Для кожнай парадзіхі – асобная палата

Важное Медыцына

У цяперашніх эпідэміялагічных умовах перад акушэрска-гінекалагічным аддзяленнем Стаўбцоўскай ЦРБ стаіць задача падвоенай важнасці – каб у жанчыны нарадзілася і потым было выпісана дамоў разам з ёю здаровае немаўля.

У сувязі з гэтым усе, хто змяшчаецца ў аддзяленне на планавую шпіталізацыю, праходзяць абавязковае ПЦР-абследаванне для вызначэння віруса.

– Сярод цяжарных жанчын і парадзіх нячастыя выпадкі, калі тэст паказвае станоўчы вынік. І нават калі гэта і так, то захворванне ў іх працякае пераважна ў бессімптомнай форме, – дзеліцца назіраннямі загадчыца акушэрска-гінекалагічнага аддзялення Вольга Квачук.

Пры пацвярджэнні віруса ў арганізме пацыентка ізалюецца непасрэдна ў аддзяленні або накіроўваецца ў радзільны дом г. Маладзечна, які ў перыяд пандэміі адаптаваны для цэнтралізаванага прыёму цяжарных жанчын з «ковідам».

У выпадку неабходнасці аказання такім жанчынам экстраннай дапамогі ў аддзяленні прадугледжана так званая чырвоная зона, якая аддзелена санпрапускніком ці шлюзам. «Сродкамі індывідуальнай аховы персанал забяспечаны пад поўную патрэбнасць», – падкрэслівае Вольга Квачук.

Цяпер у акушэрска-гінекалагічным аддзяленні знаходзяцца дзесяць жанчын. Некаторыя чакаюць родаў, а некаторыя ўжо нарадзілі і перажываюць шчаслівы стан мацярынства. Яны трымаюць сувязь са сваімі блізкімі бяспечным спосабам, па тэлефоне. З нецярпеннем чакаюць выпіскі дамоў. Патрабаванне да ўсіх, у тым ліку і да пацыентак, – знаходжанне ў ахоўнай масцы, каб максімальна выключыць рызыку заражэння пры кантактах.

«На даны момант нашы пацыенткі харчуюцца непасрэдна ў палатах, і, больш таго, калі дазваляе магчымасць, кожнай з іх выдзяляем асобную палату», – удакладняе Вольга Сяргееўна.

У няпростых умовах яе калегі робяць усё магчымае, каб абараніць пацыентак ад COVID-19. Паўсюдна – на сценах, падлозе, мэблі – санітарачкі наводзяць амаль стэрыльную чысціню. Генеральная ўборка з прымяненнем дэзсродкаў праводзіцца тут тройчы на дзень, а пры неабходнасці – і часцей.

У адпаведнасці з санітарна-эпідэміялагічным рэжымам у аддзяленні бальніцы, як і ў любым калектыве, штораніцу наладжаны агляд фізічнага стану работнікаў (ажыццяўляе агляд загадчыца аддзялення або старшая медсястра-акушэрка Таццяна Яфрэменкава), тэрмаметрыя. У працэсе работы вядзецца апрацоўка рук антысептыкамі і да т. п.

Вольга Квачук звяртае асаблівую ўвагу на чатыры правілы прафілактыкі – нашэнне маскі, мыццё рук, праветрыванне, сацыяльнае дыстанцыраванне – і заклікае кожнага з нас: «Вірус нябачны, таму не губляйце пільнасці. Там, дзе прафілактыка становіцца нормай, будзе здаровым і калектыў».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *