ІНТЭРВ’Ю: ЯК НАКОРМІШ, ТАКУЮ І АДДАЧУ АТРЫМАЕШ
У ААТ «Вялікі Двор» першымі жнівеньскімі днямі атрымліваюць ад кожнай каровы звыш 23 кілаграмаў малака. Па даным паказчыку велікадворскія жывёлаводы лідзіруюць у раёне. Гэтымі спякотнымі днямі яны не толькі здолелі ўтрымаць леташні ўзровень, а і прыбаўляюць у вытворчасці малака да выніку мінулага года. За кошт чаго? Аб гэтым размова з галоўным заатэхнікам таварыства Міхаілам Мікулічам.
– Міхаіл Барысавіч, малочны цэх вашага таварыства на даны момант адзіны ў раёне, дзе вытворчасць малака трымаецца на такім высокім ўзроўні. Падзяліцеся вопытам, як удаецца плюсаваць.
– З году ў год мы вядзём мэтанакіраваную селекцыйную работу, ствараючы высокаўдойны статак. І адначасова распрацоўваем рацыёны жывёлы. Трымаем іх на кантролі і стараемся, каб кармленне было пажыўным і нашы кароўкі давалі больш малака. Хачу адзначыць, што належнае кармленне дойнаму статку мы забяспечваем у любую пару года і ў любое надвор’е. Прычым працуем над гэтым з брыгадзірамі фермаў пастаянна. Сёлета ў летні пашавы перыяд прыходзіцца крышку цяжкавата, бо з-за спякоты пашы літаральна на вачах выгараюць. Добра, калі каровы збіраюць за дзень 10 кілаграмаў травы. Таму недастаючую колькасць зялёных кармоў кладзём у кармушкі. Дзеля гэтага ў нас пасеяны аднагадовыя і шматгадовыя травы. У прыватнасці, люцэрна, якая пакуль што зялёная, і мы здолелі ўзяць неблагі другі ўкос. Калі ж у бліжэйшы час не будзе дажджоў, то, зразумела, чаканай аддачы ад зялёнага канвеера не будзем мець. Недахоп зялёнкі кампенсуем за кошт пераходнага запасу нарыхтаваных летась травяных кармоў і розных дабавак. Сіласу дастаткова. Згодна з устаноўленай у камп’ютары праграмай, бачым, колькі і якіх кармоў патрэбна дабавіць, каб не мінусаваць.
– І, як вядома, па-ранейшаму цесна супрацоўнічаеце ў плане распрацоўкі рацыёнаў з вучонымі?
– Так. Хоць мы і самі ўжо навучыліся іх складаць. Але навука не стаіць на месцы, з’яўляецца нямала новага, таму запрашаем да сябе навукоўцаў. І з-за мяжы таксама. Яны даюць нам слушныя рэкамендацыі, якія прымяняем. У красавіку прыязджалі італьянцы, разам з імі мы некалькі скарэкціравалі рацыёны. Адным словам, стараемся выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі і дабіваемся высокіх вынікаў.
– Правільна і спаўна накарміць карову – гэта вельмі важна, але вялікую, калі не галоўную ролю ў павелічэнні паказчыкаў адыгрываюць менавіта людзі. Вы згодны?
– Безумоўна – гэта адно з самых важных складаемых. У нас дружны і згуртаваны калектыў. Моцная дысцыпліна працы. Жывёлаводы працуюць з поўнай аддачай і выконваюць усё, што ад іх патрабуецца. Вось такім чынам і трымаем малако на ўзроўні.
– У вашай гаспадарцы дзве малочнатаварныя фермы, новая ў Вялікім Двары і старая – у Асіпаўшчыне. Наколькі адрозніваюцца надоі малака ў гэтых вытворчых падраздзяленнях.
– На новай надой ад кожнай каровы на тры кілаграмы вышэйшы. Яно і зразумела, бо там і мікраклімат, і ўмовы ўтрымання жывёлы лепшыя. Днём каровы ляжаць у халадку ў памяшканні, дзе ім даволі камфортна. А ноччу выходзяць у выгульны дворык. Менавіта за кошт гэтага і атрымліваем на 30 працэнтаў больш прадукцыі, хоць каровы па прадукцыйнасці і аднолькавыя на абедзвюх фермах. І кормім іх аднолькава. Такім чынам, перавага беспрывязнога ўтрымання відавочная. У гэтым упэўніліся, і на ферме ў Вялікім Двары статак мяркуем давесці да тысячы галоў – будзе пабудавана яшчэ адно памяшканне. А ў Асіпаўшчыне правядзём рэканструкцыю, бо без мадэрнізацыі фермаў высокіх вынікаў не атрымаць. Там каровы таксама будуць хадзіць свабодна.
– Міхаіл Барысавіч, а як ідзе нарыхтоўка кармоў на зімоўку?
– Заклалі пэўную колькасць сенажу ў траншэі. Для цялятак насушылі сена. Прасуем траву ў поліэтыленавую плёнку, у прыватнасці, канюшыну ў сумесі з цімафееўкай. Плануем такім чынам нарыхтаваць паўтары тысячы тон. Як і мінулыя гады, добра ўрадзіла хлебная ніва. Нам заўсёды з запасам хапала збожжа і зерня кукурузы да новага ўраджаю. Выклікае трывогу кукуруза, якой для далейшага росту не хапае вільгаці, але будзем спадзявацца на лепшае.
ЯКАСЦЬ МАЛАКА: АДГРУЖАЮЦЬ «ЭКСТРУ»
З пачатку года на малакаперапрацоўчыя заводы з гаспадарак раёна паступіла 40263,1 тоны малака ў заліковай вазе. Вышэйшым гатункам адпраўлена 30972,2 тоны – 76,9 працэнта ад агульнай колькасці. Гатункам «Экстра» спажыўцамі залічана 19,3 працэнта пастаўленага малака. Вылучаюцца сярод іншых ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», «ААТ «Вялікі Двор» і «Каганец». Адсюль адгружана на заводы найбольшая колькасць высакаякаснай сыравіны, адпаведна – 2264,7, 2122,6 і 1400,1 тоны. Пастаўляюць малако вышэйшай якасці, але пакуль што ў невялікіх аб’ёмах, ААТ «Агранёманскі», «Жацерава», «Радзіма Дзяржынскага», «Рубяжэвічы» і ТАА СЖК «Налібакі».
ІНАВАЦЫІ: ВЫСОКАЭФЕКТЫЎНАЯ ДАБАЎКА
Навацельныя і высокаўдойныя каровы ў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» на працягу пяці апошніх месяцаў атрымліваюць спецыяльную кармавую дабаўку – экструдзіраваную сумесь «Энергалён», якую прадпрыемства закупляе ў ТАА «Беразіно Прадукт». Дабаўка вырабляецца на аснове насення льну з прымяненнем перадавых тэхналогій і значна павышае пажыўнасць і засваяльнасць кармоў.
– Мы задаволены, прадукцыйнасць рагуль павялічылая на два-тры кілаграмы штодзень, – гаворыць галоўны заатэхнік Уладзімір Жукаў. – Асобныя каровы даюць па 20 кілаграмаў малака за адну дойку. Да таго ж, аслабленая пасля расцёлу жывёла, якая ўжывае дабаўку, не страчвае масу і не зніжае надой.
Надзея БАТАЛКА