Аляксандра Елак аб нялёгкім дзяцінстве, працы с жывёлай і тытуле «Міс Абаяльнасць»

Главное Сельская гаспадарка

З Аляксандрай Елак, ветфельчарам ААТ «Рубяжэвічы», упершыню пазнаёмілася на конкурсе «Прыгажуня Аграпрама – 2019», дзе яна заваявала тытул «Міс Абаяльнасць».

Другі раз мы сустрэліся ў канторы гаспадаркі, і Аляксандра расказала, чаму  выбрала менавіта прафесію ветфельчара. Яна марыла лячыць жывёлу і ажыццявіла сваю мару. Хоць родныя і былі супраць таго, каб паступала вучыцца на гэтую спецыяльнасць. Але рашэнне Аляксандры было непахісным. Заўсёды шчыміла сэрца, калі бачыла на вуліцы бяздомных сабаку або кацяня. Брала іх з сабою і несла дадому.

– Бяздомных адразу відаць. Яны хоць і баяцца, але ідуць да людзей, пераадольваючы страх, бо галодныя і ім, як і кожнай жывой істоце, хочацца цеплыні і ласкі. Асабліва пакутуюць тыя, каго кінулі гаспадары, – разважае мая суразмоўніца.

Гавораць, што прыгажосць выратуе свет. Але, хутчэй за ўсё, гэта зробіць дабрыня. Добры чалавек нікому не пажадае зла і заўсёды дапаможа ў бядзе.

У Аляксандры Елак было нялёгкае дзяцінства, якое і наклала адбітак на ўсё яе далейшае жыццё. Мама з татам так і не змаглі адмовіцца ад злоўжывання спіртным і былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Дзяўчынцы тады было шэсць гадоў. Спачатку Сашу ўзяла да сябе цётка, а затым была прыёмная сям’я. Школу Аляксандра закончыла ў Стоўбцах.

– Я вельмі ўдзячна прыёмнай маме за тое, што яна падарыла мне любоў і надзею, навучыла верыць у лепшае і ніколі не скарацца перад цяжкасцямі, – сказала Аляксандра. – Цяпер цвёрда стаю на нагах і самастойна будую сваё жыццё.

Аляксандру Елак размеркавалі на работу ў таварыства пасля заканчэння Смілавіцкага аграрнага каледжа. Маладога  спецыяліста аформілі  ветфельчарам на МТФ «Новыя Рубяжэвічы».

– Работа мая заключаецца ў прафілактыцы захворванняў буйной рагатай жывёлы і яе лячэнні, – працягвае размову Аляксандра.

І выконвае яна даручаную работу сумленна. Пайшоў другі год, як завіхаецца на ферме. Дырэктар таварыства задаволены спецыялістам.

– Зразумела, штосьці трэба і падказаць, бо мы самі калісьці былі маладымі і пачыналі, можна сказаць, з нуля, – разважае Дзмітрый Сахарэвіч. – Але нічога, вопыт прыйдзе. Галоўнае, каб спецыяліст любіў сваю работу і сцвердзіўся ў прафесіі. У Аляксандры гэта атрымліваецца.

Дарэчы, кіраўнік сам па адукацыі ветурач і, калі ёсць патрэба, дае слушную параду.

– Работа мне падабаецца, адчуваю асалоду ад таго, што дапамагаю жывёле, робячы ўсё, каб зменшыць боль, а часам і захаваць жыццё, –  гаворыць малады спецыяліст.

Аляксандра думае і далей працаваць па спецыяльнасці. Паступіла вучыцца на завочнае аддзяленне Віцебскай дзяржаўнай ветэрынарнай акадэміі на спецыяльнасць «ветэрынарная медыцына». Цяпер займаецца на другім курсе. Сцвярджае, што працягвае вучобу зусім не для таго, каб мець «корачку», проста хочацца атрымаць больш ведаў.

– Мяне ўсё задавальняе, – сказала Аляксандра. – І праца мая, і жыллёвыя ўмовы. Аграгарадок прыгожы, з развітой інфраструктурай. Школа, дзіцячы садок, бальніца, магазіны, аптэка – усё, як у горадзе. Вось толькі для моладзі няма асаблівага занятку ў вольны час. Хацелася б, каб была якая-небудзь спартыўная секцыя.

Праз тыдзень пасля размовы сустрэла Аляксандру ў райцэнтры. Яна трымала ў руках кветкі.

– Гэта для мамы, – перахапіла мой позірк дзяўчына і ўдакладніла: – Прыёмнай мамы, бо заўсёды хочацца зрабіць ёй прыемнае.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *