Адменены масавыя мерапрыемствы

Главное Медыцына

Фота носіць ілюстрацыйны характар

На чарговым пасяджэнні аператыўнага штаба Стаўбцоўскага райвыканкама па папярэджванні завозу і распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каранавірусам, прынята рашэнне аб часовай забароне правядзення ўсіх відаў масавых мерапрыемстваў у закрытых памяшканнях, а таксама ў выпадку, калі немагчыма захаваць сацыяльнае дыстанцыраванне.

На пасяджэнні аператыўнага штаба была заслухана інфармацыя галоўнага ўрача ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Аляксея Бондарава, на аснове якой унесены дапаўненні ў план мерапрыемстваў па прафілактыцы і зніжэнні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі на Стаўбцоўшчыне. Яны закранаюць фактычна ўсе суб’екты гаспадарання. На даны момант у грамадскім транспарце, на прыпынках і ў пад’ездах жылых дамоў, магазінах арганізавана шырокае інфармаванне насельніцтва аб мерах прафілактыкі.

Сярод супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў – недапушчэнне ў калектыў асоб з сімптомамі вострай рэспіраторнай інфекцыі. Для гэтага арганізавана вымярэнне тэмпературы ў работнікаў і апытанне іх на прадмет ВРІ. Забаронена правядзенне нарад і семінараў з непасрэдным удзелам, а толькі ў аддаленым фармаце. Прадпісана забяспечыць сацыяльнае дыстанцыраванне работнікаў. У памяшканнях павінны ажыццяўляцца вільготная ўборка з дэзынфекцыяй не менш чым раз у суткі, максімальнае праветрыванне.

Жорсткія патрабаванні прад’яўлены да аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, дзе акрамя названых вышэй мерапрыемстваў, на працягу рабочага дня неабходна забяспечыць апрацоўку сродкамі дэзынфекцыі ручак дзвярэй, парэнчаў, карзін, кас, вітрын і іншага гандлёвага абсталявання. Рашэннем аператыўнага штаба прыпынена аказанне паслугі па курэнні кальянаў.

Супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы рэалізоўваюцца і ва ўстановах сацыяльнай абароны – ДУ «Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат» і ДУ «Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў». Да стабілізацыі эпідэмічнай сітуацыі забаронены доступ на іх тэрыторыю пабочных асоб.

Пры невыкананні акрэсленых вышэй патрабаванняў будуць прымацца меры адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Паважаныя жыхары Стаўбцоўшчыны!

Нагадваем пра меры прафілактыкі і бяспекі на працоўных месцах і ў грамадстве, якія датычаць кожнага з нас. Гэта нашэнне маскі, захаванне 1,5-метровай дыстанцыі, мыццё рук з мылам і апрацоўка іх антысептыкам.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *