У Стоўбцах перапахаваны астанкі 26 ваеннаслужачых Чырвонай арміі

Вялікай Перамозе прысвячаецца Главное Год малой родины

image_pdfimage_print

У Стоўбцах на плошчы Бессмяротнасці з усімі воінскімі ўшанаваннямі перапахаваны астанкі 26 ваеннаслужачых Чырвонай арміі і ўдзельніка Супраціўлення, якія загінулі на полі бою ў 1941 годзе

Зусім нядаўна ў пасёлку Наваколасава былі перапахаваны астанкі дзесяці ваеннаслужачых рабоча-сялянскай Чырвонай арміі і ахвяры Вялікай Айчыннай вайны, знойдзеных падчас палявых пошукавых работ. І вось – новая знаходка на тэрыторыі Рубяжэвіцкага і Налібацкага сельсаветаў, якая яшчэ раз пацвярджае, што і праз 75 гадоў пасля заканчэння вайны далёка не ўсе абаронцы Айчыны знайшлі пакой у брацкіх магілах, яны да гэтай пары застаюцца на перадавой, а значыць, пакуль не закончана тая страшная вайна…

Удзельнікі мітынгу – прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх і рэлігійных арганізацый

Гэта важна разумець кожнаму, асабліва маладому пакаленню. Неабходна далучацца да такіх акцый, якія выхоўваюць патрыятызм і любоў да Радзімы, таму невыпадкова, што сярод удзельнікаў мітынгу, якія прыйшлі аддаць героям даніну памяці і ўдзячнасці, былі не толькі ваеннаслужачыя, але і вучні школ горада, неабыякавыя жыхары Стоўбцаў.

Сіла нашага народа – менавіта ў памяці пра тую свяшчэнную вайну, якая ўзняла на бітву нашых дзядоў і прадзедаў, а мы – іх нашчадкі, – падкрэслівалася ў выступленнях на плошчы Бессмяротнасці намесніка старшыні райвыканкама Жанны Лысай, намесніка раённага ваеннага камісара Аляксандра Кахновіча, благачыннага Стаўбцоўскага благачыння, протаіерэя Аляксандра Марцінчыка.

Слова было дадзена намесніку кіраўніка пошукавай групы «Бацькаўшчына» г. Мінска Андрэю Судакову, які браў непасрэдны ўдзел у пошукавай рабоце.

Выступае намеснік кіраўніка пошукавай групы «Бацькаўшчына» Андрэй Судакоў

Андрэй Канстанцінавіч падзяліўся цікавымі звесткамі:

– 10 кастрычніка 2020 года ў выніку пошукавых работ на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна ваеннаслужачымі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна сумесна з пошукавай групай «Бацькаўшчына» імя В. З. Каржа  і пошукавым атрадам «Абеліск» г. Бабруйска былі знойдзены астанкі 26 чалавек – байцоў і камандзіра Чырвонай арміі. Былі чатыры пахаванні, з іх тры – групавыя. У адзіночным знойдзены планшэт і сляды амуніцыі камандзіра. Былі  і апазнавальныя медальёны, але ўстанавіць імёны загінулых не ўдалося. Рэч у тым, што падчас бою 11 ліпеня 1941 года ўспыхнуў вялікі пажар, і медальёны, як і воіны, абгарэлі. Прачытаць тэкст на іх немагчыма.

Нам вядома, што на месцы знойдзеных астанкаў воіны 37-й стралковай дывізіі і іншых падраздзяленняў, якія прымкнулі да іх, сустрэлі свой апошні бой. Па версіі нямецкага боку, бой праходзіў дастаткова жорстка. Вораг высока ацаніў здольнасць нашых байцоў арганізаваць абарону, але сілы былі няроўныя. Бой доўжыўся да цемнаты… Невядома, колькі байцоў вырвалася з гэтага катла і ці вырваліся яны ўвогуле… Паводле нямецкіх даных, загінулі 580 чалавек. Фактычна ўсе яны застаюцца непахаванымі…

Андрэй Судакоў падкрэсліў, што пошукавыя работы актыўна вядуцца з 2007 года. Новы сезон пошукавага батальёна пачнецца ў сакавіку-красавіку 2021 года. Будзем спадзявацца, што ўдасца знайсці і медальёны, якія дапамогуць устанавіць імёны герояў, якія аддалі свае жыцці за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.

Ушанаванне памяці воінаў

Памяць воінаў, астанкі якіх перапахаваны на плошчы Бессмяротнасці, была ўшанавана мінутай маўчання, залпамі воінскай зброі і ўрачыстымі маршамі ў выкананні духавога аркестра «Віціны». Да брацкай магілы ўдзячнымі нашчадкамі ўскладзены жывыя кветкі памяці.

Пошук астанкаў воінаў і ўвекавечванне іх памяці праводзіцца ў нашай краіне на дзяржаўным узроўні. Гэта частка той работы, што накіравана на выхаванне падрастаючага пакалення, грамадзян і патрыётаў Беларусі, якія нясуць у сваім сэрцы любоў да Радзімы, пачуццё гонару за наш народ і яго вялікую гісторыю. Менавіта на важнасць і неабходнасць узмацнення патрыятычнай работы з моладдзю звярнуў увагу Прэзідэнт краіны.

У сувязі з гэтым, як перадае БелТА,  Міністэрства абароны рэспублікі выказала намер стварыць Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання ў Брэсцкай крэпасці, якая з’яўляецца сімвалам мужнасці нашых продкаў. І гэтую прапанову, як адзначаюць у Міністэрстве, падтрымаў Прэзідэнт краіны. Цэнтр плануецца адкрыць у 2021 годзе. Якімі менавіта будуць формы яго работы, пакуль не ўдакладняецца.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *