Сёння адзначаецца Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь

Главное Соцыум

image_pdfimage_print
Фота носіць ілюстрацыйны характар

У бягучым годзе раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» вымушана ажыццяўляць сваю дзейнасць з улікам няпростых эпідэміялагічных умоў. Але мы «рукі не апускаем», шукаем і знаходзім прымальныя шляхі і формы работы.

Так, да 75-годдзя Вялікай Перамогі не пакінулі без віншаванняў нашых глыбокапаважаных ветэранаў. Увагу ўдзяляем усім юбілярам, адпраўляючы кожнаму святочны віншавальны адрас, а для юбіляраў-доўгажыхароў рыхтуем нумары мастацкай самадзейнасці і падарункі.

Па добрай традыцыі, увесну даставілі па месцы жыхарства членам нашай арганізацыі наборы насення, атрыманыя ад ААТ «Мінсксортнасенагародніна», а цяпер, увосень, пры падтрымцы СФГ «Сула» забяспечылі інвалідаў I групы і іншых грамадзян бульбай.

З асаблівай удзячнасцю мы ставімся да ўсіх неабыякавых людзей, калектываў арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, прадстаўнікоў прыватнага бізнесу, якія аказваюць нам дабрачынную дапамогу, і, дзякуючы якой, становіцца магчымым правядзенне навагодняй і велікоднай акцый, розных сустрэч і мерапрыемстваў.

Вельмі радуе, што нашымі надзейнымі сябрамі-спонсарамі сталі прыватная кампанія «Мерыдыянсэрвіс», Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат, хлебапрыёмнае прадпрыемства, сельгаставарыствы «Вялікі Двор» і «Вішнявецкі-агра», прадпрыемства «Профі-Аграцэнтр», гімназія № 1 г. Стоўбцы, калектывы Стаўбцоўскага занальнага вузла электрычнай сувязі і Старасвержанскага сельвыканкама, індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Пяткевіч і іншыя, хто пажадаў застацца не названым.

Карыстаючыся магчымасцю, выказваю словы падзякі кіраўніцтву раёна за ўвагу да праблем людзей з інваліднасцю, падтрымку і дапамогу ў вырашэнні актуальных задач. Дзякуй за супрацоўніцтва грамадскім арганізацыям раёна, кіраўніцтву і калектыву ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва», рэдакцыі газеты «Прамень», установам культуры і інш.

На Стаўбцоўшчыне шмат годных і паважаных людзей. І да іх ліку хацелася б дадаць імёны нашых нястомных актывістаў: Марыі Іванаўны Станкевіч, Зінаіды Васільеўны Якімавай, Наталлі Міхайлаўны Дрозд, Алы Пятроўны Янскай, Марыны Генадзьеўны Халецкай, Валянціны Іванаўны Рабацько, Алены Мікалаеўны Гоцкай, Наталлі Фёдараўны Лобач, якія робяць усё магчымае, каб наша грамадская арганізацыя развівалася, а міласэрнасць, дабрыня сагравалі тых, хто ў гэтым мае патрэбу.

Дзякуй усім членам нашай арганізацыі за тое, што яны ёсць сярод нас. Няхай жыццё падорыць кожнаму шмат цяпла, кахання і радасці.

Зінаіда КАТЛАШЭЎСКАЯ, старшыня раённай арганізацыі інвалідаў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *