Развіваюць спартыўны імідж Стаўбцоўшчыны

Главное Спорт

Будынак блакітнага колеру па вуліцы Міру ў Стоўбцах не ведаюць, мабыць, толькі госці горада. Для мясцовых жыхароў ён з’яўляецца папулярным месцам для актыўнага адпачынку. Сёлета работнікі фізкультурна-аздараўленчага комплексу ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна» адзначаюць свой першы юбілей – пяцігоддзе з дня адкрыцця.

Сваё пяцігоддзе калектыў комплексу адзначыў у прыемнай атмасферы. Падчасмерапрыемства ганаровыя граматы ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Стаўбцоўскага райвыканкама атрымалі наступныя работнікі: слесарсантэхнік Галуста Барсягян, дзяжурная па спартыўнай зале Тамара Кісун, загадчыца склада Іна Лагута, адміністратар Святлана Максімовіч, прыбіральшчыца вытворчых памяшканняў Марыя Сямёнава, электраманцёр Анатоль Уса, галоўны бухгалтар Вольга Шаўко. Віншаванні ім перадалі намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Людміла Стонька. Прыемным сюрпрызам для калектыву стаў шырокаэкранны вадкакрышталічны тэлевізар ад мясцовай улады. Адміністрацыя ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна» выказвае ўдзячнасць райвыканкаму за віншаванні і каштоўны падарунак.

За першую пяцігодку кіраўніцтвам комплексу пры падтрымцы мясцовай улады зроблена нямала. Ва ўстанове працуюць басейн, трэнажорная і спартыўная залы, разнастайныя спартыўныя секцыі.

Дырэктар установы Мікалай Мазур

Рыхтуюць будучых чэмпіёнаў

Адна з галоўных мэт у дзейнасці ўстановы – падрыхтоўка спартыўнага рэзерву. У гэтым напрамку актыўна працуюць трэнеры дзіцячых спартыўных секцый па плаванні, лёгкай атлетыцы, футболе, лыжных гонках. На цяперашні момант у 34 групах – 360 навучэнцаў, якія жадаюць займацца спортам і прайшлі адбор. Галоўная адметнасць працы – высокія дасягненні. Некаторыя выхаванцы вучацца далей і выбіраюць спартыўную кар’еру. Так, у 2019–2020 навучальным годзе ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна» накіравала для далейшага ўдасканалення свайго спартыўнага майстэрства ў спецыялізаваныя ўстановы (да прыкладу, ДУ «Наваполацкае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву», вучэбны цэнтр «Футбольная акадэмія» ТАА «ФК «Дынама-Брэст», ДУ «Плешчаніцкая дзяржаўная абласная сярэдняя школа – вучылішча алімпійскага рэзерву» і інш.) Анастасію Ярмалкевіч, Вікторыю Шастак, Дар’ю Грыб, Арцёма Ластаўку, Мацвея Трачэнку, Аляксандра Смаўжа, Паўла  Селязневіча.

У фізкультурна-аздараўленчым комплексе займаюцца з дзецьмі кваліфікаваныя і вопытныя трэнеры. Сёлета ФАК папоўніўся двума маладымі спецыялістамі. Трэнеры Паліна Лісоўская і Дар’я Някрасава – майстры спорту па плаванні Рэспублікі Беларусь – прыехалі працаваць у Стоўбцы па размеркаванні і ўжо актыўна асвоіліся на першым рабочым месцы. Яны штодзённа трэніруюць па тры-чатыры групы. Дар’я працуе з пачаткоўцамі, Паліна – са старэйшымі выхаванцамі. Кожная атрымлівае асалоду ад выбранай прафесіі. Паліна Лісоўская падзялілася:

Малады спецыяліст Паліна Лісоўская на адной хвалі са сваімі выхаванцамі

– Кожны дзень знаходжуся ў тым асяроддзі, якое натхняе і матывуе рухацца наперад. Вядома, праца з дзецьмі складаная, адказная. Кожнае дзіця неабходна пракантраляваць, зацікавіць. Аднак шчаслівыя ўсмешкі і добрыя вынікі – лепшая ўзнагарода.

Кіраўніцтва ФАКа цесна супрацоўнічае з рознымі грамадскімі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія прапануюць заняткі па сучасных відах спорту. На цяперашні момант заключана 104 дагаворы на аказанне платных паслуг па навучанні плаванню, аквааэробіцы, каратэ, змешаным адзінаборствам, сілавому кардыя, шэйпінгу, атлетызму, аэробіцы, даросламу і дзіцячаму фітнесу, ёзе.

Падобнае супрацоўніцтва дазваляе праводзіць на базе Стаўбцоўскага ФАКа вучэбна-трэніровачныя зборы і спаборніцтвы розных узроўняў – ад мясцовага да міжнароднага.

Галоўнае – бяспека і камфорт

Тамара Кісун сочыць за парадкам у зале

Адна з задач установы – аказанне паслуг насельніцтву, якія тут прадстаўлены ў шырокім спектры. Найбольшым попытам у стаўбчан карыстаюцца басейн і трэнажорная зала. Гараджане наведваюць іх па некалькі разоў на тыдзень. Тамара Кісун, якая працуе дзяжурнай па спартыўнай зале з дня адкрыцця комплексу, заўважае:

– Да 50 чалавек прыходзяць на трэніроўкі, асабліва шматлюдна з 18.00 да 21.00. Цяпер, праўда, такога наплыву няма ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй.

Дарэчы, Тамара Пятроўна ведае ўсіх пастаянных кліентаў пайменна.

Таццяна Міткевіч — пастаянная наведвальніца трэнажорнай залы ФАКа
Сняжана Шакель займаецца на бегавой дарожцы ў трэнажорнай зале

Пяты год у ФАКу працуе адміністратар Святлана Шыркоўская. Яна сустракае кліентаў, робіць гэта шчыра, з усмешкай, таму яе можна назваць візітнай карткай комплексу. Святлана Уладзіміраўна расказвае:

– Важна сустрэць гасцей так, каб ім захацелася прыйсці да нас наступны раз.  Цяпер клапоцімся і пра іх эпідэміялагічную бяспеку – знаёмім з асноўнымі мерамі прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі.

Святлана Шыркоўская заўсёды рада вітаць наведвальнікаў комплексу

Калі ставішся да людзей добразычліва, то і яны адказваюць узаемнасцю. Нам прыемна, што акрамя мясцовых жыхароў комплекс наведваюць групы з суседніх раёнаў і нават са сталіцы. Ад іх мы маем станоўчыя водгукі.

Каб кліенты адчувалі сябе камфортна і бяспечна, кіраўніцтвам ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы. Пра гэта расказвае дырэктар фізкультурна-аздараўленчага комплексу ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна» Мікалай Мазур:

– На даны момант вырашана зменшыць колькасць сеансаў у басейне, трэнажорнай зале. Пасля кожнага з іх прадугледжаны тэхнічныя перапынкі, падчас якіх вядзецца апрацоўка памяшканняў сродкамі дэзынфекцыі. Усе работнікі прытрымліваюцца масачнага рэжыму. Для наведвальнікаў устаноўлены дазатары з антысептычнымі сродкамі. Мы запрашаем усіх, хто вядзе здаровы лад жыцця, наведаць нашу ўстанову і знайсці сабе занятак па душы.

Ксенія РУБІН

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *