Ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі найбольш частыя пытанні звязаны з тэстамі, якія дапамагаюць выявіць у арганізме каранавірус.
У прыватнасці, многіх хвалюе тое, што не да ўсіх, хто трапіў у лік кантактаў першага ўзроўню і знаходзіцца на самаізаляцыі, прыязджае дамоў спецыяльная брыгада, каб зрабіць тэст.
Парадак тэсціравання тлумачыць галоўны ўрач УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» Святлана Глебка:
– Калі да вас не прыехалі з бальніцы браць тэст, не варта панікаваць і множыць сумненні, недавер да медыкаў. Згодна з апошнімі нарматыўнымі дакументамі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, асобы, якія адносяцца да кантактаў першага ўзроўню і ў якіх няма сімптомаў рэспіраторнай інфекцыі, не падлягаюць лабараторнаму абследаванню. Апошняе назначаецца ў тым выпадку, калі ў самаізаляванага з’яўляюцца пэўныя сімптомы: тэмпература, кашаль, насмарк і інш.
Заклікаю ўсіх выконваць элементарныя меры перасцярогі (закрываць нос і рот маскай, апрацоўваць рукі антысептыкам, мыць іх з мылам, праветрываць памяшканні) і весці здаровы лад жыцця.
Фота Паўла АРЛОЎСКАГА