Працаваць па-гаспадарску

Нумары Прэс-канферэнцыя Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

У Салігорску адбылася выязная прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага аблвыканкама Сямёна Шапіры для журналістаў рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.

Ужо стала добрай традыцыяй, што перад тым, як задаць пытанні старшыні аблвыканкама, журналісты знаёмяцца з гісторыяй раёна, наведваюць прадпрыемствы і арганізацыі, знакамітыя мясціны таго рэгіёна, дзе праходзіць прэс-канферэнцыя. На гэты раз журналісты рэспубліканскіх СМІ і рэдактары раённых газет наведалі Салігорскую птушкафабрыку, ААТ «Пасат», філіял ААТ «Мінаблаўтатранс» «Аўтапарк № 1» і Духоўна-асветніцкі і сацыяльна-культурны цэнтр прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы горада Салігорска ў вёсцы Чыжэвічы.

ВЯДУЧЫЯ ПРАДПРЫЕМСТВЫ САЛІГОРШЧЫНЫ

ААТ «Салігорская птушкафабрыка» займае другое месца па выпуску курыных яек. У 2013 годзе аб’ём вытворчасці яек курыных у параўнанні з 1971 годам узрос амаль у 82 разы і склаў 283 млн штук  і  294,4 млн шт. перапяліных. За адну змену сарціруецца 700 тысяч яек. На прадпрыемстве выпускаецца больш за 100 відаў прадукцыі з мяса птушкі, наладжана вытворчасць яек, абагачаных селенам, пад гандлёвай маркай «Маладзецкія». Тут працуе адзіны ў Рэспубліцы Беларусь цэх, дзе выпускаюцца вэнджаныя і марынаваныя курыныя і перапяліныя яйкі, яечныя каўбаскі. За выпуск канкурэнтназдольнай прадукцыі ААТ «Салігорская птушкафабрыка» прысуджана прэмія ўрада Рэспублікі Беларусь у галіне якасці.

Наступны аб’ект, які наведалі журналісты,  – холдынг «Пасат». Ён выпускае поліэтыленавыя трубы для сістэм гарачага і халоднага вода- і газазабеспячэння. Гэтая прадукцыя забяспечыць безаварыйную работу сістэмы больш чым на 50 гадоў.

У «Аўтобусным парку № 1» журналістаў сустрэлі генеральны дырэктар ААТ «Мінаблаўтатранс» Віктар Русак і дырэктар «Аўтапарка № 1» Уладзімір Алешка. Аўтапарк налічвае 223 аўтобусы, штогод аўтобусамі філіяла перавозіцца больш за 100 тысяч пасажыраў, выконваецца 1368 рэйсаў. На філіяле існуе аўтаматызаваная сістэма дыспетчарскага кіравання, якая дазваляе адсочваць маршруты іх руху ў рэжыме рэальнага часу ў любой кропцы краіны і Еўропы. Журналісты паглядзелі аўтаматызаваную аўтамыйку і цэх пафарбоўкі аўтобусаў, аўташколу.

Гасцінна сустрэў гасцей духоўна-асветніцкі і сацыяльна-культурны цэнтр храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Яго настаяцель протаірэй Міхаіл Пануждаеў правёў экскурсію, расказаў аб гісторыі храма і будаўніцтве цэнтра. Тут жа, у зале ў французскім стылі духоўна-асветніцкага і сацыяльна-культурнага цэнтра, прайшла прэс-канферэнцыя старшыні аблвыканкама.

ЦІ БЫЦЬ ВНУ Ў САЛІГОРСКУ?

Пачынаючы прэс-канферэнцыю, Сямён Шапіра адзначыў, што Салігорскі раён і горад Салігорск самыя прыгожыя на Міншчыне. Многім райцэнтрам, у тым ліку і Барысаву, ёсць што пераняць.

Першае пытанне губернатару паступіла ад Салігорскага тэлеканала: ці не прыйшоў час  адкрыць у Салігорску ВНУ?

–       Для адкрыцця інстытута ці ўніверсітэта патрэбна навукова-матэрыяльная база, вопытныя выкладчыкі, дастатковая колькасць студэнтаў. Можна падумаць аб адкрыцці кафедры ўжо існуючай ВНУ, а асобную ВНУ – пакуль не, – растлумачыў Сямён Барысавіч.

ПРА ДАЎГАБУДЫ, КОШТ «КВАДРАТА», БЮДЖЭТНЫЯ ГРОШЫ

Сямён Шапіра спыніўся і на праблеме даўгабудаў у Мінскай вобласці. У аблвыканкаме зараз створана рабочая група, якая разглядае сітуацыю з коштам жылля і засяленнем у дамы са зверхнарматыўнымі тэрмінамі будаўніцтва. Не выключана, што кошт дзесьці будзе перагледжаны. На 1 ліпеня ў Мінскай вобласці засталося пяць праблемных дамоў, два з якіх ужо ўведзены ў эксплуатацыю.

Старшыня аблвыканкама паабяцаў удзяліць увагу і іншым аб’ектам, якія фінансуюцца з бюджэту. «Да будаўнікоў узнікае шмат пытанняў. Напрыклад, пры ўводзе стадыёна «Барысаў-Арэна» высветлілася, што аб’ект абышоўся намнога даражэй, чым планавалася. У выніку бударганізацыя атрымала суму, якая перасягае запланаваную на дзясяткі мільярдаў рублёў. Падобная гісторыя і з будаўніцтвам школы ў пасёлку Нарач. Зараз вядзецца пошук аптымальнага праектнага варыянта, які зробіць таннейшым будаўніцтва школы», – паведаміў старшыня аблвыканкама.

АБ ДОБРАЎПАРАДКАВАННІ І ЗЯМЕЛЬНЫХ УЧАСТКАХ

Шмат увагі засяродзіў Сямён Шапіра на пытаннях навядзення парадку на зямлі, асабліва ў зонах адпачынку.

–       У бліжэйшыя дні ў зонах адпачынку з’явіцца дадатковая інфраструктура.  Людзям патрэбны нармальныя ўмовы адпачынку. Кожны старшыня райвыканкама павінен у бліжэйшыя два-тры дні навесці ідэальны парадак на пляжах свайго раёна. Павінны з’явіцца біятуалеты, стаянкі, месцы для пераапранання, выязны гандаль.

Звярнуў увагу губернатар і на дачныя кааператывы. Кожны дачны кааператыў павінен заключыць дагавор з ЖКГ на вываз смецця, паставіць кантэйнеры для збору смецця. Будзем змагацца за чысціню і парадак.

«Мы ўзмоцнім кантроль за выдзяленнем зямельных участкаў. Будзе выпрацаваны зразумелы і празрысты механізм іх выдзялення. Паводле Указа № 387 з 2015 года ўводзіцца забарона на стварэнне ў прыгарадзе Мінска новых садовых кааператываў. Землі садовым таварыствам будуць выдзяляцца па выніках аўкцыёнаў», – адзначыў Сямён Барысавіч.

Старшыня Мінаблвыканкама звярнуў увагу, што для дзяржавы і для людзей больш выгадна развіваць будаўніцтва ў вёсках, на пустых участках, а іх у вобласці налічваецца каля 14 тысяч, там і камунікацыі ўжо ёсць.

УБОРАЧНАЯ КАМПАНІЯ

–       Клецкі, Капыльскі, Нясвіжскі раёны ўжо закончылі ўборку. Яшчэ два-тры дні, і вобласць поўнасцю завяршае ўборку збожжавых. Валавы збор збожжа складзе больш за два мільёны тон. Але гэта не мяжа. Ёсць вялікія рэзервы для таго, каб выйсці на тры мільёны тон, павысіўшы ўраджайнасць палёў, выкарыстаўшы перадавыя метады і тэхналогіі землекарыстання, – адзначыў Сямён Шапіра.

Пасля прэс-канферэнцыі старшыня Мінскага аблвыканкама ўзнагародзіў лепшыя калектывы рэдакцый і журналістаў па выніках конкурсу сярод СМІ.

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *