Фестывальная палітра «Раніцы», або Як шашкоўцы ў Віцебску «базарылі»

Культура Нумары

image_pdfimage_print

У дні правядзення ХХІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар” у Віцебску дваццаць самых адораных вучняў мастацкіх школ Беларусі і Расіі прынялі ўдзел у І І беларуска-рускім пленэры пад патранажам пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.  Форум адбыўся ў фальварку Здраўнёва, дзе на маляўнічым беразе Дзвіны знаходзіцца дом-музей Ільі Рэпіна. Цікавая геаграфія ўдзельнікаў: Масква, Смаленск, Севастопаль, Віцебск, Мінск і… Шашкі. Васьмігадовы Захар Радзіон і чатырнаццацігадовы Мацвей Кулакоўскі, пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, трымалі экзамен перад прадстаўнічым журы, якое ўзначальваў галоўны рэдактар часопіса “Юный художник” Віталь Івашнеў (Масква). Дзеці атрымалі для работы ўсе неабходныя мастацкія матэрыялы, а таксама форму з лагатыпам мерапрыемства. Два дні юныя таленты не толькі працавалі з пэндзлямі за мальбертамі, але і наведвалі шматлікія музеі і выставы, творчыя майстэрні, удзельнічалі ў прэс-канферэнцыях у прэс-цэнтры “Славянскага базару”, дзе сустракаліся з зоркамі мастацтва.

На другі дзень адбылася афіцыйная частка пленэру. Намеснік Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Іван Бамбіза, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, прадстаўнікі Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы Алена Аўчарэнка і Вольга Вінаградава, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў, галоўныя рэдактары маскоўскіх выданняў “Учительская газета” і “Юный художник”, мас-медыя пазнаёміліся са справаздачай дзіцячага пленэру. У падарунак удзельнікам былі ўручаны дыпломы і прафесійныя эцюднікі з наборам неабходных матэрыялаў для творчасці. І, як шыкоўнае дапаўненне, кожны атрымаў запрашальны білет на вячэрні канцэрт “Саюзная дзяржава запрашае… Я люблю цябе, жыццё!” у Летнім амфітэатры.

Самым малодшым і адначасова самым таленавітым быў прызнаны Захар Радзіон, які пакарыў журы і ўсе дэлегацыі сваімі цудоўнымі працамі і абаяльнасцю. Ён атрымаў галоўны прыз Пастаяннага Камітэта.

І яшчэ адзін момант. Працавалі не толькі дзеці, але і іх выкладчыкі. Адна з работ, якую выканала аўтар гэтых радкоў, была выбрана для фінальнага акорда пленэра. Паводле сцэнарыя апошні штрых на ёй павінны былі паставіць афіцыйныя асобы форуму. І тут атрымаўся (незапланаваны) імправізаваны і вясёлы майстар-клас працы мастыхінам. Цудоўны інструмент з Шашкоў пабываў у руках Івана Бамбізы, Барыса Святлова, Віталія Івашнева і Аляксандра Ацясава. А карціна атрымала прапіску ў Маскве.

Яркім імгненнем завяршэння стала дзейства, калі юныя мастакі выпускалі ў неба белых галубоў, задумваючы пры гэтым запаветныя жаданні. Нашы хлапчукі таксама загадалі. Няхай іх мары збудуцца!

Святлана КАЛКОЎСКАЯ, кіраўнік народнай студыі “Раніца” Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў

На здымках: апошні штрых мастыхінам намесніка сакратара Саюзнай дзяржавы Івана Бамбізы; Захар Радзіон – уладальнік галоўнага прыза; удзельнікі плэнеру на выставе дзіцячага малюнка.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *