Марына Цімафеева: «Патрэбен асобны ручнік для кожнага члена сям’і»

Главное Медыцына

image_pdfimage_print

На сённяшні дзень актуальная тэма, якая хвалюе многіх, – гэта каранавірус. Абмежаванні і меры перасцярогі накіраваны на тое, каб абараніць здароўе і жыццё людзей ад інфекцыі. Урач-тэрапеўт Стаўбцоўскай ЦРБ Марына Цімафеева яшчэ раз засяродзіла ўвагу на гэтым небяспечным вірусе:

– У параўнанні з вясной характар каранавіруснай інфекцыі істотна змяніўся. Дастаткова часта развіваюцца пнеўманіі нават у людзей з моцным імунітэтам. Захворванне можа ўзнікаць у любыя тэрміны інфіцыравання.

У інтэрнэце нярэдка можна прачытаць інфармацыю пра новыя сімптомы захворвання (напрыклад, болі ў спіне і мышцах, павышаная адчувальнасць скуры). Аднак трэба запомніць: калі гарачка працягваецца больш за пяць-сем дзён, праяўляецца слабасць, адсутнічаюць апетыт, не адчуваецца пах, то неабходна адразу звяртацца да ўрача.

Не трэба думаць, што калі нічога не турбуе, жывеш без шкодных звычак і лічыш сябе непахісным, вірус «не падхопіш». Гэта не так. Любы чалавек можа стаць ахвярай інфекцыі. Асабліва ў зоне высокай рызыкі людзі, якія маюць хранічныя захворванні.

Калі ўсё ж такі захварэлі члены сям’і, самы надзейны спосаб для тых, каго мінула інфекцыя, – гэта ізаляцыя. Выкарыстоўвайце маскі (нават калі звычайны насмарк), асобныя для кожнага члена сям’і сродкі гігіены (ручнік, мыла і інш.) і сталовыя прыборы, праветрывайце памяшканне, піце больш вадкасці, ужывайце вітаміны для ўмацавання імунітэта.

Як лічыць Марына Мікалаеўна, самая лепшая «зброя» ў цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыі – гэта прафілактыка. Захаванне ўсіх гігіенічных патрабаванняў, абмежаванне наведвання грамадскіх месцаў дапамогуць прадухіліць далейшае распаўсюджванне каранавіруса.

Марына КУТАС

Фота Ксеніі РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *