«Мы змаглі». Сям’я, якая перажыла каранавірус

Важное Медыцына

image_pdfimage_print
Фота носіць ілюстрацыйны характар

У цяперашні час пагроза распаўсюджвання каранавіруса захоўваецца. Тыя, хто перахварэў на гэтую інфекцыю, расказалі, якія ў іх былі сімптомы і якім быў шлях да выздараўлення.

Леаніда Нарановіч, аг. Вішнявец:

– Заўсёды здаецца, што нават калі вірус дзесьці існуе, то гэта здарыцца не з намі. У мяне ўсё пачалося з моцнага галаўнога болю, тэмпературы, якая ўзнялася вышэй за 38°С. Не хапала дыхання, мучыў кашаль. Адзін дзень знаходзілася ў стаўбцоўскай бальніцы, пасля адправілі ў клецкую, а адтуль – у мар’інагорскую. Першыя пяць дзён у бальніцы перажывала пераломныя моманты, пасля стала лягчэй. Дзякуй богу, праз некаторы час мой арганізм справіўся з вірусам. Зразумела, з дапамогай урачоў.

Калі захварэлі, ідзіце ў бальніцу або выклікайце ўрача на дом, не адмаўляйцеся зрабіць рэнтген. Не ўпадайце ў паніку. Будзьце здаровымі!

Сям’я Васілеўскіх, г. Стоўбцы

Генадзь Васілеўскі:

– Мяне адправілі на самаізаляцыю, калі стала вядома, што ў жонкі пацвердзіўся каранавірус. Урачы прыехалі дадому і ўзялі ў мяне аналіз на інфекцыю. Праз пэўны час мне паведамілі, што я перанёс каранавірус. Лёгкія павялічыліся на 32 працэнты. Прымаў антыбіётыкі, рабіў інгаляцыі. Пасля хваробы самаадчуванне пакідае жадаць лепшага.

Нельга ігнараваць меры прафілактыкі, да якіх заклікаюць урачы. Ім цяпер, безумоўна, няпроста. Працуюць вельмі напружана, усе сілы аддаюць хворым. Дзякуй ім за гэта!

Святлана Васілеўская:

– Некалькі дзён у мяне трымалася тэмпература. Пайшла на прыём да ўрача. Здала мазок на COVID-19, праз два дні даведалася, што тэст адмоўны. Але праз некаторы час я не стала адчуваць пахаў. Урач параіў здаць аналіз крыві, які пацвердзіў заражэнне. Мяне адправілі лячыцца дома і тэлефанавалі з бальніцы наконт стану здароўя. Правяла 21 дзень на самаізаляцыі, прытрымліваючыся курса лячэння. Калі зрабіла камп’ютарную тамаграфію, высветлілася, што ў мяне запаленне лёгкіх. Цяпер паступова аднаўляюся.

Самае галоўнае, пра што мы павінны памятаць, – нельга паддавацца паніцы, трэба захоўваць аптымізм, прытрымлівацца мер перасцярогі (нашэнне маскі, правядзенне дэзынфекцыі).

Гутарыла Марына КУТАС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *