«Гісторыя не ў лічбах, яна — у асобах» — ААТ «Каганец» адзначае юбілей

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Калі ад’язджаеш на некалькі кіламетраў ад Стоўбцаў, то бачыш, як вясковыя краявіды змяняюць шумныя вуліцы райцэнтра. Гукі легкавых аўтамабіляў становяцца не такімі пранізлівымі, а на дарозе ўсё часцей можна сустрэць габарытную сельскагаспадарчую тэхніку. Мы трымаем кірунак у адно з лепшых таварыстваў раёна – ААТ «Каганец».

За 80 гадоў свайго існавання гаспадарцы прыйшлося перажыць розныя перыяды. Аднак з упэўненасцю можна сказаць, што ёй узяты курс на сучасныя тэхналогіі. Пад кіраўніцтвам вопытнага дырэктара Пятра Малахава таварыства развіваецца, паказчыкі растуць, а працавітасці ў людзей прыбаўляецца. Нездарма і сам кіраўнік лічыць сваім галоўным дасягненнем за гады працы не прызавыя месцы, а дружны і з’яднаны калектыў. Пётр Міхайлавіч расказвае:

Дырэктар Пётр Малахаў

– Менавіта з такімі рупліўцамі, як у ААТ «Каганец», можна ставіць і выконваць самыя складаныя задачы. Дапамагае гэтаму высокі ўзровень дысцыпліны. Работнікі бяруць прыклад з дырэктара. Кожны перажывае за справу, стараецца. Мы не глядзім на канкурэнтаў, а працуем сваёй камандай і дасягаем пэўных вынікаў. Галоўны з іх – дабрабыт і дастойная заработная плата. Дарэчы, за апошнія сем гадоў памер яе ўзрос у тры разы.

Гэтыя паказчыкі – вынік калектыўнай працы. У гаспадарцы прыярытэт аддаюць сапраўдным прафесіяналам. Адказнасць, прыстойнасць і выканальніцкая дысцыпліна – асноўныя якасці для працаўніка, які ў калектыве карыстаецца заслужанай павагай. Такіх работнікаў у таварыстве нямала, і сярод іх як маладыя кадры, так і вопытныя.

Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Дар’я Доўнар
Спецыяліст па кадрах Святлана Манцівода
Старшыня прафкама Галіна Шырвель

Першыя ў раёне па вытворчасці малака сорту экстра

Зацікаўлена і апантана працуе аператар па штучным асемяненні жывёлы Валянціна Паляшчук. Сёлета яна ўзнагароджана юбілейным медалём «100 гадоў органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі». Прыйшла ў гаспадарку Валянціна Васільеўна 22 гады таму, вучылася ў вядомага майстра па асемяненні жывёлы Раісы Леанідаўны Жук. Сцвярджае, што праца з жывёлай прыносіць ёй задавальненне. Да кожнай каровы яна знаходзіць індывідуальны падыход. Штогод паказчыкі па выхадзе цялят узрастаюць, а значыць, гарантаваны і рост надояў. Як пацвяр-джэнне гэтага, прырост малака ад каровы ў гаспадарцы за апошнія сем гадоў склаў 3100 кілаграмаў (з 5400 да 8500 кілаграмаў). У планах кіраўніцтва – дасягнуць 9-тысячнага паказчыка. Таксама ААТ «Каганец» у ліку першых у раёне рэалізоўвае мерапрыемствы па вытворчасці малака самага высокага сорту – экстра. Цяпер у гаспадарцы яго вытворчасць складае 99,9 працэнта.

Работнікі малочнатаварнай фермы «Засулле»: слесар па рамонце і абслугоўванні абсталявання Іван Бельскі, аператар машыннага даення Алена Райская, жывёлавод Віктар Бычынкі, аператар па штучным асемяненні жывёлы Валянціна Паляшчук і жывёлавод Мікалай Сяркоў

Падобныя дасягненні дазваляюць таварыству трымацца ў тройцы лідараў сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Значны ўклад у гэта ўносяць аператары машыннага даення. Яны штодзень рупяцца на трох фермах гаспадаркі, каб атрымаць якасны і натуральны прадукт. Сярод работнікаў вылучаецца Аксана Маліноўская. Яна ўжо дзясяты год шчыруе на МТФ «Зарэчча» і на даны момант займае ганаровае другое месца па надоях малака ад каровы ў раёне.

Работнікі малочнатаварнай фермы «Зарэчча»: жывёлавод Алена Курлова, аператар машыннага даення Святлана Гаркач, аператар па штучным асемяненні жывёлы Аксана Мельнікава, брыгадзір Галіна Каробка, аператар машыннага даення Аксана Маліноўская, тэхнік па ўліку Валянціна Калкоўская

Пра свае дасягненні Аксана Іванаўна гаворыць сціпла, але з натхненнем:

– Даручаную мне работу стараюся выконваць добра. У мінулым годзе марыла надаіць 10 тысяч кілаграмаў малака ад кожнай каровы – і здзейсніла гэта. Сёлета планую дасягнуць такога ж паказчыка. Працаваць у гаспадарцы, якая ўдасканальваецца, абнаўляецца, вельмі прыемна. Кіраўніцтва стварае ўсе ўмовы, заахвочвае за плённую працу. Да свят мы атрымліваем харчовыя наборы, салодкія падарункі і інш.

Работнікі малочнатаварнай фермы «Ячонка»: аператар машыннага даення Алена Рубін, брыгадзір Аляксандра Круглік, жывёлавод Уладзімір Керабко, жывёлавод Алена Рубін і аператар машыннага даення Ванда Фамішкіна

Асобую ўвагу ў ААТ «Каганец» надаюць тэхналагічнаму ўдасканаленню. Так, працэс даення на МТФ «Засулле» быў рабатызаваны. Гэта палегчыла працу аператараў, але павысіла і іх адказнасць. Неабходна весці пастаянны нагляд за тым, як працуе абсталяванне. Брыгадзір фермы Таццяна Чэмка адзначыла:

– Сучасныя тэхналогіі могуць палегчыць працу, але ніколі не заменяць рукі даяркі. Для жывёлы, як і для людзей, важныя догляд, увага. Стараемся максімальна даць ёй гэта.

Атрыманую прадукцыю ААТ «Каганец» паспяхова рэалізуе ААТ «Мінскі малочны завод № 1». Жывёлу гаспадарка адгружае ў ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат». Таксама попытам карыстаецца продаж цялушак.

Ёсць куды імкнуцца

У бягучым годзе ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур у гаспадарцы склала 37,4 цэнтнера з гектара. Намалацілі 4673 тоны збожжа. Галоўная мэта працаўнікоў – атрымаць у будучым 500 цэнтнераў з гектара цукровых буракоў.

Трактарысты-машыністы: Іван Малчанаў, Сяргей Русак, Дзмітрый Трацяк, Валерый Шахно, Дзяніс Трафімаў і Уладзімір Чарнецкі

Палявыя работы ў гаспадарцы амаль завершаны. Вядзецца вываз арганікі на палі пад вясеннюю сяўбу. Штодзень тут задзейнічана чатыры адзінкі тэхнікі. Вопытныя механізатары і вадзіцелі выдатна ведаюць сваю справу. Званне лепшага механізатара ў гаспадарцы мае Дзмітрый Трацяк. З восені ён актыўна ўносіць угнаенні, каб будучы год быў ураджайным. Дзмітрый Трацяк гаворыць:

– Ужо ўнеслі фосфарныя ўгнаенні пад буракі. Працягваем вывозіць калійныя пад яравыя культуры. Цяпер дапамагаем ПДСУП «Профі-Аграцэнтр».

На сельгаспрадпрыемстве адзначаюць, што Дзмітрый – сапраўдны спецыяліст сваёй справы. Дарэчы, ён шматдзетны бацька, які будуе ўласны дом. А пакуль таварыства выдзеліла яго сям’і службовае жыллё, дзе гаспадара чакаюць любая жонка, два сыны і дачка.

Намалавіці і перавезлі тысячу і больш тон збожжа: Уладзіслаў Камейша,, вадзіцель Алег Даўгапол, трактарысты-машыністы Сяргей Шахно і Сяргей Карабін, вадзіцель Вадзім Паляшчук

Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства выдзяляе жыллё і іншым сваім работнікам, у прыватнасці маладым спецыялістам. Дырэктар ААТ «Каганец» Пётр Малахаў лічыць:

– Маладыя кадры, якія маюць жаданне працаваць, мы заўсёды забяспечваем службовым транспартам, паляпшаем іх жыллёвыя ўмовы, гатовы падтрымліваць і ісці на ўступкі.

Таму з кадрамі ў гаспадарцы няма праблем. Тут шмат перспектыўнай моладзі. У яе ліку – намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Дар’я Доўнар, галоўны энергетык Аляксандр Жыбуль, аграном-аграхімік Юрый Семяненка і юрысконсульт Віталій Галавачэнка. Па мэтавым накіраванні вучыцца на інжынера-механіка Уладзіслаў Камейша. Дарэчы, сёлета маладзёжны экіпаж у складзе Уладзіслава Камейшы і Юрыя Семяненкі намалаціў звыш тысячы тон збожжа.

Маладыя работнікі: загадчык гаража Уладзіслаў Камейша, аграном-аграхімік Юрый Семяненка і галоўны энергетык Аляксандр Жыбуль

Моладзі ёсць у каго пераймаць вопыт. Старэйшыя калегі ім заўсёды падкажуць, растлумачаць. Ветэранам працы ў гаспадарцы – асобая пашана. Менавіта яны стваралі гісторыю сельгаспрадпрыемства, былі сведкамі падзей, якія ўплывалі на станаўленне таварыства і яго далейшае развіццё. Сярод іх і галоўны бухгалтар Гелена Грамыка, якая працуе ў гаспадарцы больш за паўстагоддзя. Свой вопыт Гелена Эдвардаўна лічыць галоўным скарбам. І на заслужаным адпачынку яна працягвае перадаваць свае веды моладзі.

Галоўны бухгалтар: Гелена Грамыка (у цэнтры), намеснік галоўнага бухгалтара Марына Дзяргай, бухгалтары Галіна Кабзева і Таццяна Маліноўская

З нагоды 80-годдзя гаспадаркі кіраўніцтва наведала кожнага ветэрана працы, выказала ім словы ўдзячнасці, уручыла падарункі.

Усе працаўнікі гаспадаркі атрымалі грашовыя прэміі і прадуктовыя наборы, а 48 рупліўцаў ААТ «Каганец» адзначаны граматамі, падзякамі і каштоўнымі падарункамі.

80-годдзе сельгаспрадпрыемства яшчэ раз пацвердзіла, што гісторыя захоўваецца не ў лічбах, яна – у асобах, у тых людзях, якія сваёй штодзённай напружанай працай ствараюць дабрабыт уласных сем’яў, свайго таварыства і краіны ў цэлым.

Павага і паклон вам, працаўнікі сельскай гаспадаркі!

Ксенія РУБІН

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *