Ветлівасць на пешаходным пераходзе

Ахова правапарадку Главное

У апошнюю пятніцу кастрычніка на Стаўбцоўшчыне прайшоў Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам «Пешаходны пераход – месца сустрэчы ветлівых людзей».

Пешаходны пераход з’яўляецца небяспечным месцам на праезджай частцы, дзе істотнае значэнне мае кожная дробязь. Небяспека можа павялічвацца абмежаваным аглядам, вялікай колькасцю пешаходаў, сярод якіх заўсёды ёсць нецярплівыя.

Апошнім часам пачасціліся выпадкі дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў. Часцей за ўсё ДТЗ фіксуюцца ў цёмны час сутак на праезджай частцы з тымі, хто ў стане алкагольнага ап’янення і ў каго на вопратцы няма святлоадбівальных элементаў.

На дарогах Міншчыны за дзевяць месяцаў 2020 года адбылося 166 ДТЗ з удзелам пешаходаў, у іх 49 чалавек загінулі і 121 – атрымаў траўмы рознай ступені цяжкасці. На дарогах раёна за гэты перыяд здарылася пяць ДТЗ з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў, у іх адзін чалавек загінуў і чатыры – траўміраваны.

Да прыкладу, пры пераходзе праезджай часткі па нерэгуляваным пешаходным пераходзе на вуліцы Івянецкай у Стоўбцах пацярпела ад наезду аўтамабіля вучаніца 11 класа. На дваровай тэрыторыі на вуліцы Міру райцэнтра малалетні нечакана выбег на праезджую частку з-за прыпаркаванага аўтамабіля і атрымаў цяжкія траўмы.

Пешаходам неабходна памятаць, што правілы дарожнага руху абавязваюць іх рухацца па тратуарах і пешаходных дарожках, і толькі пры іх адсутнасці – па абочыне. Калі рух па абочыне немагчымы, дазваляецца ісці па краі праезджай часткі і толькі насустрач транспартнаму патоку.

У абавязковым парадку неабходна абазначыць сябе ў цёмны час сутак святлоадбівальнымі элементамі. Пры гэтым важна, каб флікер знаходзіўся спераду, а калі ён у выглядзе нарукаўнай павязкі – быў надзеты на правую руку. Найлепшы варыянт – гэта нарукаўныя павязкі на абедзвюх руках.

Вадзіцелям пры набліжэнні да пешаходнага перахода неабходна змяншаць хуткасць да мінімуму і, пазбягаючы наезду, даць магчымасць усім пешаходам пакінуць праезджую частку. Пешаходы на пешаходным пераходзе маюць перавагу перад транспартнымі сродкамі, але ўсё роўна, перад тым як ступіць на праезджую частку, павінны пераканацца ў бяспечнасці выхаду.

Асаблівую пагрозу на праезджай частцы ці паблізу яе нясуць п’яныя пешаходы. Яны паводзяць сябе неасцярожна, часта – агрэсіўна. На шчасце, ёсць неабыякавыя ўдзельнікі дарожнага руху, якія паведамляюць пра такія факты па тэлефоне 102.

За знаходжанне пешахода або веласіпедыста на праезджай частцы ў нецвярозым стане прадугледжаны, згодна з артыкулам 18.23 КоАП Рэспублікі Беларусь, штраф у памеры ад трох да пяці базавых велічынь (на даны момант адна базавая велічыня – 27 рублёў).

Віктар САЧУК, старшы дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ райаддзела міліцыі

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *