А некалі да кароў баялася падыходзіць

Людзі і лёсы Нумары

У маладога аператара машыннага даення Алесі Дубіцкай з ТАА СЖК «Налібакі» стаж работы ў жывёлагадоўлі складае шаснаццаць гадоў. І ўвесь гэты час яна рупіцца на МТФ «Целяхі». Старанная, добрасумленная. Галоўны заатэхнік Уладзімір Чарняўскі гаворыць, што з Алесяй Мікалаеўнай прыемна працаваць. Яна хоць і патрабавальная (прычым усе прэтэнзіі жанчыны слушныя), але работніца шчырая. Любіць жывёлу, якая аддзячвае ёй высокімі надоямі. Па выніках работы за мінулы год фотаздымак руплівіцы занесены на раённую Дошку гонару. Як расказвае Алеся Мікалаеўна, для яе стала нечаканасцю такая высокая адзнака. І як чалавек сціплы, яна нават разгубілася.

– І партрэт свой на Дошцы гонару яшчэ не бачыла, бываючы ў горадзе нават баюся туды падыходзіць.

Спяшаюся супакоіць жанчыну: усё атрымалася найлепшым чынам.

Алеся Дубіцкая не мясцовая, родам з Мінскага раёна.  Сям’я пераехала на Стаўбцоўшчыну, калі Алесі было трынаццаць гадоў. Жылі спачатку ў Ніўным, а затым купілі дом  у Целяхах. Пасля заканчэння сярэдняй школы дзяўчына адразу ж пайшла на працу. Думкі  працягваць вучыцца далей не было. Бо маці адна расціла траіх дзяцей. Працавала яна аператарам машыннага даення. Прыходзілася нялёгка, і Алеся вырашыла таксама пайсці на ферму, каб у сям’і быў матэрыяльны дастатак. Узялі дзённай дзяжурнай. Неўзабаве выйшла замуж за мясцовага хлопца. На рабоце трэба было самаўдасканальвацца, павышаць прафесійны ўзровень, і Алеся пачала вучыцца даіць кароў. Давалася гэта нялёгка.

– Маці ніколі не брала нас з сабою, шкадавала, таму даіць я не ўмела. Спачатку нават баялася да кароў падыходзіць. Яна мне дапамагала. Свякроў таксама дапамагала, а  пайшла на пенсію  –  перадала мне сваю групу.

Алеся Мікалаеўна хутка засвоіла навуку і неўзабаве стала майстрам у сваёй прафесіі.

Пазалетась у кароўніках правялі рэканструкцыю і ўстанавілі новае даільнае абсталяванне «манарэльс». Як сказала даярка, адаптацыйны працэс праходзілі нялёгка як каровы, так і людзі. Паступова ўсё наладзілася. Але на думку Алесі Мікалаеўны падобнае абсталяванне неабходна ставіць у новыя памяшканні і набіраць групы цялушак. Дойныя каровы адразу атрымліваюць стрэс, і надоі малака зніжаюцца.

– У «манарэльса» ёсць свае плюсы і свае мінусы. Добра, што ўстаноўлены камп’ютар, па якім бачу колькі  карова дала малака за кожную дойку. Калі менш, то тут ужо трэба шукаць прычыну, чаму так адбываецца: захварэла,  прыйшла ў ахвоту або запускаецца. Рознае можа быць. А вось мінус заключаецца ў тым, што даільныя апараты цяжкія, і іх пастаянна прыходзіцца самім сунуць па рэйцы. Вельмі стамляешся, бо рукі, да таго ж, знаходзяцца ўверсе, у пастаянным напружанні.

Мяркуючы па словах жанчыны, асабліва лягчэй працаваць даяркам не стала. Таму ў таварыстве крыху  «мадэрнізавалі» работу «манарэльса». Так бы мовіць, прыстасавалі да мясцовых умоў.

Калектыў жывёлаводаў на ферме падабраўся дружны, працавіты. Штат даярак поўнасцю ўкамплектаваны. Працуюць шэсць аператараў машыннага даення, сярод якіх два – падменныя.

– Заработная плата ў нас неблагая. Я задаволена. Ды і той, хто хоча зарабіць, абавязкова заробіць. Галоўнае, каб кармы былі, а яны ёсць, і кароўкі добрыя. Самая высокаўдойная з 90 кароў у маёй групе – рагуля пад нумарам 100. Ад яе надойваю за дзень звыш трыццаці літраў.

Разам з жонкай працуе і муж. Валерый Фердынандавіч пяты год завіхаецца слесарам, а да гэтага працаваў доярам. Хадзіў у перадавіках.

–  Жывём душа ў душу. Ніколі не пашкадавала, што пайшла за яго замуж. Калі б вярнуць гады назад, то паўтарыла б усё наноў. У мяне вельмі добрая свякроў. У нас з Валерам двое дзяцей. Дачцэ чатырнаццаць гадоў, а сыну –   дванаццаць. Паслухмяныя, дапамагаюць па гаспадарцы. Мы прывучаем іх да работы.

Летам усёй сям’ёй Дубіцкія ходзяць  у грыбы і  ягады. Ад іх рэалізацыі   атрымліваюць дадатковы прыбытак. І гэта добрае падспор’е. За дзень, калі ягада буйная, толькі адна гаспадыня назбірвае па два вядры. Правялі рамонт у хаце, абклалі дом цэглай, нават   крэдытаў не бралі. І ў дзяцей ёсць стымул. Яны ўжо добра ведаюць, як нялёгка даюцца грошы, таму не трацяць на пустое.

–  За сезон сын тэлевізар сабе купіў. Праўда, мы яму крышку дабавілі. А дачка – камп’ютар і мабільны тэлефон. Вопратку модную набываюць і заўжды з нецярпеннем чакаюць ягадна-грыбной пары.

У свабодны час, якога застаецца не так і многа, Алеся Мікалаеўна любіць гатаваць. І прымаць у доме гасцей, якіх здзіўляе новымі стравамі. Асабліва на Пасху, калі дружна з’язджаюцца ў бацькоўскі дом родныя мужа.

–  Разам з дачкой шукаем рэцэпты ў інтэрнэце. Мучныя салодкасці не пяку, а вось   прысмакі з мяса ўсім падабаюцца.

Трымаюць Дубіцкія і хатнюю гаспадарку. Яны лічаць, што ў вёсцы патрэбна ўсё сваё мець. Свіней замянілі бройлерныя куры і трусы. Але, магчыма, у хлеўчуку неўзабаве зноў зарохкае і дзёдзя.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *