«ПАЧУЦЬ ДУМКУ КОЖНАГА». Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іван Мамайка прапануе арганізаваць дыскусійную пляцоўку

Афіцыйна Соцыум

image_pdfimage_print

Пра гэта парламентарый расказаў рэдакцыі газеты, падводзячы вынікі сваёй нядаўняй прамой тэлефоннай лініі ў Стоўбцах.

Акрамя тэлефанаванняў, адна з выбаршчыц асабіста звярнулася да дэпутата.

– Усяго звярнуліся сем чалавек, усе – з рознымі пытаннямі. Добрыя пачуцці выклікае тое, што былі закрануты не толькі нейкія асабістыя турботы, але і грамадскія, якія хвалююць многіх жыхароў Стаўбцоўшчыны, – падвёў вынік Іван Мамайка.

– Якія з гэтых сітуацый патрабуюць мер рэагавання?

– Патрэбна рэагаваць на тое, каб арганізаваць бяспечны дарожны рух у раёне СШ № 2 г. Стоўбцы. Паводле слоў грамадзяніна, які звярнуўся, у вячэрні час там складваецца не зусім нармальная сітуацыя для школьнікаў. Будзем разбірацца, высвятляць гэта пытанне з удзелам раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху.

Былі і іншыя звароты, якія патрабуюць змен у заканадаўстве. Іх трэба асэнсаваць, абагуліць. У прыватнасці, тэлефанаваў грамадзянін, які хоча атрымаць беларускае грамадзянства, але пры гэтым не страціць грамадзянства Расійскай Федэрацыі, дзе ён, этнічны беларус, усё жыццё працаваў. Ён слушна заўважае, што жывем мы ў Саюзнай дзяржаве, і заканадаўства ў падобных выпадках павінна прадугледжваць магчымасць двайнога грамадзянства. Дарэчы, гэта не першы такі зварот да мяне. Буду выкарыстоўваць сваё права заканадаўчай ініцыятывы, каб унесці ў закон адпаведныя змяненні.

Таксама ўзнімаліся пытанні, якія звязаны з будаўніцтвам жылля, добраўпарадкаваннем дарог.

– Іван Андрэевіч, нельга абыйсці ўвагай будаўніцтва і ўладкаванне тых адносін, якія склаліся сёння паміж дзяржавай і часткай «задаволеных» грамадзян.

– Праз газету я ўжо звяртаўся да выбаршчыкаў. Мая пазіцыя нязменная: усе супярэчнасці і спрэчныя пытанні трэба вырашаць у канструктыўным рэчышчы, шляхам дыялогу. З гэтай мэтай у кастрычніку я планую зладзіць дыскусійную пляцоўку наконт змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія паслужаць далейшаму развіццю нашай краіны.

Для мяне важна пачуць думку выбаршчыкаў, каб на яе аснове выпрацаваць дэпутацкія прапановы. Яны, у сваю чаргу, будуць разглядацца спецыяльнай камісіяй, выносіцца на абмеркаванне на Усебеларускі народны сход, рэферэндум.

– Як будзе праходзіць дыскусійная пляцоўка?

– Мяркую, што на ёй павінны быць прадстаўлены шырокія слаі нашага грамадства, зацікаўленыя ў захаванні суверэнітэту, незалежнасці Беларусі. Дыскусійная пляцоўка пройдзе ў Стоўбцах, а менавіта ў цэнтры Стаўбцоўскай выбарчай акругі. А ўвогуле свае прапановы па змяненні заканадаўства, Канстытуцыі можна накіроўваць у пісьмовай форме мне або майму памочніку.

– На цяперашні момант у некаторых акругах распачата кампанія адклікання дэпутатаў парламента, і ў якасці асноўнай прычыны называецца страта сувязі са сваімі выбаршчыкамі. Што вы можаце сказаць наконт гэтага?

– Сувязь дэпутата са сваімі выбаршчыкамі – абавязковая ўмова яго дзейнасці. Асабіста я ішоў у парламент не ад партыі, а менавіта ад выбарчай акругі. Кожны месяц я сустракаюся з выбаршчыкамі, наведваю працоўныя калектывы. Да мяне можна прыйсці на прыём, можна накіраваць афіцыйны зварот.

Тыя некалькі чалавек, якія кідаюць вулічныя заклікі і бяруць на сябе ролю медыятараў паміж рознымі часткамі грамадства, да мяне напрамую не звярталіся, каб, да прыкладу, правесці грамадскую прыёмную і абмеркаваць тыя ці іншыя пытанні. Я гатовы да дыялогу са сваімі выбаршчыкамі, які б пункт погляду яны не мелі.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *