Родам з Вязаўца

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

“У мяне ўсё – музей”, – папярэджвае на ўваходзе ў сваю сядзібу Іван Дзявойна. Па пашпарце ён – мінчанін, сталы самадастатковы чалавек. Па сутнасці – шчыры вясковец, родам з Вязаўца (Вішнявецкі сельсавет), які тут, на малой радзіме, нарэшце знайшоў сябе.

Прагны да творчасці, Іван Дзявойна даў імя бацькоўскай сядзібе – “Родны кут”. Назва выштукавана з драўляных сучкоў і ўзнята на вышыню больш чым 20-гадовых туяў і ядлоўцаў.  Гаспадар стараўся зрабіць сядзібу прыкметнай і адметнай: яна – яго галоўная спадчына, аўтарскі праект, майстэрня для самавыяўлення.

– Аздабляць свой “Родны кут” пачаў з 1990-х гадоў. Пастаянна наведваўся з Мінска да бацькоў. Бацькі не стала ў 1987 годзе, мамы – у 1997-м… Пакуль яны былі жывыя, накіроўваў больш намаганняў на тое, каб палепшыць умовы іх жыцця. Займаўся вадою, газам…  – прыгадвае Іван Дзявойна.

Аднак з часам ад звычайных бытавых выгод у сялянскім доме справа зрушылася вельмі далёка, углыб стагоддзяў. Іван Дзявойна, капаючыся ў архівах,  з дапамогай аб’яднання беларускай шляхты знайшоў вытокі свайго старажытнага шляхецкага роду, вядомага з часоў бітвы пад Грунвальдам. У знак пашаны да продкаў вырабіў і прымацаваў на сядзібе вітраж з фамільным гербам. Ён сустракае кожнага, хто сюды наведваецца. А вечарам, у азарэнні электрападсветкі, атрыбут шляхецкай прыналежнасці ззяе і прыцягвае ўвагу рознымі колерамі.

Свае кампазіцыі гаспадар прадумаў так, каб, падчас адпачынку на свежым паветры, можна было любавацца вітражом з гербам і драўлянай скульптурай “а-ля гаспадар”. Гэта яшчэ адна адметнасць сядзібы. “Аўтапартрэт” у дрэве выразаў на заказ народны ўмелец з Дзераўной. Іван Дзявойна брава ўскідвае на галаву саламяны капялюш і становіцца побач: “Ну як, падобна?”

У гэтай жартоўнай, на хаду, імправізацыі падкупляе пачуццё годнасці гаспадара, яго асэнсаванае ўсведамленне таго, што ён робіць, куды яму неабходна рухацца. “Ідзі ў родны край, там і пад елкай рай”, – услых чытае ён выразаны на дрэве свой “маршрут”, выбраны, няйначай, сэрцам, які ён штодзённа пацвярджае канкрэтнай справай. А моладзь, маўляў, няхай не праходзіць міма мудрых выслоўяў, вучыцца любіць сваё, роднае.

ПРЭЗЕНТАЦЫЯ ДЛЯ АДНАВЯСКОЎЦАЎ

У вёсцы Вязавец, на жаль, фактычна не засталося моладзі. Вякуюць пажылыя людзі, пераважна бабулькі, якія ўсё жыццё адпрацавалі ў калгасе. Сваю ранейшую вёску – шматлюдную, дружную, вясёлую – яны ўспамінаюць з настальгіяй. Але і цяпер да бабуляў на канікулы прыязджаюць унукі, праўнукі – летам Вязавец маладзее.

Іван Дзявойна выкарыстаў гэты момант і запрасіў аднавяскоўцаў да сябе – на своеасаблівую прэзентацыю дамашняга музея льну, які акурат “даспеў” у яго бацькоўскай хаце. У многім гэтаму паспрыялі і яны, суседзі, сапраўдныя знаўцы льняной эпапеі. Хтосьці падзяліўся ўласным вопытам вырошчвання гэтай культуры на калгасных палетках, а нехта выручыў і з экспанатамі, якія, не будзь побач такога музейнага энтузіяста, маглі б так і прапасці на якім-небудзь гарышчы ці ў склепе.

Іван Дзявойна здолеў сабраць у сваёй дамашняй экспазіцыі шмат цікавага. “Мастацкім кіраўніком майго праекта можна лічыць Валерыя Дранчука”, –  з гэтага прызнання пачынае ён аглядавую экскурсію. Расказ вядзецца на чыстай, як льняны сувой, роднай мове. Па палатняных ходніках мы праходзім па пакоях, дзе ўладкаваны жорны, грэбні, шчоткі, трапалкі, пранік, прасніца, матавілы, сноўніца, ніты, бёрда, кросны і многае іншае – старыя прыстасаванні для апрацоўкі льну. Усе яны даведзены гаспадаром не толькі да музейнай рэліквіі, а і да рабочага  стану. У цэнтры экспазіцыі ўзвышаюцца залацісты сноп, старадаўняя ікона.

– Ікона работы мясцовага мастака К. С. Івашкі, – працягвае наш гід і, безумоўна, не можа не засяродзіць увагу на яшчэ адным таленавітым жыхары Вязаўца, сваім сябры Іване Івашку, які напісаў верш, прысвечаны гісторыі роду Дзявойнаў.           

У дамашнім музеі Івана Дзявойны не можа не здзівіць і так званая “радзівілаўская” зала – з высокай столлю, камінам і паляўнічымі трафеямі, а таксама “маміна кухня” – самая што ні на ёсць сапраўдная кухня з печчу, натуралізаваная пад тую, што апісана Якубам Коласам у паэме “Новая зямля”. Цытуючы на памяць “Раніцу ў нядзельку”, Іван Канстанцінавіч з удзячнасцю ўспомніў сваіх бацькоў, простых сялян, якія далі жыццё чацвярым дзецям.

МУЗЕЙ БЕЗ ГРАФІКА РАБОТЫ

Сярод гасцей, што першымі прыйшлі пазнаёміцца з музеем Івана Дзявойны, была і яго сястра – Алена Сяржант, жыхарка Вішняўца, разам са сваімі дочкамі Алай і Зінаідай. “Мы – аднадумцы, ухваляем справу дзядзькі”, – прызналіся пляменніцы, якія спецыяльна прыехалі з гэтай нагоды з Нясвіжа. Не так даўно, на жаль, не стала вядомага  беларускага пісьменніка, літаратуразнаўцы Уладзіміра Мархеля, які, пэўна ж, таксама парадаваўся б за свайго стрыечнага брата.  З цікавасцю знаёмілася з экспанатамі, штосьці дабаўляла са сваіх успамінаў яшчэ адна сваячка – братавая (цяпер ужо ўдава) Софія Дзявойна.

Па водгуках, спадабалася ў музеі і Міхаілу Вярцейку – першаму настаўніку Івана Дзявойны. “Добрая справа, – адазваўся ён на адкрыццё музея. – Я адразу сумняваўся, ці зможа Іван яе адолець, ажно ж ён настойлівы”.

Алена Русаковіч наведалася ў музей разам з унучкай Анечкай, якая прыехала да яе з Дзяржынска. Дзяўчынка заўзята разглядала незнаёмыя ёй рэчы, у сувязі з чым гаспадар дазволіў прыходзіць у музей у любы час.

Пасля экскурсіі было цікава пазнаёміцца з Лідзіяй Івашка і Валянцінай Пукач. Ліда і Валя (так называў іх Іван Дзявойна) –  жанчыны, якім быў сказаны асаблівы “дзякуй”. Цяпер з усмешкай прыгадваюцца некаторыя рабочыя моманты: пры зборы кроснаў, напрыклад, спрэчкі ішлі гарачыя, ледзьве не да сваркі…                

Вёска Вязавец апошнім часам не сумуе…

“БУДЗІЦЬ” ВЁСКУ

І яшчэ – з самай раніцы Вязавец не спіць, працуе.                                                                       

Вяскоўцы-суседзі паспелі заўважыць адну асаблівасць: раніцай выходзіш на ганак  хаты, а ўжо чуваць стук малатка ці якое-небудзь гудзенне станка на сядзібе Івана Дзявойны. “Усё робіць і робіць”, – без злосці кажуць вяскоўцы. Яны, калі трэба, ідуць да яго па дапамогу. У яго ёсць усякі інструмент, ды ён не адмаўляе ім.    

Іван Дзявойна “будзіць” вёску і напаўняе яе павольныя дні асаблівай “музыкай” працы, спрадвечным жыццёвым клопатам, сялянскім сэнсам.

– Ідэй у мяне шмат, яны ідуць адна за адной, – з ахвотай распавядае мой суразмоўца. – Працую ў майстэрні. На маім падворку стаіць воз, плуг на ім – акурат так, як было ў бацькі. Адрэстаўрыраваў і іншую даўніну. Фактычна мой дамашні музей працягваецца і пад паветкай, і ў былым хляве. Там, дзе калісьці стаялі конь, карова, зрабіў лазню і паляўнічы пакой для адпачынку. Лазню напальваю, калі збіраецца сям’я, прыязджаюць мае дзве ўнучкі.

– Вы – паляўнічы? Навокал у вас шкуры звяроў, чучалы…

– Сапраўды, гэта трафеі. Але паляваннем не захапляюся. Раней мяне запрашалі якога звера падстрэліць. Мае аднавяскоўцы не здагадваюцца, што я майстар спорту па біятлоне. Калісьці хадзіў у горы… Навучыўся  ўсім цяслярным работам. Бацька крыху паказваў, але ж з 16-ці гадоў я паехаў з дому. Паўтара года працаваў на шахце ў Данбасе. Служыў у арміі, у спартыўным батальёне Канціміраўскай дывізіі.  Моцна хацеў быць гісторыкам, але так атрымалася, што стаў харчавіком. Да выхаду на пенсію працаваў дырэктарам трэста рэстаранаў і сталовых у Мінску. Цяпер з асалодай шчырую на роднай сядзібе. Гэта мой адпачынак. Наступная задума – стварыць млын-вятрак у натуральную велічыню.

 – Іван Канстанцінавіч, чаму вы захацелі стварыць менавіта музей ільну?

– Для музея  этнаграфічнага патрэбна шмат розных экспанатаў. А музей ільну – канкрэтны. Багата чаго ў мяне засталося ад маці. Памятаю, як яна зімою прала па вечарах пад лямпай, апавядала нам, дзецям, пра абрады, звязаныя з ільном…   

…Шмат чаго “дастае” са сваёй памяці Іван Дзявойна, родам з Вязаўца і свой, жаданы ў Вязаўцы, дзе ўсе жывуць на адной вуліцы. Выклікае захапленне і павагу апантанасць гэтага чалавека, які нарэшце знайшоў тое, што падсвядома шукаў на працягу ўсяго жыцця. І, ад’язджаючы на машыне ў Стоўбцы, ён не зачыняе за сабою вароты, пакідае іх на некалькі гадзін «расхрыстанымі». Чаму? “Каб мае бабулькі з кійкамі ведалі, што мяне няма дома і, калі ім штосьці спатрэбіцца, не ішлі дарэмна”. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

Я НАРАДЗІЎСЯ, ВЫРАС ТУТ

Край мой цудоўны, светлы, знатны,

Бацькоўскі, родны, мілы кут!

Я – твой аматар і заўзятар

Палёў, балотаў, роднай хаты, –

Я нарадзіўся, вырас тут.

Я – дзедзіч гэтае краіны,

Я – дзедзіч гэтае зямлі,

Дзе прашчуры маіх крывінаў,

Дзе прашчуры маіх мясцінаў

Ад першабытных дзён жылі.

Шляхецкім быў наш род Дзявойнаў,

Герб старажытны, слынны меў,

Удзельнічаў у бітвах, войнах,

У руху баявым, вызвольным,

Каб родны край зрабіўся вольным,

Прыгнёту, крыўды не цярпеў.

Сам Вітаўт вёў у бой палкі –

Дзе ваявалі сваякі,

Прадстаўнікі сям’і і роду –

Як частка цэлага народу,

Што адстаяў сваю свабоду.

Свабоду цэлай Беларусі.

Сваім я родам ганаруся.

Як добра вечарам, світанкам,

Уранку выйсці мне на двор,

З парога роднага і ганку

Паслухаць салаўёў спяванку,

Убачыць аблачын гайданку,

З кашом пайсці ў дрымучы бор.

Я тут сабраў багаты досвед

Жыцця на волі, на зямлі,

Душы тут сэрца рэха, водсвет,

Я тут уведаў сэнс любві,

Урос, як дрэва, у глыб раллі.

Мае пачуцці тут цвілі.

Нясвіжскай пушчы ўжо не стала,

І Гавязнянкі ўжо няма.

Шмат скарбаў нашых зло забрала,

Дастаткаў шмат забрала цьма.

Але застаўся край жывым,

Шмат маем спадчыны мы ў ім.

Хай гэты сціплы мой музей

Адкрые нам прасцяг надзей.

І тут, ва ўсіх музейных рэчах,

Адлюстравана наша вечнасць.

Любіце край свой, краявід

Натхнёна, захапляльна, вечна.

Іван ІВАШКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *