Мне пашчасціла ў сваім жыцці сустрэцца з гэтым легендарным чалавекам у 1982 годзе, на чытацкай канферэнцыі ў Мінску. Уражанні незабыўныя. Я і сёння помню, як яго добрыя вочы вельмі хутка тады сярод людзей ператварыліся ў два маленькія сонейкі і сагравалі прысутных на працягу ўсёй сустрэчы. А як жа інакш: ён не толькі выйшаў з гушчы народа, але і заставаўся з гэтым народам разам заўсёды.
26 лістапада 2020 года знакамітаму празаіку, публіцысту, паэту, перакладчыку, драматургу, сцэнарысту, самаму папулярнаму класіку айчыннай літаратуры Уладзіміру Караткевічу споўнілася б 90 гадоў. Ён сапраўдны майстар: яго ведае ўся Беларусь – у вялікіх гарадах і маленькіх вёсачках. Няма наогул ніводнай бібліятэкі, тэатра, культурнай установы, дзе б яго імя ніколі не ўзгадвалася. Гэта першы пісьменнік Бацькаўшчыны, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Пісьменнік любіў шмат падарожнічаць. З сябрамі і жонкай, у складзе здымачных груп і навуковых экспедыцый ён наведаў шмат рэгіёнаў Беларусі. І не проста наведаў – размаўляў з беларусамі. І па гарачых слядах нараджаліся творы. Усё жыццё ён быў верны свайму ж выказванню: «Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў».
Мне захацелася здзейсніць літаратурна-віртуальнае падарожжа па мясцінах, якія вельмі цесна звязаны з яго імем, дзе ўвекавечана памяць вялікага беларуса. Назва яго папулярнага нарыса «Зямля пад белымі крыламі» даўно стала ўстойлівым выразам. Надзвычай скрупулёзна распавёў Караткевіч пра Беларусь, яе культуру, мову, літаратуру, фальклор і прыроду ў гэтым нарысе, дзе ён здолеў ахапіць беларускую гісторыю ад старажытнасці да 1970-х гадоў, закрануўшы найбольш важныя падзеі, такія як гісторыя Вялікага княства Літоўскага, Грунвальдская бітва 1410 года, Люблінская унія 1569 года, іншыя істотныя моманты з гісторыі Беларусі.
У ліку найбольш значных для беларускай літаратуры твораў – раман «Каласы пад сярпом тваім», які многія называюць галоўным у творчасці Уладзіміра Караткевіча. Падзеі рамана адбываюцца пераважна ў 1850–1861 гадах, тым не менш пісьменніку ўдалося пры дапамозе ўласных разважанняў і выказванняў герояў ахапіць падзеі амаль цэлага стагоддзя і асэнсаваць лёс Беларусі ў гістарычным кантэксце.
Трагедыя і веліч нацыянальнай гісторыі ім асэнсаваны ў п’есах «Кастусь Каліноўскі», «Званы Віцебска», «Маці ветру».
Імя Уладзіміра Караткевіча носяць бібліятэка № 14 у Віцебску, бібліятэка ў Наваполацку, дзіцячая бібліятэка ў Оршы. У Оршы з 2000 года працуе музей пісьменніка.
У Віцебску ўстаноўлены помнік Караткевічу ў 1994 годзе. Помнік у Оршы быў адкрыты 27 чэрвеня 1992 года да 925-годдзя Оршы. На дамах у Оршы, дзе Караткевіч жыў у канцы 1950-х гадоў, і ў Мінску, дзе была яго кватэра, устаноўлены памятныя дошкі. Імем Уладзіміра Караткевіча названы вуліцы ў Астраўцы, Віцебску, Гродне, Рагачове, Століне, Оршы. Яго імя носяць фонд дапамогі маладым пісьменнікам, прэмія выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Чаму кнігі Караткевіча папулярныя і ў ХХІ стагоддзі? Аўтар быў верны свайму крытэрыю: «Кожную кнігу трэба пісаць так, нібы гэта твая лепшая і апошняя».
Канстанцін Карнялюк