагеры 18 дзён. Байцы атрада пастараліся арганізаваць адпачываючым  цікавы вольны час, прапагандавалі здаровы лад жыцця, чыталі лекцыі на розныя тэмы, уключаючы і прафілактыку правапарушэнняў. Праведзены мерапрыемствы, якія  ўключалі дзяцей і падлеткаў у творчую атмасферу, умацоўваючы іх духоўна-маральныя каштоўнасці. Апрабавалі новыя метады і формы работы ў галіне педагогікі. Закрыццё змены, як і звычайна, прайшло пад апошні акорд – развітальны касцёр. У апошнюю, чацвёртую змену, якая пачалася з 7 жніўня, прыняў эстафету атрад «Юнацтва» ў складзе васьмі чалавек.

 

РЭАЛІІ: РЭГІСТРУЮЦЦА ЎКРАІНЦЫ

Служба міграцыі раёна пацвярджае факт, што ў параўнанні з мінулым годам колькасць жыхароў Украіны, якія спыняюцца ў нашым раёне, павялічылася больш чым на 70 працэнтаў. Каля 100 чалавек зарэгістраваліся. На працягу 30 дзён з дня прыезду заканадаўства дазваляе грамадзянам Украіны прабываць на тэрыторыі Беларусі без рэгістрацыі. Улічваючы гэтыя абставіны, можна меркаваць, што колькасць прыбыўшых у раён украінцаў намнога большая. Ніхто з іх пакуль не атрымаў пасведчання бежанца.

Большасць з прыбыўшых спыніліся ў родных. Прычынай міграцыі сталі ваенныя падзеі ў іх краіне. Сітуацыя гэтая трывожная, і не толькі для Украіны, але і для суседніх дзяржаў. Па благаславенні Патрыярха Кірыла ва ўсіх праваслаўных храмах на кожнай літургіі ўзносіцца саборная малітва аб спыненні кровапраліцця на ўкраінскай зямлі.

Пр

 

ФУТБОЛ: ЯК ДАЕХАЦЬ З НЯСВІЖА?

Каманда «Нясвіж», у адрозненне ад ФК «Гарадзея», знакамітай спартыўнай біяграфіі пакуль  не мае. І яе турнірным здабыткам у першынстве Міншчыны з’яўлялася адно адзінае ачко. Таму футбалісты нашага «Нёмана-Агра» былі поўнымі рашучасці ў сустрэчы на сваім полі пастарацца паталіць «галявую смагу». Аднак ні ігракі каманды стаўбчан, ні іх шчырыя заўзятары, што спякотным нядзельным днём сабраліся на стадыёне «Юнацтва», забітых мячоў не ўбачылі. Як і саміх гасцей, якія так і не з’явіліся на сустрэчу.

«Транспарт падвёў», – лёгкае апраўданне. Хаця які надта транспарт патрэбен, каб дабрацца з суседняга Нясвіжа да Стоўбцаў. Што ж, гэта ўжо праблема несвіжан. А «Нёману-Агра», згодна з правіламі спаборніцтваў, залічана, спартыўнай тэрміналогіяй, тэхнічная перамога з лікам 3:0.

Такім чынам на рахунку нашай каманды цяпер 24 ачкі. 31 ачко ў лідара – ФК «Старыя Дарогі», па 25 – у ФК «Гарадзея-2» і каманды «Зорка-РФАЦ-Вікторыя». Па 19 ачкоў у ФК «Любань» і «Лівадзія-Юні», у ФК «Клецк» 16 ачкоў. З усімі гэтымі камандамі, акрамя дзяржынскай «Лівадзіі-Юні», нашым належыць сустракацца ў наступных турах. Безумоўна, ніхто з гэтых сапернікаў не тое, што падорыць, ніводнага ачка без бою не аддасць.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *