У радзільным аддзяленні Стаўбцоўскай ЦРБ пануюць стэрыльная чысціня і асаблівы мікраклімат, якія старанна, «по умолчанию«, падтрымліваюцца малодшым медыцынскім персаналам.
Гэтыя работнікі хоць і не аказваюць медыцынскую дапамогу, але без іх немагчыма ўявіць паспяховае функцыянаванне аддзялення. Дзякуючы ім жанчыны, якія чакаюць родаў, і парадзіхі, у якіх з’явіліся на свет немаўляты, адчуваюць сябе спакойна і бяспечна, як дома.
Іх упэўненасць «сілкуецца» адпаведнай увагай з боку спецыялістаў-медыкаў і, немалаважна, – належным доглядам, цёплымі, падобнымі на мацярынскія, адносінамі санітарак і іншых работнікаў.

Так як у радзільнае аддзяленне па зразумелых прычынах абмежаваны ўваход, то з боку персаналу арганізаваны прыём перадач ад наведвальнікаў. Дарэчы, для пацыентак аддзялення арганізавана чатырохразовае харчаванне.
– У нас склаўся маладзёжны калектыў. Побач з моладдзю і мы маладзеем, – заўважаюць тыя, хто працуе ў радзільным аддзяленні на працягу 20 і больш гадоў.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара