
З маскамі і масачным рэжымам нам прыйдзецца звыкнуцца на некаторы час. Хацелася б, каб гэты перыяд не быў працяглым, і ў пэўнай меры гэта залежыць ад нас саміх. Жыхары Стаўбцоўшчыны расказалі, як найлепш прызвычаіцца да нашэння маскі.
Людміла Грынюк, аг. Засулле:
– Увядзенне абавязковага масачнага рэжыму – правільная мера. Лічу, што насіць маску патрэбна. Можна хварэць бессімптомна і заражаць людзей, нават не ведаючы пра гэта. Думаю, што людзі, якія грэбуюць такой мерай, паступаюць безадказна ў адносінах да тых, хто акружае. Давайце будзем клапаціцца не толькі пра сябе, але і пра іншых.
Вера Конюх, в. Зарэчча:
– Маскай я карыстаюся ў грамадскіх месцах абавязкова. Гэта рабіла і ў першую хвалю каранавіруса. Аднак большасць людзей не лічаць патрэбным быць у масцы. Дарэмна. Важна, каб выкарыстоўвалі маску ўсе: і здаровыя, і хворыя. Тады будзе вынік.
Алена Бычкоўская, г. Стоўбцы:
– Маскі патрэбна насіць у магазіне, грамадскім транспарце і іншых месцах, дзе многа людзей: каму прыемна, калі хтосьці чхае ці кашляе побач. На вуліцы ў гэтым таксама ёсць сэнс – надвор’е цяпер сырое, халаднаватае, маска ахоўвае твар ад ветру. У масачным рэжыме ёсць сэнс. Выкарыстоўваючы сродак аховы, мы тым самым праяўляем павагу да тых, хто нас акружае.
Ала Грыбоўская, аг. Шашкі:
– Я за тое, што ўвялі масачны рэжым. Лічу, што гэта эфектыўная мера прафілактыкі ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй. Пераносчыкам яе можа быць любы з нас. Маска абараняе тых, хто не хварэе. Акрамя таго, трэба апрацоўваць рукі антысептыкам, захоўваць асабістую гігіену.
Памятайце і выконвайце ўсе рэкамендацыі медыкаў. Будзьце здаровы!
Гутарыла Марына КУТАС