Усё лепшае, што напрацавана, прымяняецца і цяпер

Главное Медыцына

Сёння ва ўсім свеце актывізавалася другая хваля каранавіруснай інфекцыі. Наша краіна не стала выключэннем. Стаўбцоўскія медыкі таксама штодзень змагаюцца з распаўсюджваннем інфекцыі. Як у такіх умовах працуе аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі раённай бальніцы, даведаліся ў яго загадчыка Юрыя Астахновіча:

– Аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі да эпідэміялагічнай сітуацыі працавала магутнасцю дзевяць ложкаў. Сёння разгорнута дзевяць інфекцыйных і тры ложкі агульнарэаніматалагічнага напрамку.

Як вядома, на базе раённай бальніцы працуе інфекцыйны шпіталь на 109 месцаў. Дзевяць з іх знаходзяцца ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі. Да нас паступаюць пацыенты са Стаўбцоўскага і суседніх раёнаў. Па меры неабходнасці прывозяць хворых і з больш аддаленых рэгіёнаў Міншчыны.

Нагрузка на медперсанал каласальная. З задачамі, якія стаяць на цяперашні момант, аддзяленне спраўляецца. Мы забяспечаны штатам работнікаў, тэхнічным аснашчэннем, медыкаментамі, маем у дастатковай колькасці сродкі індывідуальнай аховы (маскі, пальчаткі, касцюмы і інш.)

Вопыт ужо напрацавалі падчас першай хвалі каранавіруснай інфекцыі. Аднак сама паталогія складаная. Асабліва цяжка яна працякае ў пацыентаў з анкалагічнымі, сардэчна-сасудзістымі, эндакрыннымі і іншымі захворваннямі. На жаль, этыятропная тэрапія знаходзіцца ў стане распрацоўкі. У гэтым плане працуе шмат навукова-практычных цэнтраў, інстытутаў. Спадзяёмся, што прэпараты, якія будуць эфектыўна знішчаць вірус, створаць у найбліжэйшы час.

Цяпер жа галоўнае – прытрымлівацца асноўных мер прафілактыкі, якія добра вядомы кожнаму з нас: насіць маскі, захоўваць дыстанцыю 1-1,5 метра пры зносінах, праводзіць санапрацоўку памяшканняў, праветрыванне і, безумоўна, трымаць рукі ў чысціні. Беражыце сябе і сваіх блізкіх.

Ксенія РУБІН, фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *