Хуткімі тэмпамі, са значным апераджэннем графіка, узводзіцца ў шматпавярховым мікрараёне Стоўбцаў новая сучасная школа на 720 месцаў. Плануецца, што ўжо 1 верасня 2021 года школа прыме дзяцей.
Аб’ект складаецца з пяці секцый – А, Б, В, Г і Д, і работы вядуцца адначасова на ўсіх пяці. Працуе будаўнічы трэст № 1 г. Мінска, які зарэкамендаваў сябе на многіх адказных аб’ектах рэспублікі.
– Фактычна за паўгода ўзведзены каробкі многіх будынкаў, падведзены інжынерныя сеткі, выкананы пешаходныя сувязі з суседнім дзіцячым садам, і на 80 працэнтаў гатова да эксплуатацыі пад’язная дарога. Работы вядуцца сем дзён на тыдзень пры 12-гадзінным рабочым дні. Выкарыстоўваецца вахтавы метад, – расказаў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака.
На будаўнічай пляцоўцы мы пазнаёміліся з майстрам будаўніча-мантажных работ Мікітам Самусенкам. Для яго, сёлетняга выпускніка БНТУ, будаўніцтва школы – першы і вельмі знакавы аб’ект.
На месцы будаўніцтва школы ў чэрвені бягучага года з удзелам старшыні аблвыканкама Аляксандра Турчына была закладзена памятная капсула.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара