Лечыць кісларод і вытрымка медыкаў

Главное Медыцына

image_pdfimage_print

Гэтымі днямі ў інфекцыйным аддзяленні УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» усе ложкі заняты пацыентамі з COVID-19. Яны шпіталізуюцца сюды ў цяжкім стане або ў стане сярэдняй цяжкасці і маюць патрэбу ў насычэнні крыві кіслародам.

– Да ўсіх 25 ложкаў, якія ёсць у інфекцыйным аддзяленні, зроблены падвод кіслароду, – тлумачыць загадчыца аддзялення Вольга Ярмоленка. – У сярэднім кожнаму пацыенту неабходна кіслародатэрапія на працягу дзесяці дзён. Пасля гэтага стан пацыента паляпшаецца, і яго пераводзім у іншае аддзяленне для далечвання і аднаўлення. На свабодныя месцы паступаюць новыя хворыя, прычым не толькі са Стаўбцоўскага, але і з іншых раёнаў Мінскай вобласці.

Сітуацыя ў «інфекцыёнцы» знаходзіцца пад кантролем, але можна толькі ўявіць, якіх намаганняў патрабуе ад персаналу падобны «канвеер»! І, разам з тым, персанал знаходзіць магчымасць, каб удзяліць сваім пацыентам максімум увагі.

Так, доктар Вольга Ярмоленка аглядае іх па два-тры разы на дзень, а медыцынскія сёстры наведваюць ледзьве не кожную гадзіну. Паказчык сатурацыі (насычэння крыві кіслародам) яны мераюць па шэсць і больш разоў на дзень. Дапамогу ў гэтых і іншых пытаннях таксама аказвае малодшы медыцынскі персанал.

– Працуем зладжана, без нараканняў на цяжкасці, – заўважае Вольга Віктараўна.

У інфекцыйным аддзяленні сапраўды сабраліся прафесіяналы, байцы, якія не баяцца фізічнай нагрузкі і рызыкі заразіцца самім. Адзін аднаго яны падтрымліваюць і разумеюць літаральна з паўслова. У большасці з гэтым аддзяленнем звязана 20, а то і больш гадоў жыцця.

Іх душу грэе тое, што ўдаецца выходжваць пераважную большасць пацыентаў. Адзінкавыя выпадкі, калі нехта з іх, у каго інфіцыраванне суправаджаецца такімі сур’ёзнымі ўскладненнямі, як атлусценне, сардэчна-лёгачная паталогія, эндакрыннае парушэнне, трапляе ў рэанімацыйнае аддзяленне для інтэнсіўнай тэрапіі.

– У бальніцы ўсяго дастаткова: лекаў, ежы – для пацыентаў, сродкаў індывідуальнай аховы – для персаналу. Усё добрай якасці, – адзначае Вольга Ярмоленка.

…Медыкі сёння – нашы анёлы-ахоўнікі. Яны вядуць штодзённае змаганне за жыццё кожнага пацыента. І ўрачы не шкадуюць асабістага часу: акрамя прызначаных дзяжурстваў у начны час і выхадныя дні, таксама прыходзяць да хворых па сваёй ініцыятыве, каб правесці дадатковы агляд, скарэкціраваць лячэнне і да т. п. Дзякуй ім за гэта!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *