У аўтобусах, што курсіруюць на гарадскіх маршрутах, з’явілася новаўвядзенне: гучыць аўдыязапіс з мерамі перасцярогі ад каранавіруснай інфекцыі. Унутры салона таксама расклеены тэматычныя лістоўкі, і з імі можа азнаёміцца любы пасажыр.
Маршрутныя аўтобусы апрацоўваюць сродкамі дэзынфекцыі двойчы на дзень – перад выездам на лінію і пасля прыбыцця з маршрутаў. У салоне праціраюць ручкі і парэнчы.
– Апрацоўваем сродкамі дэзынфекцыі ўсе санітарна-бытавыя памяшканні, адміністрацыйны корпус. Закуплены маскі, пальчаткі, якія выдадзены вадзіцелям аўтобусаў, – расказаў пра асаблівасці работы транспартнікаў у цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыі галоўны інжынер аўтапарка № 17 Андрэй Ермакоў.
На прахадной прадпрыемства перад выездам на лінію змерваюць у вадзіцеляў не толькі ціск, але і тэмпературу цела.
Прафілактычныя меры накіраваны на тое, каб не дапусціць распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ
Фота Наталлі КЛЫГАЧ