Лячэнне працяглае, а прафілактыка займае мінуты

Главное Медыцына

Фота Ганны Карынеўскай, SB.BY

«Лячэнне працяглае, патрабуе значных выдаткаў, і, галоўнае, мае рызыку пэўных наступстваў у выглядзе ўскладненняў. Пры гэтым меры прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі простыя і даступныя. Чаму не ўсе іх выконваюць?», – задаецца пытаннем в. а. галоўнага ўрача УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» Людміла Някрылава.

– У Стоўбцах разгорнуты інфекцыйны шпіталь на 109 месцаў. Усе ложкі запоўнены. У шпіталі прыкладна 75 працэнтаў пацыентаў – іншагароднія, якіх дастаўляюць на лячэнне з іншых раёнаў Мінскай вобласці, – расказвае Людміла Някрылава.

– Людміла Яўгеньеўна, які стан інфіцыраваных?

– Практычна ўсе, хто знаходзіцца ў шпіталі, – хворыя на пнеўманію. Лячэнне складае ў сярэднім 13-14 дзён, але тэрмін яго залежыць ад стану пацыента. У каго працэс выздараўлення ідзе нармальна, выпісваем на 13-ы–14-ы дзень, і яшчэ на працягу тыдня пацыент знаходзіцца дома на самаізаляцыі. У тых, хто падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, курс лячэння і кіслародатэрапіі займае больш часу.

– Колькі ў шпіталі цяжкіх хворых?

– Дзевяць ложкаў з 109 знаходзяцца ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі. Усе гэтыя ложкі запатрабаваны. На даны момант да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх падключаны пяць пацыентаў. Маем 60 кіслародных кропак, два кіслародныя канцэнтраты. Пакуль гэтага хапае. Маем неабходны аб’ём лекавых сродкаў.

– А персаналу?

– Персаналу дастаткова. Усе работнікі шпіталя забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы. Кожныя дзве-тры гадзіны ажыццяўляецца змена адзення. У шпіталі выдзелены чыстыя зоны, дзе медработнікі могуць пераапрануцца, адпачыць, і чырвоныя зоны, у якіх вядзецца праца з пацыентамі.

– Як арганізавана работа паліклінікі ва ўмовах неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі?

– У паліклініцы арганізавана раздзяленне патокаў. На ўваходзе медрэгістратар мерае ў кожнага тэмпературу. Пацыенты з павышанай тэмпературай і прыкметамі рэспіраторнай інфекцыі заходзяць у паліклініку праз асобны ўваход, з унутранага двара. Там адкрыты два інфекцыйныя кабінеты, якія працуюць у дзве змены, з 08.00 да 20.00, у тым ліку  працавалі і 7 лістапада, у чырвоны дзень календара.

– Ці трэба цяпер ісці ў паліклініку, калі неабходна выпісаць рэцэпт, трапіць на прыём да тэрапеўта і г. д.?

– Мы імкнёмся абмежаваць наведванні паліклінікі. Для гэтага работа ўрачоў агульнай практыкі арганізавана непасрэдна дома ў пацыентаў. Працуюць дзве кантактныя брыгады. Падчас выезду яны аглядаюць пацыентаў, якія знаходзяцца на амбулаторным лячэнні, бяруць аналізы і г. д. Пацыентам з хранічнымі захворваннямі дастаўляем рэцэпты на дом. Усю інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне ў рэгістратара.

– Калі адчуў недамаганне, узнялася тэмпература, што трэба рабіць?

– Тэлефануйце на нумар 103 і выклікайце ўрача на дом. Кантактны тэл. – 5-23-21 або 8-044-589-85-93.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Нагадваем, што сярод асноўных мер прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі – нашэнне маскі, захаванне дыстанцыі ў 1-1,5 метра, мыццё рук з мылам або апрацоўка іх антысептычнымі сродкамі, дэзынфекцыя і праветрыванне памяшканняў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *