Будучыня ўзводзіцца сёння

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

Дзяржаўнае прадпрыемства «УКБ Стаўбцоўскага раёна» Мінаблвыканкама мае непасрэднае дачыненне да прафесійнага свята будаўнікоў.

Прадпрыемства хоць і змяніла назву (колішняя – УП «УКБ-Стоўбцы»), але па-ранейшаму выступае заказчыкам сацыяльна значных і іншых аб’ектаў, якія будуюцца з дзяржаўнай падтрымкай, а таксама ажыццяўляе кантроль за якасцю будаўнічых работ, аказвае інжынірынгавыя паслугі.

У першую чаргу, упраўленне капітальнага будаўніцтва выступае заказчыкам і каардынатарам раённай жыллёвай праграмы на 2014 год. Сёлета на гэтым накірунку дзейнасці з’явілася цікавая акалічнасць – будаўніцтва жылля пераведзена на дзяржзаказ. У сувязі з гэтым чарговы шматпавярховы дом у Стоўбцах  – 60-кватэрны дом жыллёва-будаўнічага кааператыва «Стоўбцы-5», які змяніў назву і цяпер ідзе па дакументах як жылы дом № 1, – будзе ўзводзіцца ўжо ў абсалютна новым статусе. УКБ раёна аб’явіла тэндар на выбар генпадраднай арганізацыі. Мяркуецца, што «першынец» жылля на Стаўбцоўшчыне па дзяржзаказе павінен быць здадзены ў эксплуатацыю ў другім квартале 2015 года. Больш таго, рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя  яшчэ  на адзін шматпавярховы дом па дзяржзаказе – жылы дом № 2.

Як адзначаюць ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва раёна, на трэці квартал бягучага года намечана здача блока А фізкультурна-аздараўленчага комплексу – важнага сацыяльнага аб’екта, якога даўно чакаюць стаўбчане. Тэрміны здачы іншых блокаў пакуль не агаворваюцца – гэта будзе напрамую залежыць ад фінансавання. Для завяршэння работ патрэбна значная сума –  больш за 50 мільярдаў рублёў. Складанасць заключаецца ў тым, што крыніца фінансавання аб’екта пераведзена з нядаўняга часу  менавіта на наш, мясцовы, бюджэт. Ён жа ў нашым, пераважна сельскагаспадарчым, раёне, наўрад ці зможа быць такім «шматмільярдным».      

Затое жыхары горада паспелі заўважыць змены ў водазабеспячэнні – здадзены дадаткова дзве свідравіны на водазаборы «Альхоўка». Для горада, што разбудоўваецца шматпавярхоўкамі і мікрараёнамі індывідуальнай жылой забудовы, характэрна тэндэнцыя да пастаяннага павелічэння «апетыту» на пітную ваду. Каб не дапусціць яе дэфіцыту, асабліва ў летні перыяд, УКБ ажыццявіла заказ на  гэты аб’ект і перадае яго аб’яднанню камунальных службаў для эксплуатацыі.    

У планах – развіццё інфраструктуры водазабеспячэння ў новых мікрараёнах індывідуальнай забудовы Стоўбцаў. Так, у бліжэйшы час будзе будавацца водаправод у мікрараёне «Паўночны-2».

Называючы гэтыя і іншыя аб’екты, якія служаць людзям дзесяцігоддзямі, разам з калектывам УКБ і асабіста Мікалаем Мармузевічам хочацца згадаць і павіншаваць з прафесійным святам і калектывы асноўных будаўнічых арганізацый раёна, якія выступаюць у ролі генпадрадных арганізацый і працуюць у цеснай звязцы з УКБ, – ПМК-233 на чале з Яўгенам Корсакам,Стаўбцоўскае РБУ на чале з Антонам Самахвалам. Дзякуючы ПМК-233 нядаўна здадзены ў эксплуатацыю чарговы, 60-кватэрны дом жыллёва-будаўнічага кааператыва «Стоўбцы-4», а дзякуючы РБУ сёлета ў пачатку лета быў рэалізаваны ўвогуле ўнікальны праект – у Стоўбцах пабудаваны 24-кватэрны жылы дом для сацыяльных патрэб, першы такі дом у нашай рэспубліцы. Усім будаўнікам (у тым ліку і тым нешматлікім будаўнічым падраздзяленням, брыгадам, якія дзейнічаюць фактычна паўсюдна на прадпрыемствах, у гаспадарках,  камерцыйным арганізацыям раёна) жадаем моцнага здароўя, вытрымкі, каб невычэпрным быў запас сіл і энергіі пераўтвараць і далей нашу Стаўбцоўшчыну –  для нашчадкаў, для будучыні.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

На здымках: майстар  брыгады тынкоўшчыкаў ПМК-233 Сяргей Дземідовіч праводзіць ранішнюю разнарадку з Валянцінай Ліпніцкай, Аленай Стома, Марынай Булаш і Дзмітрыем Ксяневічам; муляр Ігар Паляшчук; брыгадзіру брыгады тынкоўшчыкаў Людміле Таранавай не церпіцца падзяліцца працоўнымі поспехамі.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

НАДЗЕЯ КАЛЕКТЫВУ

10 маладых спецыялістаў гасцінна прынялі ў свой калектыў будаўнікі ПМК-233. Усе яны – выпускнікі школ нашага раёна. Закончыўшы прафесійна-тэхнічныя ліцэі і каледжы ў Мінску, Клецку, Міры, Дзяржынску, яны атрымалі спецыяльнасці цесляра, муляра, тынкоўшчыка, электрагазазваршчыка.

Адметна, што ўсе яны праходзілі практыку ў ПМК-233, паказалі на што  здатныя. Аддзел кадраў арганізацыі даў запыты ў навучальныя ўстановы на ўсіх дзесяцярых маладых спецыялістаў. Яны сталі сапраўдным упрыгажэннем калектыву, дзе працуюць 300 чалавек. І канешне ж, яго надзеяй і перспектывай.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *