Як уратавацца ў спякоту?

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

У апошнія тры тыдні спякота стала анамальнай. Аб’яўлена, што ў Мінску ўстаноўлены новы рэкорд цяпла за ўвесь перыяд метэаназіранняў – 3 жніўня паветра ў сталіцы прагрэлася да 35,6 градуса, а ў Мар’інай Горцы і наогул да 36,5 градуса. Як бы мы ні радаваліся цёпламу лету, усё ж такое надвор’е становіцца небяспечным, асабліва для людзей з хранічнымі захворваннямі. Таму карысна будзе кожнаму паслухаць парады ўрачоў, як уратаваць сябе ў такіх экстрэмальных умовах. Гэтае пытанне мы задалі ўрачу-валеолагу цэнтральнай раённай бальніцы Ірыне Пярхальскай і ўрачу-эпідэміёлагу раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірыне Пятровіч.

– Высокая тэмпература паветра, якая трымаецца ўжо некалькі тыдняў, – робіць акцэнты Ірына Пярхальская, – безумоўна, з’яўляецца вялікай нагрузкай на арганізм любога чалавека. Найбольш цяжка ў гэтыя дні пажылым людзям, тым, у каго хранічныя захворванні, і малым дзецям. Працяглае ўздзеянне высокіх тэмператур можа прывесці да парушэння абмену рэчываў, абязводжвання, цеплавых удараў, а таксама да зніжэння імунітэту ў цэлым.

– Як жа патрэбна весці сябе ў такіх кліматычных умовах, каб мінімалізаваць адмоўныя вынікі?

– Нельга насіць сінтэтычную бялізну і абцягваючае адзенне. Сінтэтычнае адзенне стварае «парніковы эфект» – добрае  асяроддзе для размнажэння хваробатворных бактэрый, а вузкае адзенне абцяжарвае дыханне і парушае цеплаабмен арганізма. Не трэба без патрэбы карыстацца грамадскім транспартам. Спякота і духата ў замкнутай прасторы пагражаюць кіслародным галаданнем, якое правакуе страту прытомнасці, галавакружэнні і гіпертанічныя крызы. Нельга сядзець пад кандыцыянерам. Калі вы ва ўзмоклым адзенні сядзеце пад кандыцыянер, то ў лепшым выпадку можаце атрымаць насмарк, а ў горшым –   пнеўманію ці радыкуліт. Нават у самую моцную спякоту нельга «праграмаваць» кандыцыянер на тэмпературу ніжэй за 18 градусаў. Аптымальны варыянт – калі перапад паміж пакаёвай і вулічнай тэмпературамі складае не больш за 10 градусаў. Нездарма ўсе імкнуцца «адгуляць» чарговы адпачынак летам – працаваць у спякоту непрадукцыйна. Каб знізіць рызыку адмоўнага ўплыву такога надвор’я, патрэбна захоўваць меры перасцярогі. Найперш, знізіць фізічныя нагрузкі. Непажадана выходзіць на вуліцу ў пік спякоты – з 11 да 16 гадзін. Менш праводзьце часу за рулём. Насіце галаўны ўбор. Піце больш вадкасці пакаёвай тэмпературы, а не ледзяной, якая прымушае арганізм яшчэ больш пацець з-за таго, што вада даўжэй застаецца ў страўніку, а мінеральныя солі, якія ўтрымліваюцца ў ёй, не паступаюць у клеткі арганізма. У ваду нядрэнна дабаўляць аскарбінавую кіслату ці сок лімона. Лепш за ўсё ў гэты перыяд падыдуць разбаўленыя сокі, ёгурты, кефір, морс, зялёны чай. Ежа павінна быць лёгкай. Будзьце вельмі асцярожнымі з алкаголем, абмяжуйце курэнне. Калі вы ўжываеце піва, алкаголь, не думайце, што гэта вадкасць. Гэтыя напіткі арганізм успрымае як яды і пачынае з імі змагацца.

– Калі ўсё ж не ўдалося зберагчы арганізм, па якіх характэрных прызнаках можна распазнаць цеплавы ўдар?

–  Галаўны боль, ірвота, страта прытомнасці, магчымы сутаргі. Скура робіцца халоднай і вільготнай, твар блякне, дыханне становіцца частым і павярховым, пульс ледзьве намацваецца.

–  Як аказаць чалавеку дапамогу?

– Трэба пакласці  яго ў зацемненае месца, вызваліць ад адзення, якое сціскае, змачыць твар халоднай вадой, цела таксама ахаладзіць мокрым ручніком. Рэкамендуецца абільнае піццё (сокі, чай, кава і г. д.). Да носа пацярпелага можна паднесці вату, змочаную нашатырным спіртам ці воцатам. Можна пакласці вільготны кампрэс на лоб і скроні, працерці вільготнымі сурвэткамі ногі і рукі, даць выпіць халоднай вады. Калі чалавек страціў прытомнасць, палажыце яго ў позу, зручную для дыхання. Адразу ж выклікайце ўрача, нават калі чалавек знаходзіцца ў прытомнасці.

Урач-эпідэміёлаг Ірына Пятровіч папярэджвае адносна кішэчных атручэнняў:

– Нельга перакусваць на хаду. У спякоту прадукты псуюцца асабліва хутка, таму небяспека харчовых атручэнняў у гэты час асабліва вялікая. Не рыхтуйце страву ў запас. Не купляйце прадукты на латках, якія не абсталяваны халадзільнікамі – вы ж не ведаеце, колькі яны праляжалі на санцапёку. Не захоўвайце прадукты, якія хутка псуюцца, без халадзільніка больш за чатыры гадзіны. У спякоту вельмі абвастраецца праблема страўнікава-кішэчных расстройстваў. Страта вадкасці зніжае бар’ерныя функцыі страўніка, якія абараняюць арганізм ад хваробатворных бактэрый. З іншага боку, высокая тэмпература паветра садзейнічае хуткаму псаванню  прадуктаў. Найбольшую небяспеку ў спякоту ўяўляюць мясныя паўфабрыкаты, агароднінныя салаты, рыбная прадукцыя, торты, малочныя прадукты. Каб абараніць сябе ад інфекцыі, ежу патрэбна падвяргаць тэрмічнай апрацоўцы. Нельга пакідаць ежу пры пакаёвай тэмпературы больш чым на дзве гадзіны. Таксама не варта яе доўга захоўваць і ў халадзільніку. Для піцця, мыцця агародніны і фруктаў лепш выкарыстоўваць кіпячоную ваду ці з бутэлек. Пры першых прыкметах  вострай кішэчнай інфекцыі неабходна адразу ж звярнуцца да ўрача.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *