Пярвічныя арганізацыі нарыхтоўваюць для сваіх сем’яў гародніну

Соцыум

image_pdfimage_print

Увосень Стаўбцоўская пярвічная арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» цэнтралізавана нарыхтоўвае для сваіх сем’яў гародніну. Яе традыцыйна выдзяляюць гаспадаркі на дабрачыннай аснове.

Старшыня пярвічнай арганізацыі Ніна Ганісеўская патэлефанавала ў рэдакцыю, каб выказаць удзячнасць ААТ «Вішнявецкі-агра», СФГ «Сула», ААТ «Агранёманскі», ААТ «Вялікі Двор», а таксама індывідуальным прадпрымальнікам Юліі Сазон, Сяргею Пяткевічу. Яны падзяліліся тым, што вырасцілі на сваіх палетках або што зарабілі, пералічыўшы грашовыя сродкі, выдзелілі транспарт для дастаўкі гародніны. Кожны рабіў гэта ад душы, і ў выніку забяспечанымі на зіму пад поўную патрэбнасць бульбай, морквай, цыбуляй, капустай аказаліся ўсе 34 сям’і гэтай грамадскай арганізацыі.

Гародніна для сем’яў, у якіх выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю

– У бягучым годзе нас стала болей на тры сям’і. Хоць час нялёгкі, наша арганізацыя пашыраецца. Цяпер з нецярпеннем чакаем Новага года, – дзеліцца Ніна Ганісеўская.

Да Новага года застаецца крыху больш за месяц, і самы час расказаць пра акцыю «Пісьмо Дзеду Марозу», якая ўжо пачалася ў Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыі. Сёлета яна ладзіцца шосты раз. Пісьмы пішуць дзеці і ў іх  выказваюць свае запаветныя жаданні, просяць набыць рэчы для творчасці і любімых заняткаў.

Валанцёры чытаюць гэтыя пісьмы і ўвасабляюць дзіцячыя жаданні. За многія гады яны здружыліся з тымі, каму ўручаюць падарункі.

– Валанцёры імкнуцца рабіць уручэнні асабіста, таму бачаць, якія нашы дзеці розныя, у тым ліку па ўзросце, яны з асаблівасцямі, але такія ж, як усе, – са сваімі характарамі і інтарэсамі, – тлумачыць Ніна Ганісеўская.

Падчас гэтых сустрэч адбываюцца вельмі кранальныя і непрыдуманыя гісторыі, якія, напэўна, і штурхаюць валанцёраў знаходзіць сродкі і час для дабрачыннасці. За гэта ім – наша ўдзячнасць.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *