Мінчанка Тамара Ляліхава ў дзень нараджэння Якуба Коласа прыехала на яго радзіму, на мемарыяльную сядзібу ў Смольні.
«Мяне цягнула сюды, на Стаўбцоўшчыну, – прызнаецца Тамара Мітрафанаўна. – Шмат у якіх музеях я пабывала, а вось у музеі Якуба Коласа – упершыню».
І ў Смольні ў яе як у чалавека надзвычай творчага і актыўнага атрымалася не проста экскурсія, а экспромт у выглядзе персанальнай міні-выстаўкі.
Тамара Мітрафанаўна знаёміла з фотаздымкамі з сямейнага альбома, чытала з уласцівым ёй артыстызмам уласныя вершы і нават заспявала цыганскі раманс. Голас у яе зычны, аксаміцісты, забыць які нельга…

У размове высветлілася, што сваё жыццё Тамара Ляліхава прысвяціла творчасці. У пераважнай большасці працавала ў мастацкай самадзейнасці ў воінскіх часцях, дзе служыў муж-ракетчык, а некаторы час ёй, філолагу па адукацыі, давялося выкладаць у школе беларускую мову. У 1986 годзе, падчас службы мужа ў Гомелі, суправаджала групы дзяцей на аздараўленне ў Прыбалтыку.
– Наша сям’я была музычнай, – расказвае пра сябе жанчына. – Тата цудоўна іграў на скрыпцы, спяваў. Голас меў як у Шаляпіна. Вершы пішу з сёмага класа, першы з іх прысвяціла Канстанціну Заслонаву…
Яна, дзіця вайны, нарадзілася ў г. Асіповічы. Доўгі час пасля вайны займалася пошукамі брата, які загінуў у Ленінградзе. Адзін з яе сучасных вершаў пачынаецца так: «Не безразлична мне судьба моей страны…»

– Мне ад сваякоў перадалося нешта такое трыбуннае, – зазначае Тамара Мітрафанаўна. – Цяпер пішу біяграфічную кнігу пра вайну. Працую на дачы, бо вельмі люблю зямлю. Ганаруся ўнукам. Ён у мяне падпалкоўнік.
Прыемныя ўражанні засталіся ў Тамары Ляліхавай ад наведвання мемарыяльнай сядзібы Якуба Коласа. «Спадабаліся вашы шчырыя людзі», – гэта яе камплімент усім нам, землякам і нашчадкам вялікага песняра.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара