Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістравана па раёне 12 шлюбаў. Зроблена адна адзнака аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі дзесяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Дзмітрый Ермаковіч, Кірыл Бохан, Аляксандр Дзмітрук, Уладзіслаў Мазура, Настасся Кухарчык, Софія Казарэз, Улада Кавалёва, Ульяна Казельская, Раман Гуліцкі і Таццяна Амбражэйчык.

Зямны шлях закончыўся для 10-ці чалавек.

У пажарнай часці занатавалі два вогненныя здарэнні. Пажарныя выязджалі ў Тулёнку і  Кучкуны, дзе ўспыхнулі агнём лазні. У першым выпадку загаранне адбылося па прычыне парушэння правілаў устройвання  пячнога ацяплення. У другім – з-за неасцярожнага абыходжання з агнём. Гаспадар вынес гарачыя вуглі на вуліцу, дзе іх раздула ветрам. Ад абедзвюх лазняў засталіся толькі абгарэлыя сцены.

Супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях папярэджваюць насельніцтва  быць у гэтыя спякотныя дні вельмі асцярожнымі з агнём. І асабліва каля лясных масіваў. 

Міліцыяй зарэгістравана 186 паведамленняў аб правапарушэннях. Узбуджана 9  крымінальных спраў, у сямі ўстаноўлены падазраваемыя. Зламыснік збіў замок і ўкраў з дома жыхара Мікалаеўшчыны прадукты харчавання. З пад’езда дома па вуліцы Энгельса ў райцэнтры знік веласіпед. Са «старожкі» зелянбуда Стаўбцоўскага АКС вынесены ноўтбук і трыджык да камп’ютара. Ля магазіна «Прадукты №18» нецвярозы хуліган разбіў нагою шкло правай задняй дзверцы аўтамабіля «Фіят-брава», а затым ударам кулака пашкодзіў металічныя жалюзі ралета і шкло кіёска «Белсаюздрук».

Пракуратурай праведзена  праверка  прытрымлівання ДДЛГУ «Стаўбцоўскі доследны лясгас» патрабаванняў заканадаўства пры вядзенні лясной гаспадаркі, падчас якой устаноўлена, што службовымі асобамі  лясгаса дапускаюцца парушэнні гэтых патрабаванняў. Пры абследаванні зямель ляснога фонду, якія знаходзяцца паблізу ДУ «Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў», выяўлена несанкцыянаваная звалка бытавых адходаў. З боку адказных службовых асоб лясгаса меры, накіраваныя на яе ўхіленне, не прымаюцца. Дырэктару арганізацыі вынесена прадпісанне.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету выяўлена шэсць выпадкаў парушэння воднага заканадаўства. Два з іх – на возеры ў Заямным, дзе дабыча рыбы ажыццяўлялася забароненым спосабам у цёмны час сутак, з выкарыстаннем плывучага сродку. Парушальнікам пагражае штраф у памеры ад 10 да 50 базавых велічынь. Падчас сумеснага рэйду з супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў і інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя складзена чатыры адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне Палажэння аб рэспубліканскім ландшафтным заказніку «Налібацкі».  А іменна, за стаянку аўтамашын у прыбярэжнай паласе возера Кромань. Вінаватыя аштрафаваны на 600 тысяч рублёў кожны.

 ДАІ выявіла  207 парушэнняў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў пяць нецвярозых вадзіцеляў, два з якіх матацыклісты, чатырнаццаць бяспраўнікаў, 21 недысцыплінаваны  пешаход. Адбылося некалькі дробных аварый.

«Хуткая» атрымала 198 выклікаў аб медыцынскай дапамозе, дзесяць з якіх – да асоб у стане алкагольнага ап’янення і два неабгрунтаваныя. Паступіла некалькі сігналаў, большасць менавіта з дачных пасёлкаў, дзе людзі трацілі прытомнасць ад спякоты, працуючы  на агародных градках. Медыкі раяць грамадзянам шанаваць сваё здароўе і не знаходзіцца доўгі час на санцапёку.

Падрыхтавала Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *