Самазанятыя асобы. Якое пенсіённае будучае?

Соцыум

image_pdfimage_print
Фота носіць ілюстрацыйны характар

Фізічныя асобы, якія ажыццяўляюць дзейнасць, што не адносіцца да прадпрымальніцкай (самазанятыя асобы), маюць права на добраахвотнай аснове ўдзельнічаць у праваадносiнах па дзяржаўным сацыяльным страхаванні на выпадак дасягнення пенсійнага ўзросту, інваліднасці і страты карміцеля.

Даная магчымасць прадугледжана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2018 №  500 «Аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні». Поўны пералік відаў дзейнасці занатаваны ў артыкуле 1 Грамадзянскага кодэкса і артыкуле 337 Падатковага кодэкса (Асаблівая частка). Напрыклад, да такой дзейнасці адносіцца аказанне цырульніцкіх і касметычных паслуг, паслуг па пісьмовым і вусным перакладзе, рамонце абутку, гадзіннікаў, рэпетытарстве, зборцы мэблі і інш.

Для таго каб перыяды працы ў якасці самазанятай асобы былі ўключаны ў стаж для назначэння пенсіі, неабходна выплачваць абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Узносы выплачваюцца самазанятымі асобамі толькі на пенсійнае страхаванне, гэта значыць у памеры 29 працэнтаў ад вызначанага імі самастойна даходу, але сума яго павінна быць не менш за памер мінімальнай заработнай платы з улікам індэксацыі. Так, за кастрычнік 2020 года мінімальная сума ўзносаў склала 108 руб. 75 кап. (29 працэнтаў ад 375 рублёў).

Ёсць дзве катэгорыі стажу – страхавы і агульны. Страхавы стаж фарміруецца з перыядаў, калі ішлі выплаты страхавых узносаў. Агульны стаж фарміруецца як з перыядаў з выплатай узносаў, так і без іх выплаты (напрыклад, падчас навучання на дзённым аддзяленні, праходжанні ваеннай службы). Пры гэтым страхавы стаж вызначае права на працоўную пенсію, а агульны стаж уплывае на яе памер. У 2020 годзе, каб набыць права на працоўную пенсію, неабходна мець як мінімум 17 гадоў 6 месяцаў страхавога стажу. Неабходна ўлічваць, што кожны год страхавы стаж павялічваецца на 6 месяцаў, і да 2025 года яго парог складзе 20 гадоў.

Для забеспячэння свайго пенсійнага будучага самазанятым асобам неабходна стаць на ўлік у якасці плацельшчыка ўзносаў у раённым аддзеле Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва па месцы рэгістрацыі. Для гэтага неабходна запоўніць заяву аб пастаноўцы на ўлік, з прад’яўленнем дакумента, які засвядчае асобу, і дакумента, які пацвярджае выплату падатку за ажыццяўленне дзейнасці, што не адносіцца да прадпрымальніцкай.

Самазанятыя асобы выплачваюць узносы з дня пастаноўкі іх на ўлік. Па сваім выбары яны могуць выплачваць узносы штотыдзень, штомесяц або штоквартальна. Пры гэтым канчатковы разлік за папярэдні год неабходна завяршыць не пазней за 1 сакавіка.

Акрамя таго, самазанятыя асобы маюць права выплачваць абавязковыя страхавыя ўзносы толькі за перыяды ажыццяўлення дзейнасці. Перыяды ажыццяўлення і (або) неажыццяўлення дзейнасці і сумы выплачаных узносаў абавязкова адлюстроўваюцца самазанятымі асобамі ў дакументах персаніфікаванага ўліку, а менавіта ў індывідуальных звестках формы ПУ-3.

Для запаўнення формы ПУ-3 неабходна выкарыстоўваць праграмны комплекс «Увод ДПУ», размешчаны на карпаратыўным партале (http://portal2.ssf.gov.by), сайце Фонду сацыяльнай абароны (http://www.ssf.gov.by).

Тэрмін падачы формы ПУ-3 устаноўлены раз у год, не пазней як 31 сакавіка за папярэдні год. Пры ўзнікненні цяжкасцяў з запаўненнем формы самазанятай асобе заўсёды гатовы дапамагчы ў раённым аддзеле Фонду, а таксама ў кансультацыйна-аналітычным аддзеле Мінскага гарадскога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Ужо сёння важна праяўляць асабістую адказнасць за сваё пенсійнае забеспячэнне.

Людміла СУДНІК, начальнік раённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *