Рызыка інфіцыравацца COVID-19, ці Ад рэкамендацый – да патрабаванняў

Важное Медыцына

image_pdfimage_print
Фота носіць ілюстрацыйны характар

У краіне адзначаецца рост хворых на COVID-19. Найбольшая колькасць зарэгістраваных выпадкаў захворвання прыпадае на дарослае насельніцтва  (85,7 %), сярод якога звыш 50 %  – людзі працаздольнага  ўзросту. Цяпер эпідэмічны працэс, у параўнанні з вясной, характарызуецца большай інтэнсіўнасцю.

На відэаканферэнцыі, якую правёў Мінскі аблвыканкам, перад медыкамі, рэдактарамі СМІ выступілі: галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь Аляксандр Тарасенка; доктар медыцынскіх навук, прафесар кафедры інфекцыйных захворванняў Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта Ігар Карпаў; загадчык аддзела анестэзіялогіі, рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі ДУ «Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі, гемапаталогіі», доктар медыцынскіх навук, дацэнт, заслужаны доктар Рэспублікі Беларусь Аляксандр Дзядзько. Яны расказалі аб сітуацыі з захваральнасцю на COVID-19 і падзяліліся сваімі парадамі па папярэджванні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі на тэрыторыі Мінскай вобласці.

Як было адзначана, інтэнсіўна пачала развівацца інфекцыя ў Маладзечанскім, Клецкім, Стаўбцоўскім, Мядзельскім, Салігорскім і іншых раёнах. Напэўна, гэта тлумачыцца яшчэ і тым, што заражэнне можа адбывацца як вірусам рэспіраторнай групы, так і COVID-19. Пры правядзенні маніторынгу захваральнасці быў зроблены вывад, што ў 11,7 % пацыентаў хвароба працякала ў цяжкай форме, у 61 % – меліся спадарожныя хваробы. Найбольш слабая група па развіцці пнеўманій – гэта людзі ва ўзросце 25–49 гадоў і 50–64 гады.

Цяпер лабараторыі праводзяць тэсціраванне па двух напрамках: захварэлыя, кантакты першага ўзроўню і тыя, хто выязджае за мяжу, дзе патрабуюць дакумент аб адсутнасці каранавіруснай інфекцыі. Чатыры лабараторыі працуюць на базе цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі: у Мінску, Ратамцы, Салігорскім і Барысаўскім занальных цэнтрах, абласной бальніцы.

У Мінскай вобласці ва ўсіх установах, арганізацыях і на прадпрыемствах праводзяцца санітарна-супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы.

Падрыхтаваны і ўстановы адукацыі: вучняў стараюцца рассадзіць з улікам дыстанцыі 1-1,5 метра, забаронены масавыя мерапрыемствы, праводзіцца дэзынфекцыя ўсіх паверхняў, вымяраецца тэмпература ў педагогаў і дзяцей. Рэкамендуецца насіць маскі як дзецям, пачынаючы з 14-гадовага ўзросту, так і педагогам. На ўсіх прадпрыемствах штодзённа праводзіцца тэрмаметрыя, створаны ўмовы для гігіены рук і г. д.

Дамы-інтэрнаты, а таксама аддзяленні кругласутачнага знаходжання тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва часова закрываюцца ад кантактаў са знешнім светам. Дамы-інтэрнаты пераходзяць на вахтавы метад работы.

Самымі масавымі з’яўляюцца аб’екты гандлю і грамадскага харчавання. Гэта тыя месцы, дзе верагоднасць развіцця каранавіруснай інфекцыі вельмі высокая. Таму санітарна-эпідэміялагічныя службы будуць сачыць за выкананнем санітарных патрабаванняў.

Усе выступоўцы адзначылі, што другая хваля COVID-19 адрозніваецца ад першай адсутнасцю насцярожанасці сярод насельніцтва. Усе стаміліся і расслабіліся, перасталі насіць маскі, апрацоўваць рукі і клапаціцца аб сацыяльнай дыстанцыі. У грамадскім транспарце лічаныя асобы ў масках. Карыстанне антысептыкам – рэдкая з’ява. Гэта выклікае ў навукоўцаў  неразуменне, тым больш што ўсім вядомы факт: у асенне-зімовы перыяд назіраецца рост іншых ВРВІ.

Напрыканцы нарады медыкі яшчэ раз нагадалі аб выкананні масачнага рэжыму, сацыяльным дыстанцыраванні, абмежаванні кантактаў, параілі праводзіць гігіенічную апрацоўку рук (не менш за 20 секунд, удзяляючы ўвагу вобласці паміж пальцамі). Важна прытрымлівацца рэспіраторнага этыкету, праветрываць памяшканне.

Правядзіце просты эксперымент: распыліце спрэй з вадою на твар без маскі і ў ёй. Вы наглядна ўпэўніцеся ў тым, наколькі эфектыўна маска абараняе ад пападання на твар вільгаці, якая складаецца з мікракропляў сліны і мікраарганізмаў.

Задумайцеся над гэтым. Беражыце сябе і будзьце здаровыя. Памятайце і пра тых, хто, рызыкуючы здароўем і нават жыццём, ідзе ў чырвоную зону, каб «адваяваць» пацыентаў у небяспечнай хваробы.

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *