Калі гады – багацце

Захапленні Нумары

image_pdfimage_print

Спаўняецца 10 гадоў з дня заснавання клуба пажылых людзей «Гады – не бяда», створанага пры раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ініцыятарам арганізацыі аматарскага аб’яднання была Таццяна Шпілеўская, эстафету перанялі спецыялісты цэнтра Сяргей Есіс і Зінаіда Катлашэўская, якія шмат зрабілі для развіцця клуба.

У аматарскае аб’яднанне прыходзяць пенсіянеры рознага ўзросту, у мінулым работнікі адукацыі, сувязі, гандлю, медыцыны  і іншых сфер.

З улікам запытаў, думак, пажаданняў членаў клуба распрацоўваецца тэматыка пасяджэнняў. Мы атрымаліваем свежую інфармацыю аб стане спраў у раёне. На кожнае пасяджэнне клуба запрашаюцца адказныя работнікі розных структур, дзяржаўных устаноў. Нам цікава было паслухаць урачоў, банкаўскіх работнікаў, аграномаў агароднінаводаў, кветкаведаў, паэтаў, музыкантаў. Часта  пасяджэнні клуба праходзяць з удзелам свяшчэннаслужыцеляў. Гэтыя сустрэчы далі нам магчымасць бліжэй пазнаёміцца з хрысціянскімі святамі, з народнымі абрадамі і традыцыямі. З канцэртнымі праграмамі перад намі выступае калектыў мастацкай самадзейнасці Навасвержанскага дома культуры, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, Старасвержанскага цэнтра культуры.

Для членаў клуба арганізуюцца экскурсіі. Мы пабылі ў гістарычных месцах Беларусі – на мемарыяльным комплексе «Курган Славы», у Хатыні, у музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, на мемарыяльным комплексе «Лінія Сталіна», у Нацыянальным мастацкім музеі, у Доме міласэрнасці, наведалі прадпрыемства па вытворчасці папулярнага напітку «Кока-Кола» і  іншыя месцы.

У клубе створана добразычлівая, сяброўская атмасфера, паважлівыя адносіны адзін да аднаго. І ў гэтым вялікая заслуга каардынатараў клуба спецыялістаў па сацыяльнай рабоце   Зінаіды Катлашэўскай і Сяргея Есіса, які ўмела  выконвае і ролю вядучага тэматычных праграм. Выдатная памочніца яму ў гэтым хармайстар народнага хору «Панямонь» Навасвержанскага цэнтра культуры Ала Янская. Усім ім вялікі дзякуй за высокую арганізацыю і творчы падыход да зместу работы клуба і ўважлівыя адносіны да пажылых дюдзей..

Вялікую падтрымку клубу «Гады – не бяда» аказваў дабрачынны нямецкі фонд «Дапамога пацярпелым дзецям». Прэзідэнт гэтага фонду доктар Ханс Мёрс сам не раз прымаў удзел у пасяджэннях аматарскага аб’яднання. Мы прыязна ўспрымаем яго тонкі гумар, пазітыўны настрой, які перадаецца ўсім. Так жа ўмее знайсці кантакт з пажылымі людзьмі і кіраўнік беларускага аддзялення гэтага дабрачыннага фонду Зінаіда Катлашэўская.

Дзейнасць клуба на працягу многіх гадоў – вельмі патрэбная справа. Пастаянна павялічваецца колькасць членаў аматарскага аб’яднання. У склад яго ўваходзіць нямала творчых людзей, якія аб’яднаны цяпер у клуб «Ліра». Паэты, кампазітары і іншыя здатныя людзі могуць падзяліцца сваёй творчасцю, карысна правесці разам час.

З лютага 2013 года ў тэрытарыяльным сацыяльным цэнтры створаны ўніверсітэт трэцяга ўзросту, у склад яго ўвайшлі клубы «Гады – не бяда» і «Ліра». Працягваюцца дыспуты, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Усё гэта дапамагае нам не замкнуцца ў сабе, жыць цікавым паўнацэнным жыццём. І тады і сапраўды гады –  не бяда.

Ала БАБІЦКАЯ,г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *