У Наваколасаве жывуць чаканнем будаўніцтва жылля

Важное Моя Столбцовщина Соцыум

image_pdfimage_print

60-кватэрны дом па вуліцы Перамогі  ў  Наваколасаве здаваўся ў эксплуатацыю ў снежні 2009 года. З тых пор будаўніцтва тут не вялося, і жыллёвая праблема – у ліку самых вострых для жыхароў пасёлка.

– У чарзе тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, знаходзяцца 68 чалавек, – канкрэтызуе сітуацыю старшыня Наваколасаўскага сельвыканкама Дзмітрый Каршункоў.  –  Некалькі гадоў таму было 110 чалавек, але колькасць скарацілася ў сувязі з тым, што ваеннаслужачым, якія выйшлі ў адстаўку,  Міністэрства абароны рэспублікі пачало выдзяляць кватэры ў г. Мінску. Акрамя таго, тры сям’і выказалі жаданне і пабудавалі ўласныя дамы ў Стоўбцах. Шматдзетныя сем’і таксама выкарыстоўваюць сваё права на будаўніцтва жылля ў райцэнтры.

Старшыня Наваколасаўскага сельвыканкама Дзмітрый Каршункоў абмяркоўвае пытанні добраўпарадкавання з Марыяй Жызнеўскай і Дзмітрыем Грыгарцэвічам

– Дзмітрый Іванавіч, а ў Наваколасаве плануецца ўзводзіць жыллё?

– У сакавіку бягучага года ў нас прайшоў сход, на ім знайшлося не менш за 25 жадаючых будаваць шматкватэрны жылы дом. Але для гэтага неабходна распрацаваць падэтальны план сярэднепавярховай жылой забудовы або канцэпцыю адна-, двух-, шматпавярховых жылых дамоў. У даным напрамку работа праводзіцца райвыканкамам.

– Я так разумею, што індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва жыхарамі пасёлка не запатрабавана?

– У нас няма лішніх зямель, хоць пасёлак знаходзіцца сярод лесу. Вакол яго – лясы першай групы, для высечкі якіх патрэбен дазвол Прэзідэнта. Няма ніводнага ўчастка для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва, як, дарэчы, няма і пустых дамоў. Іх набываюць адразу пасля аб’яўлення аб продажы. У пасёлку, згодна з генеральным планам развіцця, ёсць магчымасць пабудаваць чатыры шматпавярховыя жылыя дамы.

– Наваколасаўскі сельвыканкам адрозніваецца ад іншых не толькі размяшчэннем. З якімі пытаннямі звяртаюцца да вас людзі?

– Пытанні ўзнікаюць розныя – ад бытавых да палітычных. З таго, што звязана з жыццезабеспячэннем жыхароў пасёлка, – вулічнае асвятленне, спілоўванне аварыйных дрэў, функцыянаванне ацяплення…

Сёлетні ацяпляльны сезон пачаўся своечасова, паўсюдна пададзена цяпло. Былі праблемы з напорам вады ў сувязі з выхадам са строю помпы. Гэта ўсё рабочыя моманты, таму што абсталяванню і свідравіне ўжо больш за 30 гадоў.

Шмат пытанняў датычыць зямлі, а менавіта выдзялення зямельных участкаў для агародніцтва. Пераважная большасць жыхароў пасёлка пражывае ў шматпавярховай забудове, таму на зямлю захоўваецца вялікі попыт. Выдзяляем у часовае карыстанне па 1,5 соткі на сям’ю.

– Усім хапае зямлі для агародніцтва?

– Попыт на яе назіраецца, аднак дэфіцыту зямлі няма. На цяперашні момант ёсць больш за дзесяць участкаў, якімі грамадзяне не карыстаюцца. Будзем іх пераразмяркоўваць. Некаторыя сем’і  бяруць і апрацоўваюць па два ўчасткі. Усе землі распрацаваныя, пасадкі на іх вядуцца з 80-х гадоў. Знаходзяцца зямельныя масівы па абодва бакі ад пасёлка.

– Раней ад жыхароў Наваколасава паступала шмат пытанняў, звязаных з добраўпарадкаваннем. Якія з іх сёння маюць актуальнасць?

– У мінулым годзе шмат чаго было зроблена, і людзі гэта бачаць. Да прыкладу, заасфальтавана вуліца Спартыўная, частка вуліцы Школьнай. Зроблены тратуар да чыгуначнага вакзала.

Увага скіравана на добраўпарадкаванне вуліцы Перамогі. Прыведзена ў парадак тэрыторыя вакол дома № 12, дзе з’явілася і дзіцячая пляцоўка. Наступным аб’ектам будзе двор дома па вуліцы Перамогі, 11. Увогуле ўсе прыдамавыя тэрыторыі ў пасёлку знаходзяцца ў дрэнным стане. Пачнём ажыццяўляць рамонты з двароў тых дамоў, дзе найбольшая колькасць людзей.

Апошнім часам капітальна адрамантаваны дом па вуліцы Алфёрава, 4, і распачаты рамонт дома па вуліцы Алфёрава, 5.

– Нядаўна ў Наваколасаве адбылося перапахаванне астанкаў ваеннаслужачых, знойдзеных на тэрыторыі сельсавета падчас работы пошукавага атрада. Якія яшчэ асаблівасці ў жыцці пасёлка?

– У нас развіваецца прадпрымальніцтва, чаму спрыяе наяўнасць свабодных памяшканняў, якія засталіся ад  воінскай часці. Сёлета адкрыўся яшчэ адзін магазін, у выніку чаго знята напружанасць з гандлёвым абслугоўваннем жыхароў пасёлка. Акрамя таго, выдзелена месца для гандлю, куды тройчы на тыдзень прыязджаюць з прамысловымі таварамі індывідуальныя прадпрымальнікі.

Аглядавая камісія вядзе з людзьмі пажарна-прафілактычную работу. Працуе грамадскі пункт аховы правапарадку. Трое абавязаных асоб працаўладкаваны і кампенсуюць дзяржаве выдаткі на ўтрыманне сваіх непаўналетніх дзяцей.  Вядзём работу з сям’ёй, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным.

– Якія арганізацыі займаюцца вырашэннем сацыяльных праблем пасёлка?

– Гэта воінская часць, участак Стаўбцоўскага АКС, сярэдняя школа, дзіцячая школа мастацтваў, з якімі працуем у цесным кантакце. Пры неабходнасці збіраемся разам у маім кабінеце на відэаканферэнцыі, якія праводзіць раённы выканаўчы камітэт. Ужо год , як у сельвыканкаме ўстаноўлена сучаснае абсталяванне для ўзаемадзеяння ў падобным фармаце.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *