Анастасія Клімовіч: «Большасць дзяцей – бессімптомныя носьбіты»

Главное Медыцына

image_pdfimage_print

У апошнія тыдні ў краіне расце колькасць новых выпадкаў заражэння каранавірусам. Цяпер іх за суткі рэгіструецца больш за 1000.

Паводле даных Міністэрства аховы здароўя, школьнікі складаюць 8–12 працэнтаў сярод  захварэлых на COVID-19. Нашы дактары прымаюць пэўныя меры па папярэджванні захворвання ў дзяцей.

Наколькі небяспечны каранавірус для дзяцей, які парадак выяўлення інфекцыі і што трэба рабіць бацькам, калі заўважылі ў дзіцяці прыкметы ВРВІ, расказала ўрач-педыятр раённы Стаўбцоўскай ЦРБ Анастасія Клімовіч.

– Цяпер назіраецца павелічэнне захваральнасці на COVID-19. Анастасія Леанідаўна, як вы думаеце, чым можна растлумачыць рост колькасці хворых?

– Пасля канікулаў дзеці вярнуліся ў школы і дзіцячыя садкі. Дома яны больш часу праводзяць з дарослымі. У школах цесна кантактуюць, збіраюцца групамі, дыстанцыю не захоўваюць. Акрамя таго, людзі стаміліся ад самаізаляцыі, перасталі насіць маскі, прызвычаіліся да небяспечнай інфекцыі. Адсюль і захваральнасць.

– А тактыка работы з інфіцыраванымі змянілася ці не? Кантакты першага ўзроўню па-ранейшаму выяўляюць і накіроўваюць на самаізаляцыю?

– Тактыка не мянялася. У паліклініцы таксама ёсць размежаванне патокаў: чырвоная і зялёная зоны. Пры ўваходзе ў паліклініку праводзіцца тэрмаметрыя. Калі ў маленькага пацыента павышаная тэмпература, то ён накіроўваецца ў кабінет 101, куды ўваход асобны. Калі камусьці выстаўляецца дыягназ COVID-19, даныя паступаюць у санітарную службу. З хворым звязваецца ўрач-эпідэміёлаг, які ў выніку апытвання складае кола кантактаў. Гэтых людзей абследуюць і накіроўваюць на самаізаляцыю. Звесткі пра іх паступаюць у медустановы, дзе яны абслугоўваюцца. Такім чынам, паліклініка атрымлівае інфармацыю ад санітарнай службы. Выязджае кантактная група і абследуе гэтага чалавека.

– Колькі цяпер у паліклініцы працуе выязных брыгад?

– Цяпер працуюць тры брыгады. Аказваем дапамогу як дзецям, так і дарослым. Працуем без выхадных.

– Як дзеці пераносяць захворванне? Ці здараюцца ў іх пнеўманіі?

– Дзеці, у адрозненне ад дарослых, пераносяць захворванне намнога лягчэй. Мы назіраем шмат бессімптомных форм: мазок станоўчы, але праяўленняў інфекцыі няма. Калі ж прысутнічае лёгкая сімптаматыка (тэмпература, боль у горле, кашаль), то справа можа даходзіць і да бранхіту. «Ковідная» пнеўманія ў дзяцей вельмі рэдкая.

– Дзе, як правіла, яны заражаюцца?

– Ёсць і сямейныя, і школьныя ачагі. Заразіцца можна ўсюды. Але большасць дзяцей з’яўляюцца бессімптомнымі носьбітамі, таму яны самі ўяўляюць небяспеку для дарослых, найперш – для людзей старэйшага пакалення, бабуль і дзядуль.

– Анастасія Леанідаўна, скажыце, калі ласка, а дзеці могуць здаць тэст на платнай аснове?

– Так, але калі дзіця захварэла, тэст здаецца бясплатна. Нават яго станоўчы вынік пры адсутнасці клінічных праяўленняў не сведчыць, што чалавек хворы і з’яўляецца крыніцай інфекцыі. Гэта могуць быць абломкі РНК-віруса, доза якіх вельмі малая, што не можа выклікаць захворвання.

– Як дзейнічаць бацькам, калі ў дзіцяці з’явіліся тэмпература, недамаганне?

– Максімальна ізаляваць яго дома. Звярнуцца ў паліклініку і выклікаць урача на дом. Нагадаю, што ў дзіцячую рэгістратуру можна патэлефанаваць на нумар 5-23-22.

– Анастасія Леанідаўна, вы як урач-педыятр што можаце параіць бацькам і іх дзецям, каб засцерагчыся ад інфекцыі?

– Па-першае, як дарослыя, так і дзеці павінны больш ужываць у ежу садавіны, агародніны. Вельмі карысная рыба, патрэбна есці і мяса, піць больш вадкасці, ужываць вітамін D, г. зн. харчаванне павінна быць паўнацэнным. Калі раптам вы адчулі недамаганне, то заставайцеся дома і выклікайце ўрача. Абавязкова насіце маскі, і ў школе таксама, захоўвайце дыстанцыю, часта мыйце рукі. Раю ўмацоўваць імунітэт, спаць не менш за восем гадзін. Беражыце сябе, сваіх родных і блізкіх, будзьце здаровымі!

– Дзякуй вам, Анастасія Леанідаўна, за сустрэчу з нашымі чытачамі. Жадаем вам таксама здароўя.

Гутарыла Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *