Яўген Богдан – у тройцы наймацнейшых

Фота МЛЫН.BY

У Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі адбыўся трэці (абласны) этап рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай пісьменнасці сярод старшакласнікаў. За права прадставіць цэнтральны рэгіён на рэспубліцы змагаліся 70 вучняў 10–11-х класаў.

Удзельнікамі абласнога этапу сталі школьнікі, якія перамаглі ў сваіх установах адукацыі, а затым у раёне. Усяго сёлета ў першым этапе алімпіяды ўдзельнічала больш за чатыры тысячы чалавек з 378 устаноў адукацыі. У другім этапе свае фінансавыя веды прадэманстравалі больш за 550 старшакласнікаў.

Удзельнікам трэцяга (абласнога) этапу трэба было выканаць 31 заданне, з іх 30 былі з варыянтамі адказаў і адно – адкрытага тыпу. Гэта значыць, што кожнаму прэтэндэнту на перамогу трэба было выказаць уласны пункт погляду і абгрунтаваць свае высновы.

У тройку наймацнейшых увайшоў дзесяцікласнік Навасвержанскай сярэдняй школы Яўген Богдан. Да праверкі ведаў па фінансавай пісьменнасці школьнік рыхтаваўся з настаўніцай гісторыі Таццянай Богдан, сваёй мамай.

– Жэня – ярка выражаны матэматык, і ён добра разумее сістэму, звязаную з фінансавай пісьменнасцю. Яму вельмі лёгка вырашаць задачы на працэнты, разбірацца ў пытаннях страхавання. Ён  вывучыў вялікі аб’ём матэрыялаў, – расказала Таццяна Богдан.

Прызёры абласнога этапу алімпіяды атрымалі дыпломы і памятныя падарункі. Менавіта яны прадставяць Мінскую вобласць на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, які пройдзе 18 снежня ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь.