Тварыць добрыя справы для адных – службовы абавязак, для іншых – жыццёвая неабходнасць, душэўны парыў. Цудоўна, калі ў характары і паводзінах аднаго і таго ж чалавека спалучаюцца першае і другое.
Генадзь Іванавіч Слуцкі, на мой погляд, якраз і адносіцца да такіх людзей. Кожны рабочы дзень, а часам і ў выхадныя, ён спяшаецца на ўласным транспарце са Стоўбцаў у Дзераўную, дзе ўзначальвае ўчастак Стаўбцоўскага АКС. На гэтай пасадзе ён працуе адносна нядаўна, але паспеў праявіць сваю дзелавітасць і гаспадарлівасць у такой клопатнай камунальнай службе. Вялікіх намаганняў запатрабавала падрыхтоўка ўчастка да работы ў зімні перыяд, але для Генадзя Іванавіча невырашальных праблем няма.
Нарадзіўся ён на Брэстчыне. Вучыўся ў сельскай школе. Быў дапытлівым вучнем. Марыў паступіць у ваеннае вучылішча. Але ў жыцці склалася інакш. Скончыў Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе атрымаў прафесію тэхнолага-арганізатара фермерскіх і сялянскіх гаспадарак, і воляй лёсу апынуўся ў Стоўбцах. Уладкаваўся на працу на філіял маторнага завода і там на працягу трыццаці гадоў узначальваў службу бяспекі. І вось цяпер ён – у камунальнай службе, каб актыўна працягваць тое, што было распачата ў Дзераўной раней.
А гэта праект «Вёска будучага», які ўвасабляецца з 2019 года. На яго рэалізацыю выдаткоўваюцца значныя бюджэтныя сродкі. Наш аграгарадок цяпер не пазнаць. Пакладзены новыя пешаходныя дарожкі да дзіцячага садка і дома № 12. Добраўпарадкуюцца могілкі, ля ўвахода ўстаноўлены лаўкі і абсталяваны веластаянкі. Вабіць вока тэрыторыя вакол возера. Нядаўна тут высаджана рабінавая алея.
У належны стан прыведзена лазня, адкрыцця якой чакалі мясцовыя жыхары. У планах – рэканструкцыя парылкі, каб задаволіць жаданні наведвальнікаў розных узростаў.
У сваю чаргу Генадзь Іванавіч выказаў пажаданне ўсім жыхарам аграгарадка – з адказнасцю ставіцца да агульнай маёмасці, карыстацца ёю беражліва і падтрымліваць у належным санітарным стане.
Больш таго, у Дзераўной пры падтрымцы райвыканкама плануецца штогод па чарзе прыводзіць у парадак прысядзібныя тэрыторыі. Пастаянную ўвагу надае пытанням добраўпарадкавання і ўзаемадзення з участкам Дзераўное УП «Стаўбцоўскае АКС» старшыня сельвыканкама Т. І. Босая.
Леакадзія КАРОТКАЯ, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах ДУА «Дзераўнянская сярэдняя школа»