«Калі пацыент прыйшоў без маскі, выдаём яму яе, каб нікога не падвяргаць рызыцы», – гаворыць пра работу стаматалагічнага аддзялення УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» у цяперашніх эпідэміялагічных умовах яго загадчык Эдвард Станкевіч.
Стаўбцоўскія стаматолагі, нягледзячы на каранавірусную хвалю, працягваюць аказваць усе віды стаматалагічнай дапамогі, у тым ліку і на платнай аснове. Сувязь з пацыентамі дадаткова наладжана па тэлефоне, праз інтэрнэт. Спецыялісты аддзялення – тэрапеўты, хірургі, артадонт – працуюць у дзве змены.
– Выдзелены талоны для пацыентаў, якія маюць патрэбу ў экстраннай дапамозе. Акрамя таго, доктар дзяжурыць па суботах з 9 да 15 гадзін. Пры неабходнасці экстранная дапамога можа быць аказана і непасрэдна дома, у тым ліку ў начны час, – заўважае Эдвард Міхайлавіч.
Для прыёму пацыентаў з тэмпературай і іншымі прыкметамі рэспіраторнай інфекцыі арганізаваны асобны стаматалагічны кабінет. Уваход у яго – з вуліцы. Пра гэта нагадваюць указальнікі побач з паліклінікай.
Абслугоўванне пацыентаў у так званай чырвонай зоне ажыццяўляе зменны доктар, экіпіраваны ў супрацьэпідэмічны касцюм, абаронены сродкамі індывідуальнай аховы, і да яго звяртаюцца, як правіла, з вострым зубным болем.
«Дзякуючы мерам прафілактыкі і бяспекі нам самім удаецца не хварэць і захоўваць працаздольны калектыў. Так было ў першую хвалю каранавірусу, так і цяпер», – зазначае Эдвард Станкевіч.
Невыпадкова, што антысептыкі для апрацоўкі рук паўсюдна ў аддзяленні на відным месцы, а маску, як ужо гаварылася вышэй, гатовы выдаць пацыенту.
– Эдвард Міхайлавіч, у вас зменшылася колькасць пацыентаў у сувязі з хваляй каранавірусу?
– Пацыентаў звяртаецца прыкладна столькі ж. Нязначнае змяншэнне звязана не з тым, што людзі баяцца звяртацца, а з тым, што некаторыя хварэюць ці, напрыклад, знаходзяцца на самаізаляцыі, не выходзяць нікуды з дому.
– Раней у платны кабінет быў запіс на некалькі месяцаў наперад. Як цяпер выглядае сітуацыя?
– Таксама ёсць папярэдні запіс, і ён звязаны ў першую чаргу з тым, што кожны плануе трапіць на прыём да доктара ў зручны для сябе час, разлічвае свае фінансавыя магчымасці і г. д.
– Цяжка працаваць у такім напружаным графіку ды яшчэ ў супрацькавіднай экіпіроўцы? Касцюмы, маскі, пальчаткі, на кожным кроку – павышаная пільнасць?
– Мы адаптаваліся да такой экіпіроўкі. Для нас гэта ўжо звычная справа, як, да прыкладу, чысціць зубы. Увогуле ў стаматалагічным аддзяленні працуе дружная і моцная каманда.
Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара