Прэзідэнт падзякаваў стаўбцоўскім медыкам

Афіцыйна Главное Медыцына

Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка наведаў УАЗ “Стаўбцоўская ЦРБ”. Галоўная мэта візіту – даведацца, як ажыцяўляецца аказанне медыцынскай дапамогі хворым на COVID-19 на ўзроўні раённай бальніцы.

Прэзідэнт пачаў знаёмства з наведвання інфекцыйнага шпіталя, аддзялення фізіятэрапіі і рэабілітацыі, клініка-дыягнастыстычнай лабараторыі, стаматалагічнага аддзялення. У шпіталі Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з пацыентамі.

Пасля адбылася сустрэча з калектывам, на якой медыцынскія работнікі задалі пытанні адносна развіцця сферы аховы здароўя і не толькі.

У размове Прэзідэнт падтрымаў ініцыятыву стварэння на базе Стаўбцоўскай ЦРБ міжраённай бальніцы па аказанні траўматалагічнай дапамогі (тлумачэнне гэтаму — блізкае знаходжанне ад Стоўбцаў хуткаснай аўтамагістралі М1).

Галоўнае – Прэзідэнт падзякаваў медыкам за іх працу ў нялёгкіх умовах па выратаванні пацыентаў.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, у рэспубліцы абстаноўка з ззахваральнасцю на COVID-19 складаная, але яна пад кантролем. У гэтым ён пераканаўся на прыкладзе стаўбцоўскай бальніцы. У апошнія тры дні зафіксаваны выхад на так званае плато – за суткі паступае не больш за 12 хворых (раней было 20). Такая тэндэнцыя захоўваецца і ў іншых раёнах.

Што датычыць развіцця сферы аховы здароўя ў невялікіх раённых цэнтрах, то Прэзідэнт адзначыў:

— Мы вельмі шмат зрабілі за гэтыя гады і, галоўнае, — выбудавалі сістэму аховы здароўя. У нас ёсць магутныя навукова-практычныя цэнтры, якія аказваюць дапамогу па розных накірунках: анкалогія, кардыялогія, хірургія, транспланталогія і інш. Важнымі звеннямі аказання медыцынскай дапамогі з’яўляюцца абласныя бальніцы. Вялікая ўвага надаецца раённым бальніцам, і ў наступнай пяцігодцы мы ўсе іх давядзем да толку. На базе раённых бальніц плануем ствараць апорныя міжраённыя бальніцы, куды можна будзе аператыўна дастаўляць хворых. Гэта будзе высокатэхналагічная дапамога на месцах. Сярод галоўных дзяржаўных задач – падрыхтоўка ўрачоў.

Чым адметная стаўбцоўская бальніца

У апошнія гады стаўбцоўская бальніца мадэрнізавана і, дзякуючы намаганням медыкаў, стала лепшай бальніцай у рэспубліцы.

Праведзена рэканструкцыя хірургічнага корпуса з адкрыццём прыёмнага аддзялення, у якім функцыянальна размежаваны пацыенты па зонах, бягучыя рамонты стацыянарных аддзяленняў, харчблока, Коласаўскай і Цясноўскай амбулаторый, Слабадскога ФАПа і інш. Адкрыта бальніца сястрынскага догляду на 35 ложкаў.

Стаўбцоўская ЦРБ перайшла на рэжым работы па прынцыпу ўрача агульнай практыкі. Укаранёны электронны рэцэпт і электронная медыцынская карта. Арганізавана работа мабільных груп з выездам на прадпррыемствы раёна ў складзе: урача-кардыёлага, урача-анколага, псіхолага і інш. Рэалізуюцца

скрынінгавыя праграмы па папярэджанні рака малочнай залозы, каларэктальнага рака, рака прадсталёвай залозы.

Пачаў работу перасоўны медыцынскі комплекс для аказання першаснай медыцынскай дапамогі сельскаму насельніцтву ў аддаленых населеных пунктах раёна.

У бальніцы працуе 130 урачоў, 327 работнікаў з ліку сярэдняга медыцынскага персаналу (укамплектаванасць складае 84 і 91,9 працэнта адпаведна).

Для вырашэння жыллёвагы пытання медыцынскіх работнікаў створаны з ліку жадаючых жыллёва-будаўнічы кааператыў на 60 кватэр.

Чаго чакаць ад Усебеларускага народнага сходу

Работнікі стаўбцоўскай бальніцы пацікавіліся ў Прэзідэнта, чаго чакаць беларусам ад Усебеларускага народнага сходу.

— Усебеларускі народны сход неабходна зрабіць канстытуцыйным органам, органам народнага прадстаўніцтва, які б кантраляваў галоўныя напрамкі развіцця краіны, у прыватнасці, суверэнітэт і незалежнасць, — выказаў свой пункт гледжання Аляксандр Лукашэнка. – Я прапаную, каб дэлегаты гэтага сходу выбіраліся на пяць гадоў, і гэта было запісана ў Канстытуцыі, каб сход збіраўся не радзей аднаго разу ў год. Неабходна ўзнімаць статус дэлегатаў сходу – прадстаўнікоў народу, працоўных калектываў. Яны будуць працаваць на грамадскіх пачатках. У цэлым нам неабходна вырашаць пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку, палітычныя пытанні. Іх у комплексе мы сфармуліруем пасля ражджэственскіх святаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *